Менскі гарвыканкам пры ўдзеле праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі мае заўтра адкрыць мэмарыяльную дошку на доме, дзе жыў Янка Брыль.
Сваякоў народнага пісьменьніка, які памёр улетку 2006-га, папярэдзілі толькі сёньня. Сын цяпер знаходзіцца ў Японіі, адна з дачок – за межамі Менску. Прыехаць на імпрэзу ў абвешчаны час дзеці Янкі Брыля ня змогуць.
Аднак упраўленьне культуры Менгарвыканкаму і кіраўніцтва пісьменьніцкай арганізацыі, створанай насуперак ужо дзейнаму Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, адтэрміноўваць адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі ня сталі.
Сёньня дачцэ Янкі Брыля Галіне патэлефанавалі з упраўленьня культуры Менгарвыканкаму і паведамілі, што заўтра апоўдні на доме № 78 на праспэкце Машэрава (былая вуліца Дразда) у Менску, дзе жыў пісьменьнік, будзе ўсталяваная мэмарыяльная дошка ў ягоны гонар. Спадарыня Галіна паспрабавала давесьці, што ў гэты момант у Менску ня будзе сваякоў Брыля. Дый падбор гасьцей яе засмуціў – прадстаўнікі праўладнага Саюзу пісьменьнікаў на чале зь Мікалаем Чаргінцом, упраўленьня культуры Менгарвыканкаму і Міністэрства культуры.
Натальля Семашкевіч, яшчэ адна дачка Янкі Брыля, расказала, што яна цяпер на Нёмане, на бацькавым лецішчы, а брат Андрэй, кандыдат фізычна-матэматычных навук, займаецца навуковымі дасьледаваньнямі ў Японіі. Яны проста фізычна ня могуць трапіць у Менск да прызначанага часу. Просьбы адтэрмінаваць імпрэзу чыноўнікі пад увагу не ўзялі:
“Тое, што будзе адкрыцьцё, мы сёньня толькі даведаліся. Але я, прыкладам, на Нёмане, і пры ўсім сваім жаданьні фізычна туды не дабяруся. Сказалі, што будзе Чаргінец, Гніламёдаў. Сястра пыталася: а як наконт іншага пісьменьніцкага саюзу, дзе бацька ўвесь час быў? Дык яны ня ведаюць. Мы хацелі, каб перанесьлі хоць бы на наступны тыдзень, якраз брат вяртаецца. Але нам сказалі, што ўжо ўсё задзейнічана: будзе прэса, будуць госьці. Ну дык няхай адкрываюць, калі яны так вырашылі”.
Карэспандэнт: “Фактычна адкрыцьцё атрымліваецца без удзелу сваякоў?”
“Так, безь сям’і, у Менску цяпер нікога няма. Каб нас хоць за некалькі дзён папярэдзілі, мы ўжо пад’ехалі б. Але калі гэта ў іх такая акцыя, то няхай яны самі й адкрываюць”.
Карэспандэнт: “Саюз беларускіх пісьменьнікаў, дзе быў сябрам Янка Брыль, таксама за бортам падзеі?”
“Яны, відаць, нават пра гэта ня ведаюць. Але сапраўды, увесь час ён быў сябрам таго саюзу. І калі якія пытаньні, мы заўсёды зьвяртаемся да Алеся Пашкевіча, да астатніх. Толькі да іх зьвяртаемся, калі ўзьнікаюць якія праблемы”.
Намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч пацьвердзіў: ніякіх ініцыятываў з боку Менгарвыканкаму ці пісьменьніцкай арганізацыі сэнатара Мікалая Чаргінца, каб сумесна ўшанаваць памяць Янкі Брыля, не было. Але чаму такая пільная ўвага з боку дзяржавы да творцы, якога тыя ж уладныя чыноўнікі ніяк ня лашчылі пры жыцьці?
“Магу гэта патлумачыць толькі адным: яны ўсяляк намагаюцца прымазацца да вялікага імя. Насамрэч Янка Брыль адыходзіў пакрыўджаны, на ўлады найперш. Калі памерла жонка, ён хацеў, каб пахавалі яе на Кальварыйскіх могілках. Аднак улады не дазволілі. І таму калі сам паміраў, то ў яго ўжо выбару не было і ён папрасіў, каб яго паклалі побач з жонкай. А гэта далёка ад Менску, у Калодзішчах. То бок пры жыцьці ніяк не спрыялі, а тут вось такая ўвага... У прынцыпе, гэта магла быць і радасная падзея. І тое, што нас не запрасілі, – гэта ня дзіва. А вось што з роднымі абыходзяцца гэтаксама, як і з Іванам Антонавічам, то што зробіш? Дзікунства працягваецца. Але ня дзіва. Яны цяпер хочуць прэмію імя Быкава заснаваць. Хоць можна было б на 100% прадказаць рэакцыю Васіля Ўладзімеравіча, яшчэ жывога, на такую ініцыятыву. Але ж у мёртвых не запытаеш, на жаль. І чыноўнікі гэтым карыстаюцца...”
Тэлефанаваньне ва ўпраўленьне культуры канчаткова пацьвердзіла размовы пра тое, што ніякіх глыбокіх пачуцьцяў да Брыля ў дзяржаўных структурах няма. Вось урывак гутаркі з супрацоўніцай упраўленьня, якая адказвае за заўтрашняе мерапрыемства і, мяркуючы па ўсім, бясконца ад яго далёкая. Я пацікавіўся: што стала падставай для адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі менавіта 27 траўня – Іван Антонавіч нарадзіўся ў жніўні 1917-га, а памёр на 90-м годзе пазалетась у ліпені:
“22 чэрвеня ён нарадзіўся. А ў мінулым годзе яму было б 100 гадоў. То бок атрымалася, што позна дошку замовілі. Пакуль рашэньне падрыхтавалі, атрымліваецца, не пасьпелі да стагодзьдзя. А цяпер вось якраз набліжаецца 101-я гадавіна. Позна падалі дакумэнты, а тут жа ёсьць свая працэдура: пакуль рашэньне рыхтуецца, потым замаўляецца сам барэльеф, тэкст узгадняецца. То бок свае нюансы былі. Таму летась і не пасьпелі. Да стагодзьдзя”.
З ініцыятывай усталяваць мэмарыяльную дошку на доме, дзе апошнія гады жыў Янка Брыль, выступіў Саюз пісьменьнікаў Беларусі.
Даведка. Янка Брыль нарадзіўся 4 жніўня 1917 году ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка. У 1922 годзе разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму ў вёску Загора цяперашняга Карэліцкага раёну Гарадзеншчыны. Скончыў польскую сямігодку. У сакавіку 1939-га прызваны ў польскую армію. У верасьні пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, у 1941-м уцёк на радзіму. З 1942 году – сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэньня, разьведчык брыгады “Камсамолец”, рэдактар газэты “Сцяг свабоды” і сатырычнага лістка “Партызанскае жыгала”.
З 1944 году жыў у Менску. Працаваў у часопісах “Вожык”, “Маладосць”, “Полымя”, у Дзяржаўным выдавецтве БССР. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1945 году. У 1966 – 1971-м – сакратар праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру з 1989 году.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, савецкімі і польскімі мэдалямі.
У 1981 годзе ўганараваны званьнем “Народны пісьменьнік Беларусі”.