“Бэнзін ня можа быць таньней за нафту”

Расейская нафтавая кампанія “Лукойл” мае свае запраўкі ў Беларусі, а таксама ў суседніх Украіне і Расеі. Аднак у адрозьненьне ад іншых краінаў, цэньнікі ў Беларусі застаюцца ранейшымі. Сама кампанія падвысіць кошты ня можа без указаньня дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”. Чаму сытуацыя розная?


Прадстаўнік прэс-службы кампаніі “Лукойл” сказаў:

“Цяпер ва ўсіх краінах Эўропы ідзе падвышэньне цэнаў на бэнзін і на дызпаліва. І ўсе страйкуюць. І ў Англіі, і ў Баўгарыі, Інданэзія на 35% падняла кошты на маторнае паліва, хаця сама краіна-вытворца нафты. Гэта найперш зьвязана з ростам сусьветных цэнаў на нафту.

Але ёсьць краіны, якія неяк з гэтым змагаюцца. У Вэнэсуэле вельмі танны бэнзін і ўсе там езьдзяць на вялізных амэрыканскіх машынах. І ў Іране вельмі танныя цэны на бэнзін. Закрытыя краіны”.

На пытаньне, чаму ў Беларусі цэны не мяняюцца, прадстаўнік прэс-службы сказаў, што бэнзін ня можа быць таньней за нафту.

“Ёсьць краны, дзе бэнзін таньней за нафту. Гэта парадокс, але гэта так.Усё вельмі проста: дзяржава не абкладае падаткам вытворчасьць бэнзіну, а субсыдуе гэтую вытворчасьць з кішэні дзяржаўнага бюджэту”.