"Працэс 14-ці": "Гэта новая форма хіміі" <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

27 траўня судзьдзя Валеры Есьман прысудзіў П.Вінаградава і М.Субача да двух гадоў абмежаваньня волі, непаўнагадовага М.Дашука да 1,5 году -- усіх без накіраваньня ў спэцкамэндатуры.

Асуджаныя па “справе 14-ці” Павал Вінаградаў, Максім Дашук, Тацяна Цішкевіч (асуджаная 23 красавіка) і Міхаіл Субач пасьля абвяшчэньня прысуду.

На ганку суду




Заява непаўнагадовага асуджанага Максіма Дашука пасьля абвяшчэньня прысуду была кароткай:

«Мяне ня вельмі зьдзівіў гэты прысуд, нагляд міліцыі мяне не палохае».




СМС-паведамленьне на адрас Радыё Свабода: " Субач, Вінаградаў, Дашук -- нашы "К.Каліноускія". Беларусы! Змагайцеся за свае правы, за справядлівасьць, за свабоду.
Аляксандар з Ушачаў
"

Тэлефон-аўтаадказьнік ў Менску 266-39-52, ён працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


Праваабароца Ігар Рынкевіч перакананы, што гэты працэс засьведчыў, што ў Беларусі працягваюцца палітычныя працэсы:

«У нас павялічылася колькасьць палітычна рэпрэсаваных і палітвязьняў. Таму што абмежаваньне волі – гэта вельмі жорсткая мера пакараньня: адзін крок і чалавек можа накіравацца на зону.

Зноў кінуты выклік беларускай дэмакратычнай супольнасьці і міжнароднаму грамадзтву. Цяпер патрэбная хваля салідарнасьці з гэтымі людзьмі. Бо гэта закладнікі перад парлямэнцкімі выбарамі, каб моладзь не выходзіла на вуліцы, каб потым ўлады маглі легітымізаваць вынікі выбарчай кампаніі».


Адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Алесь Макаеў перакананы, што ў Беларусі не захавалася незалежнага суду:

«Цалкам неверагодна было чакаць справялівага незалежнага суду, які адпавядае Канстытуцыі. Прысуды адбываюцца паводле званка зьверху.

Вельмі крыўдна за моладзь, якую ў любы момант могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Гэта маразм сёньняшняй сыстэмы».


Мікалай Статкевіч
назваў прысуды новай формай хіміі


Былы палітвязень перакананы, што ў Беларусі захоўваецца толькі фармальны бок правасудзьдзя, а ягоны сэнс цалкам зьнік:

«На мінулым працэсе частка падсудных атрымала штраф, а частка такую новую хімію без накіраваньня ў камэндатуры. І мы іх не залічылі ў палітвязьні.

Улада гэта ўлічыла: калі мы не будзем рэагаваць на такія прысуды, дзе чалавек прывязваецца да сваёй кватэры, то такая форма пакараньня будзе пашырацца».


Павал Вінаградаў заявіў "Свабодзе", што ён будзе працягваць барацьбу з рэжымам.

Вінаградаў:
"Гэты вырак нелягічны, але ён ня быў для мяне нечакансьцю. Я разьлічваў на штраф.

Але вырашылі мяне выключыць з працы. Але гэта ў іх не атрымаецца. Я буду працягваць барацьбу з рэжымам.

Давядзецца, зразумела, ўдзельнічаць акуратна ў розных акцыях, ці ўдзельнічаць толькі ў тых, дзе рызыка затрыманьня мінімальная".



Прысуд камэнтуе апазыцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык:


“Ніводнага аргумэнту супраць моладзі, якая выйшла падтрымаць прадпрымальнікаў, у часе судовых паседжаньняў не прагучала. Я глыбока абураны.

Я лічу, што мы павінныя патрабаваць, каб гэтыя ганебныя прысуды былі адмененыя. Каб міліцыя прынесла прабачэньні. Калісьці такі і будзе.

Але за правы трэба змагацца цяпер.

З усяго гэтага фарсу, які адбываўся два дні, самае цікавае было тое, як пераапраналіся .
Прынамсі аднаго са спэцназаўцаў я пабачыў у чатырох розных строях”.



Прысуд камэнтуе Міхаіл Субач:

"Прысуд быў для мяне нечаканым, бо зь лёгікі працэсу ён ніяк не вымалёўваўся. Сьведкі казалі на нашую карысьць.

Але, зь іншага боку, гэта такі самы прысуд, якія далі іншым удзельнікам гэтай справы. Абавязкова будзем аспрэчваць".

17.15. АМАП выштурхоўвае людзей з двара будынку Цэнтральнага суду Менску.

17.08 Судзьдзя агучыў прысуд: П.Вінаградаву і М.Субачу па два гады абмежаваньня волі, непаўнагадоваму М.Дашуку -- 1,5 гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуры.

17.05
Судзьдзя пачаў чытаць прысуд. Ён прызнаў падсудных вінаватымі. Пракурор запатрабаваў Паўлу Вінаградаву, Максіму Дашуку і Міхаілу Субачу па два гады абмежаваньня волі.

