Ці здолеюць на нешта паўплываць апазыцыянэры ў ЦВК?

Цэнтарвыбаркам Беларусі мае намер прапанаваць прэзыдэнту падпісаць указ, які дае магчымасьць прадстаўнікам палітычных партыяў браць удзел у працы ЦВК з правам дарадчага голасу.

Пра гэта ў інтэрвію БелаПАН паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Няўжо ўлада мае намер дазволіць грамадзтву кантраляваць выбарчы працэс? Ці магчыма, што ў Палату Прадстаўнікоў будуць прапушчаныя апазыцыйныя палітыкі? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі

Цыганкоў: “Наколькі істотны гэты крок улады? Ці можна сказаць, што гэтае рашэньне хоць у нейкай ступені можа паўплываць на дэмакратычнасьць выбарчага працэсу ці гэта больш піярскі крок найперш дзеля замежнага “спажыўца”?

Класкоўскі: “Па-першае, ніякай сэнсацыі тут няма, бо гэта паўтор таго, што рабілася на парлямэнцкіх выбарах 2004 году. Тады быў прыняты Дэкрэт нумар 7 і ў склад ЦВК з правам дарадчага голасу былі ўключаныя прадстаўнікі апазыцыйных партыяў. Там былі Міхаіл Пліска, Уладзімер Нісьцюк, Алесь Бяляцкі. Яна рабілі нейкія свае заявы, але гэта быў той выпадак, як у вядомай байцы “А Васька слушает да ест”. Нішто тады не перашкодзіла чарговай элегантнай перамозе – нагадаю, што тады разам з выбарамі праходзіў і рэфэрэндум у пытаньні працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.

Так што, калі падсумаваць – безумоўна, гэтым разам зроблены крок таксама піяраўскі, іміджавы, разьлічаны найперш на замежжы, на АБСЭ, каб паказаць што ў нас тут усё прыстойна”.

Цыганкоў: “Ці можна меркаваць ужо зараз, які варыянт правядзеньня гэтых выбараў абярэ ўлада. Тут варта ўзгадаць словы Аляксандра Лукашэнкі з нядаўняга інтэрвію, што, маўляў, некалькі апазыцыянэраў у парлямэнце ні на што не паўплываюць.. Ці можна дапускаць, што ўлада можа прапусьціць некалькі апазыцыянэраў у склад Палаты прадстаўнікоў?”

Класкоўскі: “Вядома, гэты варыянт дапушчальны. Іншая справа, што ў любым выпадку склад Палаты будзе вызначацца зьверху. І калі выберуць некалькі чалавек з апазыцыйнага сьпісу, то гэта будуць ня самыя моцныя фігуры, і магчыма, такія асобы, якія потым “перакуюцца”, скажуць – вось, мы пабылі ў парлямэнце, паглядзелі і вырашылі перабудавацца на канструктыўны лад.

Але ў любым выпадку, калі апазыцыя ўдзельнічае ў выбарах, улада вымушаная будзе манэўраваць. І гэта адказ на дыскусію пра тое, байкатаваць ці не. Бо ўлада манэўруе ня вельмі ўпэўнена, гэта не яе стыхія, яна можа дапускаць пэўныя памылкі, і гэта падвышае шанцы апазыцыі. Калі ж байкот праводзіцца, то тады ўладзе нават нічога ня трэба імітаваць і манэўраваць”