Пра што пісалі беларускія газэты 23 траўня ў розныя гады мінулага.
“Савецкая Беларусь” у 1928 годзе друкуе прысуд па справе Беларускай Грамады ў Польшчы: “З ліку абвінавачаных ранейшыя дэпутаты Грамады Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла прысуджаны на 12 гадоў катаргі кожны. Сэкратар Грамады Бурсэвіч і юрыстконсульт Акінчыц засуджаны на 8 гадоў катаргі кожны... 19 абвінавачаных, у тым ліку Луцкевіч, Астроўскі і Коўш, прызнаны невінаватымі. Пасьля абвяшчэньня пастановы суду, нехта з прысутных у залі кінуў абвінавачаным кветкі. Абвінавачаныя пачалі сьпяваць беларускі рэвалюцыйны гімн “Адвеку мы спалі”.
“Бацькаўшчына” у 1948 годзе паведамляе: “На ўрачыстым паседжаньні Жыдоўскае Нацыянальнае Рады праклямаванае новае жыдоўскае гаспадарства Ізраэль... Паводля праклямацыі, ад сканчэньня мандату сучасная Нацыянальная Рада дзеіць, як часовы ўрад гаспадарства Ізраэль... Урадавай мовай новага гаспадарства абвешчаная гэбрайская (старажыдоўская). Часовая сталіца — Тэль-Авіва... На першым паседжаньні Часовае Рады Ізраэлю... на прэзыдэнта абраны др. Хаім Вэйцман”.
“Вячэрні Мінск”, год 1978. Кінакрытык Я.Крупеня піша: “Задача ўкраінскіх кінапубліцыстаў была надзвычай складанай. Ім трэба было адказаць на пытанне: чаму вялікі Ленін назваў Камуністычную партыю Савецкага Саюза розумам, гонарам і сумленнем нашай эпохі. Трэба сказаць, што майстры хранікальнага экрана бліскуча справіліся з задачай. Іх стужка глядзіцца з вялікім хваляваннем. І гэта зразумела”.