"Пасьля няўдалага штурму партызаны спалілі 37 хат і забілі 25 мірных жыхароў".
Пра трагедыю вёскі Дражна шырокая грамадзкасьць даведалася з кнігі краязнаўцы Віктара Хурсіка “Кроў і попел Дражна”. На Вялікдзень 1943-га году, а 4 гадзіне раніцы, каля вёскі Дражна ўзьнялася страляніна. Партызаны пачалі штурм паліцэйскага гарнізону, які знаходзіўся ў вёсцы. Кіраваў імі 21-гадовы лейтэнант зь Ленінграду Сяргей Іваноў. Узяць аточаны дзотамі паліцэйскі гарнізон не ўдалося. Пасьля няўдалага штурму партызаны, як сьцьвярджаюць сьведкі, спалілі 37 хат і забілі 25 мірных жыхароў. 19 красавіка 2008-га ў Дражна прыехалі сябры мэмарыяльнай сэкцыі грамадзкага аб’яднаньня “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”, моладзевыя актывісты, прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху, каб усталяваць крыж памяці. Некалькі старых вяскоўцаў дапамагалі ўмацоўваць помнік. Я разгаварыўся з адным зь іх. Анатоль Ралько пра трагедыю ведае з расповедаў маці.
Анатоль: “Партызаны два разы наступалі. Тут быў, дзе школа, паліцэйскі гарнізон. Тут сем дотаў стаяла. І ўсе паліцаі з навакольных вёсак, яны ўсе схаваліся сюды. Калі партызаны наступалі зь Вялікага Бору, тады іх многа тут палягло. А гэтыя, што наступалі з боку Залужжа, далажылі, што разьбілі паліцэйскі гарнізон. Яны перабілі мірных жыхароў. Дзеда майго. А бабу хацелі расстраляць. Але маці мая ўпала на калені і папрасіла: “Дзядзечка. Бацьку забілі на фінскай, а вы хочаце яшчэ і маці забіць”.
Раённае начальства пры ўсталяваньні сёлета крыжа праявіла не абы-якую апэратыўнасьць. Былі людзі ў цывільным. Была відэакамэра, якая фіксавала кожны рух і кожны твар. Адрэкамэндавацца ніхто з афіцыйных асобаў не пажадаў. Райвыканкамаўская дама непадробна абуралася тым, што адбываецца.
Дама: “А дзе вы ўзгаднялі? Выканкам павінен даць дазвол! Чаму вы без усякага дазволу? Могілкі ёсьць могілкі. Уезд у вёску ёсьць уезд у вёску. Вы ж ня блытайце божы дар з яечняй. Якое ж гэта скрыжаваньне дарог? Вы самі сабе супярэчыце”.
Актывіст: “Крыж можна ставіць дзе заўгодна, хоць у лесе. Лепей памаўчыце проста”.
Але давайце паслухаем сьведак. Гаворыць 85-гадовая жыхарка Дражна, Ева Сірата.
Ева: “Сірата Ева Мяфодзьеўна. Я з гэтай вёскі. Тут нарадзілася. І бацькі тут мае пахаваныя. І сёстры, і браты, што памерлі. Спалілі, пабілі. Партызаны і білі. Езьдзілі па соль людзі ў Старыя Дарогі. Выскачылі ля Шапчыч партызаны. Мая братава кажа, два прыбеглі. Адзін хацеў страляць. А другі кажа, то пацанка. А ў адной брат лётчык, і на фронце быў. Ганна звалася. Забілі. Яны не разьбіраліся. Канечне, думалі, паліцэйскія сем’і. Вайна. Няма чаго і крыўдаваць”.
Карэспандэнт: “Ад каго чакалі большай бяды?”
Ева: “Ад усіх. Адкуль горача, адтуль болеча. Ад усіх. А Гітлер той нарабіў. Сам ці жыў, ці здох ужо? Каб яго вароны дзе склявалі”.
Карэспандэнт: “Ужо, дзякуй Богу, не жыве”.
Ева: “Не жыве?..”
Крыж быў усталяваны каля каталіцкіх могілак. Асьвечаны праваслаўным сьвятаром айцом Леанідам Акаловічам. На шыльдзе, прымацаванай да крыжа, быў наступны тэкст. “Жыхарам вёскі Дражна, бязьвінна загінуўшым ад рук партызанскіх злачынцаў”. Гэта выклікала нэрвовую рэакцыю мажнага дзядзькі ў цывільным.
Чалавек у цывільным: “Павінна быць рашэньне сельскага выканкама. А да гэтага павінна быць рашэньне раённага выканкама. А калі трэба, на аблвыканкам выйдзем. Кожны, хто дзе захоча, свае крыжы ставіць ня будзе. Усе мы хрысьціяне, усе мы праваслаўныя. Але гэта павінна быць узгоднена”.
Мікалаю Пятроўскаму на той страшны Вялікдзень было 13 гадоў. На яго вачах забілі ўсю сям’ю. Пра той дзень ён гаворыць перамагаючы спазмы, што сьціскаюць горла.
Мікалай: “Яна карову хацела выпусьціць, гарэла ўсё. Яна не дабегла да гэтай адрыны, яе звалілі. Калі гарэла ўсё, я лёг на прысядзібным участку сваім. Зь сястрой. Сястра са мною побач ляжала. Я кажу: “Каця, а дзе мама?” — “Ня ведаю”. Я павярнуўся. Гляджу. Акрываўленая ўся. І рэзалі. Зьдзекаваліся проста. Зьдзекаваліся жудасна”.
