Пра што пісалі беларускія газэты 29 траўня ў розныя гады мінулага.
“Беларускі шлях” на гэтым тыдні 1918 году друкуе такую аб’яву: “Сямі-языковы слоўнік (Нямецка-польска-расійска-беларуска-літоўска-латышска-жыдоўскі) выданы па загаду Глаунокамандуючаго на Усходзі. 720 страніц формы лексыкону. У аправе цана 20 марак, 20% надбаўкі с прычыны дарагоўлі. Праспэкты с пробнымі страніцамі — дарма у “Verlag fon Otto Spamer in Leipzig-Renanitz”.
“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1948 году паведамляе з Прагі: “Патаёмныя часапісы ў Празе пачалі выходзіць адразу па захопе ўлады камуністымі. Адна з гэткіх газэтаў завецца “Мы вернемся”. Газэты асабліва закідаюць ураду зьняволеньне свабоды друку. Аднойчы ўраньні паліцыянты сталіцы Чэхаславаччыны мусілі дабірацца да вершаліны помніка Яна Гуса, бо рот статуі Гуса быў завязаны хусткамі. На падножжы гэтага помніка, як ведама, высечаныя словы самога Гуса: — “Гавары толькі праўду!”...”
Са старонак “Навінаў” у 1998 годзе пісьменьнік Уладзімер Арлоў нагадвае: “З падручнікаў, мастацкай літаратуры і савецкага кіно мы ведаем пра Пятра І, здаецца, усё... Але калі сучасныя беларускія палітыкі называюць Пятра ў якасці ўлюбёнага гістарычнага персанажа і прыкладу для пераймання, то застаецца спадзявацца, што робіцца гэта не зусім абдумана... За Паўночную вайну трохмільённы беларускі народ скараціўся да дзевяцісот тысяч, прычым ад “саюзнікаў” Беларусь зазнала гора не меней, чым ад непрыяцеля, так бы мовіць, афіцыйнага. Але не здзіўляйцеся, калі ў Полацку экскурсавод з гонарам паведаміць вам, што “в нашем городе жил Петр І”.