Сёньня пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч – 60 гадоў.
Назвы яе кніг сталі своеасаблівымі прыкметамі часу – “У вайны не жаночы твар”, “Апошнія сьведкі”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Зачараваныя сьмерцю”, “Чарнобыльская малітва”…
У Нямеччыне, Францыі, Японіі яна лічыцца адным з найбольш выдаваемых замежных аўтараў. Тры гады таму Сьвятлана Алексіевіч атрымала галоўную літаратурную прэмію ЗША.
На наступным тыдні яна – грамадзкі рэдактар нашага радыё. Штодня спадарыня Алексіевіч будзе дзяліцца думкамі і назіраньнямі пра тое, што адбываецца з намі зараз, а на пятніцу яна даручыла журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму “Чым жыве чалавек у сёньняшнім сьвеце”.
Напярэдадні юбілею са Сьвятланай Алексіевіч гутарыў журналіст Аляксандар Уліцёнак.
Сьвятлана Алексіевіч: “Апошнія 30 гадоў я пішу хроніку “чырвонай цывілізацыі”. Дасьледую “чырвонага чалавека”. Як з адной гэтай вялізнай імпэрыі атрымалася многа розных краінаў, у якіх пачынаецца свая гісторыя. але паўсюль усё яшчэ жыве гэты чалавек. У каго ён ператвараецца? Як? То бок вывучаю, аналізую 100 гадоў руска-савецкай гісторыі”.
Уліцёнак: “Наступнае тады пытаньне – пра вялікую савецкую утопію, мітамі якой жыве той самы звычайны чалавек. Хто ў гэтай гісторыі вас найбольш уражвае?”
Алексіевіч: “Самае цікавае для мяне – сам чалавек. Тут, у Беларусі, час нібыта спыніўся, атрыбутаў сацыялізму захавалася, як нідзе. Дапусьцім, у форме сацыяльнага кантракту з насельніцтвам. Мне падаецца, каб тут была, як яе называюць – дыктатура ў чыстым выглядзе, то яна б так доўга не пратрымалася б. Атрымліваецца, яна мае апірышча. І абапіраецца менавіта на нешта ў чалавечай душы. Ці не таму працэнтаў 60-70 яна задавальняе? Вось з гэтым і цікава разабрацца”.
Уліцёнак: “І напрыканцы – пра каханьне. Скажыце, пра яго пісаць лягчэй, чымсьці пра вайну?”
Алексіевіч: “Пра вайну таксама вельмі складана… Ну а пра каханьне пішацца вельмі марудна. Наагул, усе кнігі займаюць у мяне шмат часу: гэта сотні людзей, таму мінімум сем-дзесяць гадоў ідзе на адзін твор.
Каханьне сёньняшняга ўзору, калі мы адкрыліся сьвету, калі ўвесь гэты непаўторны, вялізны досьвед стаўся нашаю часткай, нашмат больш ускладнілася. Бо, бачыце, іншымі становяцца людзі. І зь імі ўжо па-іншаму гаварыць трэба! Іх ужо цікавяць абсалютна іншыя рэчы… Тое адбіваецца літаральна на ўсім. Аднак асабліва – на каханьні.
З аднаго боку, зараз няма калі кахаць – трэба працаваць і выжываць, а жыцьцё высока падняла плянку. А з другога боку, чалавек ужо зразумеў: нічога ў сьвеце ня мае сэнсу, акрамя таго, якога мужчыну ці якую жанчыну ты знойдзеш…”