У лес… па самагон

14 тон брагі, 450 літраў самагону, 36 мяхоў мукі. Такі «ўлоў» супрацоўнікаў Дзяржаўнай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету ў Іжскім лясьніцтве Вілейскага раёну.

Лясны гарэлачны завод быў арганізаваны трыма жыхарамі Радашковічаў, паведамляе Інтэрфакс. Адкідамі самагонаварэньня забруджаныя 22 соткі лесу.

Лясную вытворчасьць гарэлкі разбурылі, а ў дачыненьні да яе арганізатараў склалі адміністратыўныя пратаколы. Іх могуць прыцягнуць і да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу «Забруджваньне лесу». У такім выпадку ім будзе пагражаць пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі.