Азарычы: “Такія, як ты, не павінны пэцкаць шэрагі нашай партыі”


Каб зразумець карціну жыцьця якога-небудзь мястэчка, часам дастаткова пагаварыць на вуліцы зь першым сустрэчным чалавекам. Штопраўда, у пасёлку гарадзкога тыпу Азарычы людзі на вуліцах — зьява рэдкая. Нават п’яніцы амаль не трапляюцца. У зарослым сквэры, каля помніка Леніну, пафарбаванага срэбнай фарбаю, на маё асьцярожнае пытаньне “Як жывуць Азарычы?” кабета гадоў 50-ці выдала ўсё, што набалела.

Кабета: “Як жывуць Азарычы? Нам бы, канечне, хацелася, каб наш гарадзкі пасёлак цалкам адпавядаў сваёй назьве гарадзкога пасёлка. А як вы бачыце, тут патрабуецца вельмі шмат, каб асучасьніць яго. Надзеі на тое, што з гэтага году будуць будаваць аграгарадок. Таму, магчыма, нешта зьменіцца, я маю на ўвазе зьнешні выгляд пасёлка”.

Карэспандэнт: “А людзі дзе ў асноўным працуюць?”

Кабета: “Вось у гэтым уся праблема”.

Карэспандэнт: “Няма дзе працаваць?”

Кабета: “Канечне. У нас няма ніякай вытворчасьці. А ўсё, што было, усё закрываецца. Людзі абураюцца. Быў лясгас, яго закрылі. Была свая хлебапякарня, яе закрылі. Усё закрываюць. Была аўтастанцыя, закрылі. Нават самае элемэнтарнае — запраўкі. Сёньня ўсе на машынах. Запраўку ўжо тры ці чатыры гады абяцаюць. Толькі абяцаюць. У нас засталіся толькі бальніца ды школа. Усё. Больш нічога няма. А столькі было!”

Сапраўды, Азарычы не выглядаюць квітучым паселішчам. Цікавасьць выклікае старажытная, ад 16 стагодзьдзя, пляніроўка вуліцаў і грунтоўныя дарэвалюцыйныя будынкі колішняга клясычнага беларускага мястэчка. Былыя аптэкі, крамкі, жылыя дамы. Некаторыя пабудовы 19 стагодзьдзя з часоў акупацыі так і стаяць страшнымі руінамі, як у Сталінградзе.






Тугу наганяе відовішча гарадзкога стадыёну, які больш нагадвае выган.






Але будынкі бальніцы і школы падтрымліваюцца ва ўзорным парадку. Урач Азарыцкай бальніцы Аляксей пераехаў у Беларусь гадоў дваццаць таму з Украіны. Тады, калі ў Азарычах зьявіліся першыя перасяленцы з Чарнобыльскай зоны.






Карэспандэнт: “Скажыце, калі ласка. Хворы, які захварэў у сталіцы, і чалавек, які захварэў у Азарычах... Наколькі вялікая розьніца?..”

Аляксей: “Вельмі вялікая. Адносіны ўрачоў і пацыентаў тут больш давяральныя і больш чалавечныя. Бо мы знаем усіх, яны знаюць мяне. А мінус, канечне, недахоп абсьледаваньня. У вясковай мясцовасьці абсьледаваць пацыента, вядома, складаней. Ну што? У Азарычах адзін рэнтген. Больш нічога няма”.

Карэспандэнт: “А ці ёсьць у вашай мясцовасьці спэцыфічныя хваробы, зьвязаныя з Чарнобылем?”

Аляксей: “Тых перасяленцаў, якіх ухапілі ў першыя некалькі дзён і вывезьлі, у іх няма такіх захворваньняў, як рак. Ён ёсьць, як і ва ўсіх ёсьць. Але ня так масава, як у тых, каго адсялілі ў 91-м. У іх амаль ува ўсіх, хто б ні паміраў, анкалёгія”.

У Азарычах, акрамя гімназіі, знаходзіцца школа-інтэрнат для дзяцей з абмежаванымі магчымасьцямі. Асноўны прадмет тут — не замежная мова і ня фізыка, а праца. Настаўнік працы Валерый Верас з болем распавядае пра невясёлыя пэрспэктывы школы-інтэрната.






Валерый: “Сёньня закон ёсьць. Гэтыя школы павінны быць рэфармаваныя. Закон выдалі, але дзяржава не падумала — куды падзець дзяцей. Сёньня адносіны чалавека да дзяцей зь недахопамі разьвіцьця — дэбіл, дурак. Уцёкі, крадзяжы — гэта біч, які апанаваў нашу спэцшколу. Далей мы выпускаем іх у людзі. Каму? Нават у Савецкім Саюзе яны былі абароненыя дзяржавай. Браніравалі месцы для іх. Сёньня ніякіх месцаў няма. Яны нікому не патрэбныя. Праблема — куды падзець дзіця на канікулы? Сёньня гэтыя дзеці нікому не патрэбныя”.






Я прагуляўся па школе-інтэрнаце. Прыемна ўразілі карціны дзяцей. Пэйзажы і партрэты бацькоў былі зроблены з фантазіяй і любоўю. У калідорах шмат зеляніны і кветак. Пакоі для жыцьця нагадвалі ўтульныя гатэльныя нумары. Дырэктар школы-інтэрнату Натальля Леанідаўна лічыць, што яе гадаванцы ня столькі адсталыя ў разьвіцьці, колькі запушчаныя ў выхаваньні бацькамі-п’яніцамі.






Натальля: “Нават пры іх асаблівасьцях ёсьць дзеці, якія на ўзроўні сваім могуць у жыцьці чагосьці дабівацца. Вось хлопчыка мы сустрэлі, бачылі? Дзіма ішоў. Ён паступіў у Мазырскае вучылішча, тынкоўшчык, муляр. Прыходзіць і кажа: “Дзякуй, што мяне накіравалі ў вучылішча, што я скончыў”. Ён сёньня атрымлівае добрую заработную плату. Яго цэняць на працы. У вучылішчах ёсьць спэцгрупы для нашых дзяцей. Вось у гэтым годзе мы сем чалавек накіроўваем. Як іх там прымуць? Для нашых дзяцей важна, каб ім добрыя людзі сустрэліся на шляху. Хто хоча зь дзяцей дабіцца, то магчымасьць ёсьць. Будаўнікі, сельгасработы. Гэта ўсё можна. А нехта пачынае піць”.

У магчымасьці закрыцьця інтэрнату і вяртаньні дзяцей у сем’і спадарыня Натальля таксама ня бачыць трагедыі.

Натальля: “Каб вы бачылі, як яны чакаюць восьмага сакавіка. Ёсьць мамы такія, што паглядзіш на яе і думаеш — канец. Праз тэлефон зь імі размаўляеш. Паедзеш — яны п’яныя. Яны ж, дзеці, гэтую маму так намалююць. Мая мама самая прыгожая, мая мама самая любімая. Там нічога ў сям’і няма, што ёсьць у школе, але яны ў сям’ю. Да таты і мамы. Якія ні ёсьць мама і тата, але гэта мама і тата. Можна зразумець дзяцей”.






Азарычы, заснаваныя яшчэ ў 16 стагодзьдзі, вядомыя сталі пасьля Другой сусьветнай вайны. У сакавіку 1944-га тут гітлераўцы стварылі лягер сьмерці, куды сагналі 50 тысяч чалавек з навакольных вёсак і нават са Смаленшчыны. Разьлік фашыстаў быў жорсткі і просты: перашкодзіць наступленьню Чырвонай Арміі з дапамогай інфэкцыйных захворваньняў. Дзеля таго і трымалі тысячы людзей пад адкрытым небам, бязь ежы і вады. За тыдзень існаваньня лягеру ў Азарычах ад нялюдзкіх умоваў загінулі 9000 чалавек. Антаніне Пігуль тады было 13 гадоў.






