Палітыка затрымалі каля поўначы супрацоўнікі аддзелу міліцыі бабруйскага гарвыканкаму.
Жонка палітыка Данута паведаміла “Свабодзе”, што міліцыянты дзьве гадзіны не называлі ёй прычынаў затрыманьня мужа і наогул адмовіліся адказваць на яе пытаньні. А другой гадзіне ночы ёй усё ж сказалі, што муж зьняволены нібыта за дробнае хуліганства.
Паводле спадарыня Чыгір, мужа падчас затрыманьня моцна зьбілі. Праз вакно яна бачыла, як Алесь ляжаў у аддзеле міліцыі на падлозе непрытомны.
Учора ў Алеся Чыгіра быў дзень народзінаў. Ён, ягоная жонка і дачка Аліса позна ўвечары вярталіся ад сваякоў дадому таксоўкай.
“Каля дому я разьлічылася з таксістам. Алесь папрасіў у яго чэк. Таксіст пачаў сварыцца, чэк Алесю ня даў. Мы з дачкой выйшлі з таксоўкі. Тады таксіст рэзка крануўся зь месца й некуды зьехаў. Празь пяць хвілінай мне тэлефануе Алесь і кажа, што яго таксіст і міліцыянты зьбіваюць у раёне вакзала”.
У аддзеле міліцыі Данута Чыгір напісала скаргі на імя начальніка бабруйскай міліцыі і ў пракуратуру.
Алесь Чыгір, настаўнік паводле адукацыі, быў звольнены з працы за ўдзел у выбарчым штабе Аляксандра Мілінкевіча. Пратэстуючы супраць звальненьня, ён прыкоўваў сябе да слупа насупраць будынку бабруйскага гарвыканкаму.
Данута Чыгір паведаміла, што сёньня пасьля дзевяці гадзінаў раніцы мужа будуць судзіць.