Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Гордан Браўн заклікае зрабіць пытаньне росту цэн на паліва галоўным на сустрэчы “Вялікай васьмёркі”. Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі прапануе зьнізіць падаткі на паліва. Па ўсёй Эўропе коціцца хваля акцый пратэсту кіроўцаў і рыбакоў супраць падвышэньня цэн на паліва
“Сьвет перажывае трэці буйны паліўны шок за апошнія дзесяцігодзьдзі” – адзначае кіраўнік брытанскага ўраду ў інтэрвію Guardian. Ён прапануе, каб тэма імклівага росту цэнаў на энэрганосьбіты стала галоўнай на саміце “Вялікай васьмёркі”, які пройдзе ў Японіі напачатку ліпеня. Паводле Гордана Браўна без міжнароднага супрацоўніцтва цяжка супрацьстаяць гэтаму шоку. Брытанкі прэм’ер мяркуе, што форма адказу, які будзе дадзены на выклік усясьветных паліўных цэн, вызначыць характар нашай эпохі.
Гэты камэнтар Гордана Браўна зьявіўся на наступны дзень пасьля таго, як кіроўцы грузавікоў , пратэстуючы супраць падвышэньня цэн на дызпаліва, заблякавалі вуліцы і шашы на захадзе Лёндана. Такая акцыя блякады дарог адбылася ў ва Ўэльсе.
У той жа час францускія рыбакі блякавалі парты на Ла-Маншы. На поўдні Францыі ў Тулузе 300 фэрмэраў блякавалі паліўныя тэрміналы. На тле гэтай хвалі пратэстаў прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі паабяцаў зьнізіць падатак на даданую вартасьць на паліва, каб кампэнсаваць рост цаны сырой нафты. Падаткі сапраўды складаюць ільвіную долю цаны паліва, найбольш вялікая ў Эўразьвязе гэтая доля ў Вялікай Брытаніі, дзьве траціны цаны бэнзіну ў Брытаніі – гэта падаткі.
Адпаведна і цана на паліва ў Вялікай Брытаніі – адна з самых высокіх у Эўропе, літар дызпаліва каштуе 130 пэнсаў, гэта больш за 2 з паловай даляры.
Сьвет перажывае трэці буйны паліўны шок за апошнія дзесяцігодзьдзі
У наступны панядзелак ва Франкфурце адбудзецца нарада міністраў фінансаў краін зоны Эўра са старшынём Цэнтральнага банку Эўропы Жан-Клодам Трышэ для абмеркаваньня, якім павінен быць эўрапейскі адказ на рост паліўных цэн.
А тым часам акцыі пратэсту ахопліваюць усё новыя краіны Эўропы. Баўгарскія кіроўцы грузавікоў і аўтобусаў у сераду зьехаліся на шматлюдную дэманстрацыю ў прымесьцях Сафіі , а таксама ў партовым горадзе Варна.
На сёньня заплянаваная акцыя пратэсту галяндзкіх кіроўцаў грузавікоў, заўтра выступяць італьянскія рыбакі на Адрыятыцы, ў Мадрыдзе будуць пратэставаць іх гішпанскія калегі, напрыканцы тыдня да іх далучацца рыбакі Грэцыі і Партугаліі.