Антаніна: “Пятнаццатага сакавіка сорак чацьвёртага году патрапілі мы ў лягер. Даходзім да брамы. Хто што нёс на сабе, дакумэнты, фотаздымкі дзіцячыя мама несла, яны адбіраюць, і зьлева ад кашары гарэў вялікі агонь. Яны кідалі ў гэты агонь усё. А людзей там было! І мёртвыя там ляжалі. Колькі іх там было, хлусіць ня буду, ня ведаю. Я была чатыры дні і чатыры ночы. За гэты час, што мы там былі, знайшлі месца ўзвышанае, каб пад сасной сесьці. Мама ўжо хворая была.

Антаніна: “Ну, прывозілі хлеб, кідалі ў людзей. З машын ва ўсе бакі кідалі. Сьмяяліся моцна. На машынах стаялі і вось так кідалі на людзей. У натоўп. Людзі хапалі, а яны так сьмяяліся гучна. Ну, той хлеб, калі патрапіць вам у галаву, ён вам ня трэба, вы ўжо есьці яго ня будзеце. Такі цяжкі быў. Прама як драўлянае пілавіньне”.

Карэспандэнт: “Антаніна Яўменаўна, у вас ёсьць нянавісьць, няпрыязь, злаба на немцаў?”

Антаніна: “Мне здаецца, што яны невінаватыя. Там начальства, верх, хто там кіраваў, вінаваты. Што ім загадвалі, тое яны і выконвалі. Я на іх нічога. Яны не вінаватыя. Яны ж нас ня білі. Выконвалі законы. Я да іх нічога ня маю”.

Спадарыня Антаніна не аднойчы распавядала пра жахі акупацыі на шматлікіх уроках памяці ў школах. Але свае пасьляваенныя беды старая адкрыла толькі карэспандэнту “Свабоды”.

Антаніна: “Пастухоў Іван Паўлавіч. Першы сакратар райкома партыі. “А ў лягеры сьмерці ты была?” Я кажу: “Была”. Устае і кажа: “Такія, як ты, Антаніна Яўменаўна, не павінны пэцкаць шэрагі нашай партыі. Як здрадніца Радзімы”. Другім пунктам выносіць... Мне ж вучыцца не далі. Другім пунктам выносіць — асвабадзіць Пігуль Антаніну ад займанай пасады сакратара сельсавета, ад працы”.

Карэспандэнт: “Гэта ў якім было годзе?”

Антаніна: “У сорак дзявятым. Яно ў архіве ўсё ёсьць. Я не хлушу ні на адзін грам. Што я, як здрадніца Радзімы... Пятнаццаць гадоў мне было! І яны маглі тады, у сорак дзявятым, калі б да трэцяга пункту дайшлі. “Вывесьці яе на плошчу і расстраляць”. Яны б мяне вывелі і расстралялі”.






Заедзьце на месца Азарыцкага лягеру. Стваральнікам мэмарыялу хапіла густу не перабольшыць з бэтоннымі стэламі і чыгуннымі кратамі. Але хадзіць па гэтай траве трэба асьцярожна. Бо, як казала Антаніна Яўменаўна, тут паўсюль людзі.

Антаніна: “Вады не было. Ваду трэба было за дрот, туды далей, дзе мох, балота. Там вады на купінах. Некаторыя намагаліся, іх адразу разрывала на месцы. Пацягнуў, і міна разарвалася, забівала побач. Мой дзядуля там. Гальлё ляжала, дык ён намагаўся туды, цяпла шукаў, падлезе. Там і пахавалі яго. Па ім і ходзім. Таму што закапалі меленька. Не было чым. Рукамі выдзіралі. Сукамі з дрэва ямачку. Дык ён меленька. Там і ляжыць. Па ім і ходзім”.