Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску адбудуцца спрэчкі на “працэсе 14-ці”. Адвакаты ня выключаюць, што сёньня стане вядомы і прысуд.
Судзяць Паўла Вінаградава, непаўналетняга Максіма Дашука і Міхася Субача. Іх абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, у выніку якіх нібыта быў груба парушаны грамадзкі парадак. Раней 9 чалавек пакаралі штрафамі і абмежаваньнем волі, а Андрэя Кіма – пазбаўленьнем волі на два гады.
Падчас спрэчак прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачаньня супрацоўнік пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску Дзьмітры Лук’янаў заявіць якое пакараньне ён просіць суд даць тром абвінавачаным у “справе 14-ці”.
Нагадаем: 26 траўня пачаўся суд над Паўлам Вінаградавым, Міхасём Субачам і непаўналетнім Максімам Дашуком. На судзе выступілі сьведкі з боку абвінавачаньня. Дырэктары ГУМу, крамы “Ласунак”, унівэрмагу “Цэнтральны” і парку маршрутных таксовак заявілі, што абвінавачаных ніколі раней ня бачылі і фінансавых прэтэнзій да іх ня маюць.
Супрацоўнікі ДАІ, акрамя намесьніка кіраўніка Менскага ДАІ Максіма Падбярозкіна, казалі, што абвінавачаных раней ня бачылі і праяваў грубага парушэньня грамадзкага парадку з боку дэманстрантаў 10 студзеня таксама не заўважылі. Прадстаўнікі прадпрыемства “Мінсктранс” заявілі, што грамадзкі транспарт працаваў у звычайным рэжыме і скаргаў пасажыраў не было.
Прадпрымальнік Міхаіл Субач параўнаў судовыя працэсы – гэты і той, калі судзілі ягоных сяброў.
“Цалкам нашмат лепей, чым тады з “дзясяткай”, таму што зусім іншыя людзі і сьведкі гэтым разам, акрамя аднаго, ня хлусяць. Таму вельмі прыемнае ўражаньне, што яны ставяцца больш менш аб’ектыўна”.
Павал Вінаградаў пракамэнтаваў суд:
“Прыемна зьдзівіла тое, што ў сьведак з боку абвінавачаньня да нас няма прэтэнзій. Да мяне канкрэтна ў Падбярозкіна не было. Ён жа казаў, што мяне ня бачыў. Ну, Падбярозкін, канешне, вялікі “чалавечышча”. Прыдумляе на хаду. Відаць, лаўры Сьпілберга не даюць яму спакою”.
Судзьдзя Валеры Есьман выдаліў з судовай залі 9-гадовага брата Максіма Дашука. Хлопчык сядзеў у калідоры суду, чакаючы пакуль выйдуць старэйшы брат з мамай. Маці непаўналетняга Максіма выступала ў судзе як законны прадстаўнік абвінавачанага. Яна сказала, што Максім уладкаваўся на працу, бо не хапала грошай. Бацька Максіма цяжка хварэў. Ён памёр 24 красавіка.
Старшыня камісіі ў справах непаўналетніх як адмоўны момант у характарыстыцы Максіма прывяла аргумэнт, які выклікаў хвалю абурэньня ў судовай залі. Яны паведаміла, што летась хлопчык без паважнай прычыны прапусьціў два ўрока 29 лістапада і адзін урок – 30.