Літаратурная вечарына Швэцыя – Беларусь

Віктар Шалкевіч, Стэфан Эрыксан, Уладзімер Някляеў

Беларускія і швэдзкія літаратары чыталі свае творы. На сцэне Палаца адбылася віктарына і сумесныя сьпевы швэдаў і беларусаў.

На літаратурную вечарыну прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх кіраўнік дыпляматычнай місіі амбасады Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, пісьменьніца Вольга Іпатава, філёзаф Валянцін Акудовіч, швэдзкія пісьменьніцы Сіла Наўман, Солья Крапу, Іда Бёр’ель, перакладчык з польскай і францускай моваў на швэдзкую Андэш Будэгорд ды іншыя. Вечарыну вёў Віктар Шалкевіч.

Імпрэза адбывалася ў нестандартным варыянце, калі паэты і пісьменьнікі чытаюць урыўкі сваіх твораў, а з правядзеньнем гумарыстычных віктарынаў і сумесных сьпеваў.

Першым на сцэне сьпяваў Стэфан Эрыксан.

Потым на сцэну запрасілі паэта Ўладзімера Някляева. Ён разам з амбасадарам сьпяваў па-швэдзку. Акампанаваў ім Віктар Шалкевіч.
Важна, што ёсьць цікавасьць да беларускай паэзіі, што яе пераклалі на швэдзкую

Швэдзкія пісьменьніцы таксама на прапанову вядучага сьпелі пару куплетаў па-беларуску.

Вольга Іпатава выказалася, што такія вечарыны вельмі неабходныя літаратарам.

“Мне важна, што ёсьць цікавасьць да беларускай паэзіі, што яе пераклалі на швэдзкую. Пазнаёміцца цяпер нам вельмі цяжка. Вы ж ведаеце, што калісь быў часопіс “Иностранная литература”, шмат чаго перакладалася. Сёньня ж амаль нічога няма. Я ж разумею, як на бібліятэкараў у мястэчках навальваецца гэтая адказнасьць... Раней было такое, што іншаземнае гэта заўсёды небясьпечнае. Цяпер не савецкія часы, але тое ж самае...

Нехта з гумарам сказаў, што, калі б з тымі пісьменьнікамі, зь якімі трэба па сёньняшнім часе, то ўсё было б адкрыта, усё б грукатала, зьвінела, было б тэлебачаньне і былі б усе карэспандэнты. І гэта дорага, што швэды працуюць з тымі літаратарамі зноў жа не па палітычных матывах, а паводле прафэсійных якасьцяў”.

23 траўняж літаратурная вечарына адбудзецца ў Лунінцы, а 24 траўня –у Баранавічах.