Упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка ў Горадні заявіў, што рыхтуецца падпісаньне адмысловага пагадненьня — канкардату — з Ватыканам.
Яшчэ ў 1990-х дзяржава падпісала дакумэнты аб супрацоўніцтве зь Беларускай праваслаўнай царквой. У чым перавага дакумэнтальна пацьверджанага пагадненьня?
Што сабой уяўляе канкардат? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да прадстаўніка сакратарыяту Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксяндза Аляксандра Амяльчэні:
“Канкардат — гэта дакумэнт, які ў дадзеным выпадку рэгулюе адносіны Ватыкана і дзяржавы пад назвай Беларусь. Рэгулюе перш за ўсё пытаньні рэлігійныя, адносіны дзяржавы і Касьцёлу ў канкрэтнай краіне. Што тычыцца каталіцкага Касьцёлу на Беларусі, то ён адкрыты да падпісаньня канкардату. Герархі лічаць, што гэты дакумэнт патрэбны, што патрэбна вызначыць менавіта шляхі, якія маглі б дапамагчы разьвівацца Касьцёлу тут і нейкім чынам падкрэсьліць існаваньне і дзейнасьць Касьцёлу ў сфэры рэлігійнай, сацыяльнай”.
Карэспандэнт: “Леанід Гуляка казаў, што такіх пагадненьняў у сьвеце вельмі мала, таму, маўляў, і за прыклад штосьці ўзяць складана...”
“Сапраўды, гэта даволі ўнікальны дакумэнт. Іх ня так шмат у сьвеце. Але і ня так мала, я сказаў бы. Гэтыя дакумэнты падпісаныя з многімі кранамі сьвету, Эўропы. У прыватнасьці, з нашымі суседзямі: у Польшчы, напрыклад, у Літве існуе такі дакумэнт. Але, сапраўды, сытуацыя ў Беларусі ўнікальная, і таму гэты канкардат, калі ён будзе мець месца, сапраўды будзе такім унікальным дакумэнтам у тым сэнсе, што ён будзе закранаць такія рэчы, якія, магчыма, у іншых краінах папросту не існуюць”.
У Камітэце ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў не камэнтуюць, калі менавіта будзе падпісаны канкардат з Ватыканам. Вярнуўшыся з гарадзенскай камандзіроўкі, нейкія тэрміны мусіць агучыць сам Упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка.
Ня маюць наконт гэтага ніякай інфармацыі і ў сакратарыяце Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.
У Беларусі дамінантнай рэлігіяй лічыцца праваслаўе. Кіраўнікі краіны на вялікія рэлігійныя сьвяты наведваюць царкву, а ў 2006 годзе мітрапаліт Менскі і Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт уганараваны званьнем Героя Беларусі.
Ад канца 1990-х цэлы шэраг дзяржаўных установаў падпісалі ўласныя пагадненьні зь Беларускай праваслаўнай царквой. Гэта ня толькі структуры агульнай гуманітарнай скіраванасьці, але нават сілавыя ведамствы, сярод якіх МУС, Міністэрства абароны, памежны і мытны камітэты.
Упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка на выязной калегіі ў Горадні падкрэсьліў: дакумэнт, які мяркуецца падпісаць з Ватыканам, будзе яшчэ вышэйшага ўзроўню, чым зь Беларускай праваслаўнай царквой. Паколькі гэта будзе канкардат паміж Рэспублікай Беларусь і дзяржавай Ватыкан. Дакумэнтам, у прыватнасьці, будуць замацаваныя прававыя нормы стасункаў паміж дзяржавамі ў розных пытаньнях.