П. Вінаградаў: «Крымінальная справа выдуманая»

Падсудны Павал Вінаградаў камэнтуе хаду працэсу:

«Надзеі на апраўдальны прыгавор няма. Я спадзяюся на штраф. Доказы сабраныя абвінавачаньнем, не маюць рэальнай сілы, яны сабраныя з парушэньнямі, справа ўвогуле сшытая абы-як... Ёсьць такія моманты, калі мяне нават мітынгу няма, а ў пратаколах напісана, што я прысутнічаю і раблю нейкія групавыя дзеяньні. Працэс паказаў, што крымінальная справа выдуманая».

Калі судзьдзя пакарае двума гадамі абмежаваньня волі, як патрабуе пракурор, то гэта паўплывае на яго далейшую дзейнасьць, прызнаў спадар Вінаградаў:

«Аднак я сваю справу не пакіну, буду гэтак жа змагацца з рэжымам. Але буду знаходзіць іншыя, не такія адкрытыя формы».

М. Субач: «На апраўдальны прысуд не разьлічваю»

Падсудны Міхаіл Субач камэнтуе працэс:

«Я задаволены тым, што сьведкі ў часе працэсу пацьвердзілі, што ніякага ўрону мы ім не нанесьлі і яны не маюць да нас прэтэнзіяў. Нават супрацоўнікі ДАІ казалі, што нас ня бачылі... Я быў на папярэднім працэсе па гэтай справе, у мінулым месяцы, тады было нашмат больш хлусьні. Ды і ў судзьдзі цяпер быў даволі мяккі стыль вядзеньня працэсу, ён не злаваўся, не выганяў нікога з судовай залі.

На апраўдальны прысуд разьлічваць не даводзіцца, бо не для гэтага справу перадавалі ў суд. Але веру ў тое, што прысуд будзе мяккі».

В. Сіўчык: “Ніхто і не спрабуе агучыць юрыдычныя доказы”

Апазыцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык быў на працэсе 2 дні. Ягоны камэнтар:

“Асаблівасьць гэтага судовага працэсу ў тым, што гэтым разам ніхто нават і не спрабуе нейкія юрыдычныя доказы нават агучыць. Упершыню бачыў такую анэкдатычную сытуацыю, калі пракурор агульна, на ўсіх запатрабаваў па два гады зьняволеньня без турмы. Гэта значыць, што людзей проста “падвесяць”. Абарона вельмі дэталёва растлумачыла, што ўсіх трэба апраўдаць. Для ўсіх усё зразумела, паглядзім, які будзе вырак. Але мне падаецца, што судзьдзя ведаў вырак пакуль яшчэ выходзіў з залі”.


11. 35
Судзьдзя Валерый Есьман абвесьціў перапынак прыблізна да 17-ці гадзін і пайшоў пісаць прыгавор.

11.30 Абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. Міхаіл Субач заявіў, што ён зьяўляецца законапаслухмяным грамадзянінам, што як прадпрымальнік ён заплаціў за мінулы год 3 мільёны рублёў падаткаў. А 10 студзеня прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу з жонкай і маці, якія таксама зьяўляюцца прадпрымальнікамі, каб адстойваць свае правы. Няпоўнагадовы Максім Дашук адмовіўся ад апошняга слова. Павал Вінаградаў заявіў, што 10 студзеня ён выйшаў на плошчу на знак салідарнасьці ня толькі з прадпрымальнікамі, але і ўсімі грамадзянамі, бо ў выніку прымяненьня 760-га ўказу вырастуць цэны для ўсіх. Ён нагадаў, што грамадзяне Беларусі паводле Канстытуцыі маюць права на сходы і мітынгі.

11.15 Адвакаты папрасілі суд апраўдаць усіх падсудных. На іх думку, папярэдняе сьледзтва не прадставіла дастатковых доказаў віны. А ў часе прагляду відэаматэрыялаў ня была зробленая ідэнтыфікацыя абвінавачаных.

10.35 Пракурор Лук'янаў запатрабаваў усім тром абвінавачаным абмежаваньня волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру.

10.25 Працэс аднавіўся пасьля перапынку. Першым у спрэчках выступае пракурор.

Моладзевых актывістаў, удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня, зьвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія нібыта груба парушылі грамадзкі парадак. 10 чалавек ужо асуджаныя. Сямёра зь іх пакараны абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру, двое аштрафаваныя. Андрэй Кім пазбаўлены волі на паўтара года. Яшчэ адзін — студэнт-каліновец Аляксандар Баразенка — абвешчаны ў крымінальны вышук. Ніхто з абвінавачаных не прызнае сваёй віны.

"Справу 14-ці" завялі за групавыя дзеяньні, якія нібыта мелі вынікам грубае парушэньне грамадзкага парадку падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. 23 красавіка, суд пакараў штрафамі і абмежаваньнем волі 9 чалавек. Андрэя Кіма абвінавацілі яшчэ і ў пагрозах міліцыянту падчас дэманстрацыі 21 студзеня і пакаралі пазбаўленьнем волі на паўтара году.



Павал Вінаградаў

Міхал Субач

Максім Дашук


“Свабода” пра “працэс 14-ці”