Зубная лекарка са Слоніма, Натальля Кіман, патрабуе ад “Газеты Слонімскай” абвяржэньня надрукаваных пра яе зьвестак і хоча спагнаць з газэты й аўтара артыкула 10 мільёнаў рублёў.
Сёньня ў Слонімскім раённым судзе адбылася сустрэча Натальлі Кіман, зубной лекаркі са Слоніма, з рэдактарам “Газеты Слонімскай” Віктарам Валадашчуком.
Са слоў В.Валадашчука, ён прапанаваў Натальлі Кіман падаць пісьмовы тэкст абвяржэньня. Судзьдзя падтрымаў прапанову. Наступная сустрэча адбудзецца 2 чэрвеня.
Нагадаю, што карэспандэнт Сяргей Васільеў распавёў у адным з нумароў газэты гісторыю пра тое, як адна з пацыентак пасьля лекаваньня зубоў падала на лекарку ў суд і спагнала зь яе 700 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі за прафэсійную некампэтэнтнасьць. Пазьней касацыйны суд пакінуў рашэньне ў сіле.
Натальля ж Кіман лічыць, што ў газэтным матэрыяле закрануты яе гонар і годнасьць.