У БСДП (Грамада) зьявілася фракцыя

Частка сябраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) правялі 1 чэрвеня ўстаноўчую канфэрэнцыю фракцыі “За ўнутрыпартыйную дэмакратыю.”

Свае дзеяньні ініцыятары патлумачылі ў спэцыяльнай заяве. У ёй прынамсі адзначаецца:

“Нас не задавальняе стыль і мэтады сёньняшняга кіраўніцтва БСДП, якія дэманструюць некаторыя сябры Прэзыдыюма на чале з выканаўцам абавязкаў старшыні партыі А. Ляўковічам. Стварэньне фракцыі – гэта найперш наш маральны выбар. Выбар дзеля барацьбы за вызваленьне Аляксандра Казуліна і ўсіх палітычных вязняў. Нас непакоіць нежаданьне кіраўніцтва партыі рэальна арганізаваць барацьбу за вызваленьне старшыні партыі А. Казуліна, спробы за імітацыяй гэтай барацьбы схаваць намаганьні па адхіленьні яго ад удзелу ў справах партыі і падмяніць партыйнага кіраўніка сурагатнымі асобамі з пэрспэктывай пераўтварэньня маральнага лідэра нацыі толькі ў сымбалічную фігуру, няздольную ўплываць на партыйныя падзеі і ўнутрыпалітычныя працэсы ў краіне”.