У Жэнэве адкрылася 97-я сэсія Міжнароднай канфэрэнцыі працы. На наступным тыдні камітэт па нормах і стандартам МАП будзе абмяркоўваць беларускае пытаньне
Якое рашэньне могуць прыняць у справе Беларусі міжнародныя прафсаюзныя дзеячы? Ці робіць што-небудзь беларускі ўрад, каб выканаць рэкамэндацыі МАП? На гэтыя пытаньні адказвае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.
Цыганкоў: “У якім аспэкце будзе абмяркоўвацца беларускае пытаньне? Якія рашэньні могуць быць прынятыя, сыходзячы з усёй лёгікі разьвіцьця адносінаў Беларусі і МАП?”
Ярашук: “Аспэкт можа быць адзін, і гэта мае непасрэдную сувязь з тым, што беларускі ўрад не выконвае рэкамэндацый МАП. Сёмы год запар разглядаецца беларуская пытаньне, пяць разоў у краіну ўносілі ў “спэцпараграф”, адзін раз стваралі камісію па расьсьледаваньні. Калі мець на ўвазе, што за апошні год ніякіх істотных зрухаў не адбылося – можна прагназаваць што размова будзе вельмі жорсткай. Хутчэй за ўсё, размова будзе весьціся пра чарговы, ужо шосты, “спэцпараграф” для нашай краіны.
Цыганкоў: “Патлумачце, што гэта значыць? Ці гэта азначае, што будзе зноў працягнута пазбаўленьне Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў, якое было прынята Эўразьвязам год таму?”
Ярашук: “Менавіта так. Бо Эўразьвяз у такіх рашэньнях арыентуецца выключна на ацэнку экспэртаў МАП. І вядома, у Зьвязу няма пакуль ніякіх падставаў, каб гэтае рашэньне пераглядаць.”
Цыганкоў: “Ці азначае гэта, што за мінулы год беларускія ўлады нічога не зрабілі, каб выканаць рэкамэндацыі МАП, а менавіта, каб палепшыць становішча незалежных прафсаюзаў у краіне?”
Ярашук: “Я не магу гаварыць пра тое, што ўрад увогуле махнуў рукой на лёс прэфэрэнцыяў – такая выснова была б цалкам памылковай. Іх вельмі непакоіць гэтае пытаньне. Бо размова ідзе ня проста пра прамыя страты (якія, дарэчы, досыць невялікія, хаця і сёньня дакладная лічба невядомая). Куды больш пагрозьлівыя страты ўскосныя – якія ўзьнікаюць у сувязі з тым, што ў краіну ня прыйдуць інвэстыцыі і ня будуць рэалізаваныя тыя ці іншыя праекты. А гэтыя ўскосныя страты могуць дасягаць дзясяткі і сотні мільёнаў эўра.
Адна характэрная дэталь – улады так і не прынялі Закон аб прафсаюзаў, які быў абвешчаны, і ў адпаведнасьці з Указам прэзыдэнта, мусіў быць прыняты яшчэ вясной мінулага году. А гэты закон сур’ёзна пагаршае прававое становішча прафсаюзаў, ён вісеў над намі як дамоклаў меч. Цяпер го прыняцьце замарожвае. Гэта даказвае, што ўлады вельмі непакоіць эскаляцыя адносінаў з МАП і як вынік – з Эўразьвязам”.