Учора і сёньня ў Беларускім нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы адбыліся прэм’ерныя паказы спэктаклю рэжысэра Мікалая Пінігіна паводле фарсу-вадэвілю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”.
Пастаноўка прысьвечаная 200-годзьдзю з дня нараджэньня пачынальніка беларускай драматургіі. На спэктаклі пабываў тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі – ён дзеліцца з намі сваімі ўражаньнямі.
І гэтым разам, як звычайна, калі паказвае прэм’еру Мікалай Пінігін, у залі Купалаўскага тэатру не было дзе носа ўбіць. Ізноў – забытая айчынная клясыка. Ізноў – ашаламляльны посьпех, сакрэт якога Пінігін даўно адкрыў: ня вельмі аддаляючыся ад клясычнага тэксту і нацыянальнай сцэнічнай традыцыі, знайсьці актуальную ідэю ў старым творы, весьці яе да фіналу, дзе паставіць грандыёзны плястычны эпілёг.
Так здарылася і зь “Пінскай шляхтай” – п’есай, якую звычайна ставілі аматарскія калектывы. А вось жа ў XXI стагодзьдзі, у новай Беларусі ёй знайшлося месца на першай драматычнай сцэне краіны. Прымітыўныя з гледзішча сучаснай драматургіі сюжэтныя хады і дыялёгі адной зь першых беларускіх п’есаў не перашкодзілі рэжысэру і вярнуць сучаснаму беларусу забыты тэкст, і прыдумаць спэктакль вострага сучаснага гучаньня. Пінігін ня быў бы Пінігіным, каб было інакш. Так было з трыма папярэднімі спэктаклямі на купалаўскай сцэне – “Тутэйшымі” Янкі Купалы, “Ідыліяй” Дуніна-Марцінкевіча і “Сымонам-музыкам” Якуба Коласа.
Амаль паўтары гадзіны дзея разьвіваецца ў традыцыі фарсу-вадэвілю. Акторы падрабязна, са смакам іграюць апэрэтку. На фоне традыцыйнага беларускага насьценнага дыванка з выявай беларускіх краявідаў “ад мора да мора” ў абрамленьні расьліннага арнамэнту акторы сьпяваюць куплецікі, танчаць, тэатралізуюць маналёгі. Магчыма, занадта падрабязна, але ж артысты-купалаўцы відавочна засумавалі па клясычным нацыянальным рэпэртуары.
Гледачам хапае часу пасьмяяцца, суправадзіць кожную сцэну плясканьнем у далоні, з настальгіяй успомніць былых майстроў купалаўскай сцэны, якія вось гэтак жа маляўніча ігралі ў народных камэдыях.
І ў “Пінскай шляхце” традыцыйна для пастановак Пінігіна ў галоўнай ролі станавога прыстава Кручкова – Віктар Манаеў. Карыкатурны на пачатку, ягоны Кручкоў пад фінал вырастае да знаку ўлады-акупанта, улады-рабаўніка, якая разам з апошняй капейчынай забярэ і сьвядомасьць, і годнасьць, і краіну. Ды так хітра, што ня толькі шараговы народ, а і эліта гэтага і не заўважаць.
Сатыру Дуніна-Марцінкевіча на беларускую шарачковую шляхту і на царскіх чыноўнікаў-кручкатвораў Пінігін выводзіць на гістарычную драму цэлага народу. Праз паўтара стагодзьдзя мы значна больш ведаем пра тое, пра што пісаў клясык. А менавіта: што “временное присутствие” і фанабэрыстасьць мясцовай шляхты сталі прычынай згубы колісь магутнай, а пасьля абрабаванай расейскімі акупантамі дзяржавы.
З гэтага веданьня і паўстае эпізод, калі Кручкоў Манаева лісьлівым тонам будзе тлумачыць шляхце, што ён жа ім родны, а над іх галовамі праплывуць цюкі з нарабаваным дабром. Завершыцца пагрузка, і на сцэну выедзе велічэзны воз, дзе сярод мяхоў прымосьціцца маленькі чыноўнічак, які зрабіў сваю справу. Прадстаўнік расейскай улады скраў усё, нават гадзіньнік – час.
Ён яшчэ абавязкова вернецца, бо пасьпеў перад ад’ездам нацкаваць чарговую пару шляхціцаў і падкінуць ім калы, як трэскі ў вогнішча. І ў разгорнутым эпілёгу, зноў жа традыцыйным для Пінігіна, шляхцюкі чарговым разам будуць дубасіць адзін аднаго, аж пакуль не зразумеюць, што страцілі краіну, якая колісь мела вялікую моц. Ачуўшыся, яны дастануць прыхаваныя на целе штандары знакамітых і ўплывовых шляхецкіх родаў, наматаюць іх і на тыя ж калы, як анучы на швабры, а пасьля распрастаюць іх, велічныя, на крыжах.
Ідэю спэктаклю рэжысэр Пінігін і не хавае. Ён падае яе наўпрост – у мізансцэнах, жэстах, касьцюмах, рэквізыце. Вось толькі адзін прыклад такой вобразнасьці. Кручкоў штампуе свае пастановы велічэзнай пячаткай у выглядзе пазалочанага двухгаловага арла, а Пісулькін прыборам у выглядзе зноў жа пазалочанай гільятыны абразае паперкі з прысудамі шляхце, нібы яе галовы...
Віншуючы рэжысэра з чарговым посьпехам, я нагадаў яму, што ўжо даўно няма ў рэпэртуары купалаўцаў найлепшай, як з майго гледзішча, беларускай драмы “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы. Мікалай Пінігін адказаў: “Буду мець на ўвазе, але гэта залежыць ад тэатру”.
Мікалай Пінігін у 1998 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь і цяпер працуе ў расейскім Санкт-Пецярбургу.