Беларускія праваабаронцы камэнтуюць разьдзел справаздачы Amnesty International, прысьвечаны Беларусі.
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак зазначае, што ягоная арганізацыя цесна супрацоўнічае з Amnesty International, абменьваецца інфармацыяй.
“Безумоўна, Міжнародная Амністыя не рэтрансьлюе нашу думку. Гэта самастойная арганізацыя зь вялікімі традыцыямі і самастойнымі падыходамі. Але тое, што яны робяць, гэта ажыцьцяўляецца ў кантакце з нацыянальнымі арганізацыямі, у тым ліку з БХК”.
Паводле спадара Гулака, цяпер адна з найважнейшых мэтаў Міжнароднай Амністыі ў Беларусі — дамагчыся скасаваньня сьмяротнага пакараньня:
“У нас няма іншага шляху, як скасоўваць сьмяротнае пакараньне, бо гэта дзікунства ў цяперашнім сьвеце. Гэта не патрабуе нейкіх сур’ёзных зьменаў у сыстэме і не ўплывае наўпрост на палітыку беларускага кіраўніцтва”.
Алег Гулак не выключае, што скасаваньнем сьмяротнага пакараньня ці паляпшэньнем сытуацыі ў турмах беларускія ўлады будуць неяк таргавацца з Захадам. Беларускія ўлады так ці іначай будуць вымушаныя ўлічваць думку міжнароднай супольнасьці, — перакананы Алег Гулак.
Значная частка справаздачы, прысьвечаная захаваньню ў Беларусі свабоды сходаў і аб’яднаньняў, падае прыклады крымінальнага перасьледу актывістаў “Маладога фронту” паводле артыкула “ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі” — пры тым, што зарэгістраваць гэтую арганізацыю ўлады адмаўляюцца. Актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук летась быў асуджаны па гэтым артыкуле. Справаздачу “Міжнароднай Амністыі” па Беларусі Зьміцер Хведарук называе фактам міжнароднай салідарнасьці:
“Гэта важкі чыньнік, што сапраўды на нас не забыліся, яшчэ дбаюць недзе ў Эўропе і Амэрыцы. Што сапраўды мы не пакінутыя самі на сябе, што за гэтай сытуацыяй сочаць і нейкага моцнага гвалту супраць нас не дапусьцяць”.
Зьміцер Хведарук зазначае, што ягоная арганізацыя будзе працягваць спробы зарэгістравацца:
“Але ў краіне, дзе закон дыктуецца адным чалавекам ці групай асобаў, якія трактуюць яго пад сябе, немагчыма, калі ты супярэчыш іх правілам, дзейнічаць паводле закону”.
Ацэньваючы разьдзел справаздачы “Міжнароднай Амністыі”, прысьвечаны абмежаваньням рэлігійных грамадаў у Беларусі, актывіст ініцыятывы “За вольнае веравызнаньне” Якаў Басін нагадаў, што нядаўна цягам некалькіх месяцаў актывісты ініцыятывы сабралі 50 тысяч подпісаў за зьмены ў дыскрымінацыйны закон аб свабодзе веравызнаньня:
“Канстытуцыйны суд не прыняў іх да разгляду, прэзыдэнт таксама адмовіўся, Камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў увогуле лічыць, што закон нармальны і няма пра што нават гаварыць”.
Дыскрымінацыя рэлігійных меншасьцяў у Беларусі, пра якую піша ў справаздачы “Міжнародная Амністыя”, робіцца, паводле Якава Басіна, на карысьць праваслаўнай царквы, якую падтрымлівае дзяржава, і гэта стварае напружанасьць у краіне.
“Гэта на сёньня самае галоўнае. А ўсё астатняе — другаснае. І забароны зьбірацца вернікам, і прыпіска сьвятароў да нейкай зоны іх дзейнасьці. Калі, скажам, менскі сьвятар ня можа паехаць у Полацак”.
У цяперашніх беларускіх умовах нават несанкцыянаваная супольная малітва забароненая, падкрэсьлівае спадар Басін.
Былая старшыня закрытай уладамі Партыі жанчын “Надзея” Валянціна Палевікова, камэнтуючы разьдзел справаздачы пра гвалт супраць жанчын, згадала, што летась беларускі ўрад рабіў захады і ініцыятывы супраць гандлю жанчынамі:
“Але на самой справе гэта фікцыя, ніякіх зрухаў няма. Насамрэч ніхто з уладаў сур’ёзна не адчувае гэтую праблему. Яны думаюць, што ўсё можна зьмяніць дырэктывамі”.
Паводле спадарыні Палевіковай, у дэмакратычных дзяржавах шмат робіцца няўрадавымі арганізацыямі, партыямі, а ў Беларусі грамадзкім структурам не даюць разьвівацца.
У МЗС Беларусі разьдзел справаздачы Amnesty International па Беларусі пакуль не камэнтуюць.