У амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі адбылася прэзэнтацыя другога фэстывалю музыкі і мастацтва “Be2gether” – “Быць разам”, які адбудзецца 14 – 17 жніўня ў Літве, на беларуска-літоўскай мяжы, на тэрыторыі Нарвілішскага замку.
Летась на самай мяжы зь Беларусьсю пад адкрытым небам прайшоў грандыёзны музычны фэстываль“Be2gether”, куды былі запрошаны больш за 30 музычных калектываў, у тым ўсясьветна вядомыя . Пра ўзровень фэстывалю сьведчыць той факт, што яго наведалі міністар замежных справаў Літвы Пятрас Вайцякунас, амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, кіраўнік дыпляматычнага прадстаўніцтва Швэцыі Стэфан Эрыксан, амбасадар Беларусі ў Літве Ўладзімер Дражын.
У замку – прывіды! У 30 мэтрах можна перайсьці мяжу
Арганізатар фэстывалю – літоўскі бізнэсоўца, уладальнік Нарвіліскага замку Гедрус Клімкявічус.
Амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас летась на гэлікоптэры сачыў за фэстывалем, ня раз аблётаў яго, разам зь сям’ёй ўсе тры дні знаходзіўся ў цэнтры падзеяў:
“Тое, што Гедрус робіць – ўяўляеце, ў яго палац у Літве, у яго замак, а ў замку – прывіды! Замак – прыгажун. Месца выбрана – лепш не бывае. Уяўляеце – у 30 мэтрах можна перайсьці мяжу... (сьмяецца). Нельга перайсьці мяжу – можна толькі дайсьці да мяжы! І сёлета такія прыедуць гранды! Вось што значыць – прыватны прадпрымальнік. У нас дзяржава не змагла б такія гурты запрасіць. А бізнэсоўцы запрашаюць!”
Будзе тры вялізныя сцэны, прыедзе 70 гуртоў
Летась на фэстывалі выступалі ўсясьветна вядомыя амэрыканскія гурты “Morcheeba”, “New York Ska Jazz Ensemble”, брытанскі “Therapy?”, літовец Артурас Мамантавас, Яана з брытанскім праектам “Joanna & the Wolf”. Беларусь тады прадстаўлялі “Ляпіс Трубецкой”, “IQ-48” і “Drum Extasy”. Хто будзе сёлета – пакуль сакрэт. Вядома толькі, што будуць музыкі з Вялікай Брытаніі, ЗША, Нямеччыны, Францыі, Нарвэгіі, Ізраілю, натуральна, зь Беларусі, і нават з Афрыкі. Узровень будзе ня горшы, запэўнівае арганізатар фэстывалю – уладальнік Нарвіліскага замку, літоўскі бізнэсоўца Гедрус Клімкявічус.
“Сёлета фэстываль будзе называцца ня толькі музычным, але творча-музычным. І мы вырастаем у два разу – у шырыню, глыбіню, вышыню. І мы ўжо ўяўляем такія інтэлігентныя, прыгожыя формы нашага фэстывалю. Будзе тры вялізныя сцэны, прыедзе 70 гуртоў. Будуць самыя разнастайныя творчыя мерапрыемствы”.
Фэстываль пачнецца з параду трохсот барабаншчыкаў на Ратушнай плошчы ў Вільні. Будуць працаваць творчыя майстэрні, конкурсы, пройдзе музычная канфэрэнцыя, арганізатары абяцаюць шмат цікавага. Летась на фэстываль прыехала каля шасьцісот беларусаў. Гедрус Клімкявічус запэўніў, што суседзі – самыя дарагія для яго госьці
Мы знойдзем спосаб, каб вас не палохаў кошт шэнгенскіх візаў
“Шмат прыехала беларусаў, каб пабыць разам, каб пабыць разам у самым прыгожым кутку сьвету ў цэнтры Эўропы. І мы былі разам, таму што “Be2gether” азначае “разам жыць, разам ствараць”.
Летась фэстываль праходзіў пад дэвізам “Музыка адчыняе межы”. У арганізатараў ёсьць мара – адну сцэну пабудаваць менавіта над мяжой, каб яна злучала братнія народы. Што да цяжкасьцяў зь візамі, то іх для жадаючых трапіць на другі музычна-мастацкі фэстываль “Be2gether” ня будзе, запэўніў амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас:
“Мы знойдзем, як і летась, варыянты, каб як мага больш беларусаў прыехалі на гэты фэстываль, і мы знойдзем спосаб, каб вас не палохаў кошт шэнгенскіх віз”.