У сьвеце працягваецца рост цэнаў на нафту. Як гэта адаб'ецца на беларускай эканоміцы?
Кошт бэнзыну ў Беларусі большы, чым у Расеі, але меншы, чым у Польшчы. На беларускіх аўтазапраўках цэны не мяняюцца. Але ці паднімуцца яны бліжэйшым часам? У аддзеле цэнаўтварэньня канцэрна “Белнафтахім” сказалі, што “пакуль нічога не рыхтуецца”.
Прадстаўніца плянава-эканамічнага аддзелу прадпрыемства “Беларуснафта-Аўтазапраўка” Вольга Кліменка сказала, што цэны на бэнзін падымаліся ў сярэдзіне сьнежня мінулага году, прыкладна на 4%. Яна мяркуе, што цэны на бэнзін у Беларусі ня будуць вышэйшыя, чым у Расеі ці Польшчы.
“Пакуль што ў нас у Польшчу вывозяць бэнзін і дызэльнае паліва, бо ў нас яны таньнейшыя. На памежных запраўках іх проста не пасьпяваюць завозіць”.
На запраўках расейскай кампаніі “Лукойл” у Беларусі таксама зацішак.
Прадстаўнік прэс-службы кампаніі “Лукойл” сказаў:
“Цяпер ва ўсіх краінах Эўропы ідзе падвышэньне цэнаў на бэнзін і на дызпаліва. І ўсе страйкуюць. І ў Англіі, і ў Баўгарыі, Інданэзія на 35% падняла кошты на маторнае паліва, хоць сама — краіна-вытворца нафты. Гэта найперш зьвязана з ростам сусьветных цэнаў на нафту”.
Чым жа можна патлумачыць сытуацыю ў Беларусі?
“Ёсьць краіны, дзе бэнзін таньнейшы за нафту. Гэта парадокс, але гэта так. Усё вельмі проста: дзяржава не абкладае падаткам вытворчасьць бэнзіну, а субсыдуе гэтую вытворчасьць з кішэні дзяржаўнага бюджэту”.
Паводле эканамічнага аглядальніка газэты “Беларусы і рынак” Тацяна Манёнак, кампаніі, якія прадаюць нафтапрадукты на ўнутраным рынку Беларусі, нясуць вялікія страты, бо прадаюць іх з адмоўнай рэнтабэльнасьцю. Але гэтыя ж кампаніі экспартуюць каля 80% нафтапрадуктаў.
“Вось гэтай маржы дастаткова, каб пакрыць страты на ўнутраным рынку. Гэтая праблема абвастрылася таму, што цяпер была пасяўная і ўсе чакалі, што ўрад прыме такое рашэньне аб падвышэньні кошту, бо ў гэты час падвышаецца попыт на бэнзін, дызпаліва, мазут на ўнутраным рынку. І, вядома, страты ў кампаній растуць. І таму яны аргумэнтавана лабіявалі, і канцэрн “Белнафтахім” падтрымлівае іх у гэтым сэнсе, што трэба было б падвысіць кошты. Па неафіцыйных зьвестках, былі нават прапановы падвысіць на 30%”.
Паводле Тацяны Манёнак, хутчэй за ўсё ўрад будзе імкнуцца захаваць плянаваны паказчык па інфляцыі і таму — стрымліваць кошты ўсімі магчымымі спосабамі.
Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук прагназуе, што цэны на бэнзін у Беларусі павысяцца на 15—20%, бо Беларусь купляе нафту ў Расеі.
“Я думаю, што ўлада не стрымаецца і павінна будзе павысіць цэны на паліва. І будзе даражэць да таго ўзроўню, пакуль не зраўняецца з той цаной, якую маюць нашы суседзі з захаду, а не з усходу”.