Пра што пісалі беларускія газэты 28 траўня ў розныя гады мінулага.
“ЛіМ” у 1938 годзе на першай паласе піша: “Лікуе Савецкая Беларусь. Лікуе свабодны беларускі народ. Над прасторамі яго зямлі, нібы яснакрылы птах, абляцела жаданая вестка: таварыш Сталін і яго баявыя саратнікі, члены Палітбюро ЦК ВКП(б) таварышы Молатаў, Кагановіч, Варашылаў, Калінін, Андрэеў, Мікаян, Ежоў, Жданаў далі згоду балатыравацца ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР”.
“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1958 году зьмяшчае камэнтар да публікацыі ў “Чырвонай змене”: “Аўтары зацемкі “Ты плыві, вянок”... прапануюць у дачыненьні да нашага традыцыйнага Купальля больш як дзіўны выхад: спалучыць адзначэньне гэтага сьвята з “Днём савецкай моладзі”, нядаўна вызначаным партыяй на 29 чэрвеня. Што можа выйсьці з гэтага сваеасаблівага гібрыду — спалучэньня нацыянальнай традыцыі з бальшавіцкай прапагандай — навет уявіць сабе цяжка”.
“Вячэрні Мінск”, год 1968. Газэта інфармуе: “Здзіўляючыя змены, што адбываюцца ў вонкавым абліччы гораду, дапаможа прасачыць фотаальбом “Мінск”, які выпускае выдавецтва “Беларусь”. На фоне публікуемых у ім дарэвалюцыйных здымкаў мы на свае вочы бачым, як за гады Савецкай улады беларуская сталіца стала адным з прыгажэйшых гарадоў нашай Радзімы... Альбом ілюструецца цудоўнымі здымкамі Зянона Пазняка і суправаджаецца тэкстам пісьменніка Тараса Хадкевіча”.