Мікалай: “Калі сказаў сястры: “Маму паглядзі”. Яна павярнулася, галаву ўзьняла. А ў гэты час, я лічу, што гэта быў камандзір брыгады, ён нацэліўся прама на мяне і на сястру. І калі яна ўзьняла галаву... Стрэлаў ня чутна. Ён ёй у сэрца. Кроў пачала прасочвацца... Я паспрабаваў яе прыўзьняць. Аказалася, проста ў сэрца ёй страляў. А брата ў канаве знайшлі. Разрыўной куляй у скронь. Кінулі ў канаву труп. Пасьля ўжо знайшлі. А побач суседка. Я бачу, што сястра мёртвая, маці мёртвая. Я пачаў паўзьці. А побач дагараў дом суседкі. Яны злавілі гэту суседку. Яна трымала дзяўчынку. Схапілі. Яна не адпускала ад сябе дзіця. І яны разам зь дзіцем у палаючы дом кінулі. Маме было 43 гады, сястры 21, а брату 16”.
Мікалай: “Што характэрна. Я чытаў данясеньні, падпісаныя камбрыгам Івановым. “Зьнішчана 217 свалачэй”. А па сутнасьці, ніводнага паліцая. Адзін паліцай выпадкова. А ў паліцыі было 79 чалавек. “Гарнізон разгромлены”, пішуць. А гэты гарнізон праіснаваў да вызваленьня”.
А зараз слова краязнаўцу Віктару Хурсіку, які ў архівах здабываў усю інфармацыю пра трагедыю і які ў дзень усталяваньня крыжа таксама быў тут.
Хурсік: “Брыгаду ўзначальваў абсалютна малады камандзір. Якога нішто не зьвязвала зь Беларусьсю. Гэты чалавек быў з Расеі. Малады хлопец. Ён атрымаў адразу пасьля лейтэнанта падпалкоўніка ў штабе партызанскага руху. І прыехаў тут арганізоўваць. У архіўных дакумэнтах маюцца зьвесткі, маецца загад № 35 камандзіра партызанскай брыгады на штурм, дзе расьпісана кожнаму атраду, што ён павінен быў зрабіць. У прыватнасьці, мэтай штурму было ліквідаваць гарнізон. Але гэта не атрымалася. Таму з той часткі загада, дзе тычылася зачысткі вёскі, а такі сказ у загадзе ёсьць...”
Карэспандэнт: “Зачыстка?”
Хурсік: “Зачыстка вёскі Дражна пасьля штурму”. Прайсьці па дамах, відавочна мелася на ўвазе. Паглядзець, ці ёсьць там паліцэйскія. Хаця многія сучасныя вайскоўцы імкнуліся са мной спрачацца, што такога не магло быць у Вялікую Айчынную Вайну. Такой фармулёўкі. Але яна прысутнічае, на жаль. І вось другую частку... А яны штурмавалі, паклалі шмат людзей. А трэба было трымаць справаздачу. Што ж вы там штурмуеце? Калі з другога штурму аніякага выніку? І яны спалілі гэты канец вёскі. Білі штыкамі, нажамі калолі. Кідалі дзяцей у агонь. Гэта ўсё засьведчана. Пасьля гэтага быў выдадзены ў самой партызанскай брыгадзе загад “Сьмерць балбатунам”. Тых, хто ад афіцыйнай вэрсіі падзей адмовіцца, чакала суровая кара”.
Карэспандэнт: “Вам не здаецца, што тэкст на шыльдзе, назавем яго так, непаліткарэктны? “Партызанскія злачынцы?”
Хурсік: “Я лічу, што тэма партызанскага злачынства толькі падымаецца. Жывых сьведкаў амаль не засталося. Але ў архівах абсалютна дакладна ёсьць усе сьляды. І мы павінны пра іх гаварыць. Іх шмат. Я павінен сказаць, што нягледзячы на тое, што ўлада нам перашкаджала ў мэмарыялізацыі гэтай трагічнай падзеі, але яна не перашкаджае шукаць гэтыя зьвесткі. Яны стралялі сваіх. Проста па п’янцы. А што значыць, ідучы на нейкае заданьне, зайсьці і выдраць вульлі з пчоламі, забраць? Расстраляць гаспадара? Зразумела, што ён абураўся. “Хлопцы, што ж вы робіце? Мы ж свае ўсе”. Застрэлілі, забралі, пайшлі. Абсалютна без пакараньня”.
Скончыць гэтую перадачу хочацца словамі сапраўднага беларускага партызана. Вэтэрану вайны Валянціну Тарасу цяжка паверыць у тое, што адбылося ў Дражна.
Тарас: “Я ня буду казаць, што ўсё гэта выдумка. Бо ў мяне няма доказаў, што гэта выдумка. Як няма і доказаў, што ўсё гэта чыстая праўда. Нешта, відаць, было. Наконт дысцыпліны. Я ня ведаю, што гэта быў за атрад, які граміў гэтую Дражну. У тым атрадзе, у якім я быў, дысцыпліна была воінская. Хлопцы часам ішлі ў самаволку, да дзевак, гарэлкі дастаць, але за гэта кара была даволі жорсткая. Так што я не бяруся казаць, як было там і што гэта быў за атрад”.