Болей за 2 тысячы чалавек выйшлі на волю паводле амністыі, якая праходзіла цягам апошніх 6 месяцаў і завяршылася ўчора. Ад 2000-га году гэта была чацьвёртая амністыя. Калі чакаць наступную?
Пра вынікі амністыі Радыё Свабода паведаміў намесьнік начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі Юры Баранкоў. Паводле яго, на волю выйшлі болей за 2 тысячы чалавек. Юры Баранкоў перакананы – датэрміновы выхад на волю гэтых людзей не пагоршыць крымінагенную сытуацыю ў краіне.
“Таму што амністыю ўжылі толькі да тых, хто ў зьняволеньні ня меў парушэньняў рэжыму, зрабіў ня цяжкае злачынства і кампэнсаваў нанесеныя страты. За ўвесь час ужываньня амністыі ніводнага гучнага злачынства амніставаныя не зрабілі”.
Зь 2000-га году праведзена ўжо чатыры амністыі. Гэта шмат ці, наадварот, мала?
У калёніях і турмах краіны ўтрымліваюць 36 тысяч чалавек, паведамілі ў МУС краіны. Амністыя ў сярэднім вызваляе 2-3 тысячы, і каб не яны, за кратамі было б амаль на 10 тысяч чалавек болей, а на столькі месцаў турмы не разьлічаныя, мяркуе вядомы праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла. Паводле спадара Паганяйлы, праз год-два варта чакаць новай амністыі, бо на павялічэньне колькасьці вязьняў працуюць як суровыя беларускія законы, гэтак і беларускія судзьдзі.
“Нават калі ёсьць альтэрнатыва прысуду са зьняволеньнем, усё роўна ўжываецца пазбаўленьне волі. Гэта ж можна адмяніць у вышэйшай судовай інстанцыі, але робіцца вельмі рэдка”.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч падчас амністыі таксама датэрмінова выйшаў з калёніі, куды трапіў за удзел ў незарэгістраванай арганізацыі. Але да актывіста ўжылі не амністыю – папросту пераглядзелі ягоную крымінальную справу. Зьміцер Дашкевіч мяркуе, што трэцяя частка вязьняў пакараныя без віны і яшчэ столькім жа можна зьмякчыць пакараньне, паколькі замест выпраўленьня за кратамі чалавек становіцца горшым.
“Ужо забываеш, што ёсьць іншае жыцьцё. Ты ужо ў гэтым графіку, адно за адным ідзе. Разумееце, гэта я шмат лістоў атрымліваў, шмат пісаў, чытаў і гэта дапамагала. А большасьць людзей жа гэта сыстэма зацягвае. Пасьля 5 гадоў зьняволеныя ўжо не ўспрымаюць няволю, як пакараньне, а пасьля 8 гадоў увогуле дэградуюць”.
Зьміцер Дашкевіч мяркуе: мінулая амністыя пайшла на карысьць найперш былым начальнікам, якіх асудзілі за эканамічныя злачынствы і якія здолелі самі ці з дапамогай сваіх былых калегаў кампэнсаваць вялікія памеры стратаў.