Гомель: настаўніцы пагражае звальненьне і страта жыльля

Настаўніца гімназіі № 46 Гомелю Сьвятлана Палякова зьвярнулася ў суд на адміністрацыю навучальнай установы. Выкладчыцы гісторыі прапануюць менш аплатную працу выхавальніцы. Калі яна ня прыме гэтай прапановы, зь ёй ня будзе падоўжаны працоўны кантракт. Сям’і Сьвятланы Паляковай таксама пагражае страта жыльля.
Сьвятлана Палякова – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Гісторыю яна выкладае адзінаццаць гадоў і за ўвесь гэты час з боку адміністрацыі гімназіі ня мела ніякіх спагнаньняў. У выпадку звальненьня ўся сям’я апынецца на вуліцы, кажа спадарыня Палякова:

“Мы жывём у інтэрнаце, які належыць сыстэме Міністэрства адукацыі. Калі я ня здолею працаўладкавацца, тады на жытло мы таксама ня маем права. І наступным этапам, пэўна, будзе высяленьне з інтэрнату. Але знайсьці працу выкладчыка гісторыі вельмі цяжка”.

Муж Сьвятланы Васіль Палякоў – таксама выкладчык гісторыі. Таксама па сканчэньні працоўнага кантракту быў звольнены яшчэ ў 2006 годзе. Цяпер ён беспрацоўны, бо настаўніцкую працу ў Гомелі знайсьці надзвычай цяжка. Асабліва калі людзей пазбаўляюць працы ня ў сувязі зь іх прафэсійнымі ўменьнямі, а за палітычныя погляды, кажа спадар Палякоў:

“У мяне вышэйшая катэгорыя, акрамя таго, скончыў асьпірантуру па спэцыяльнасьці “паліталёгія”. На той час я ўжо быў старшынём гомельскай абласной арганізацыі АГП, актыўна ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі, у абласным штабе Мілінкевіча. Таму прычыны звальненьня былі відавочныя”.

Сябра прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Леанід Судаленка, куды зьвярнулася па дапамогу Сьвятлана Палякова, перакананы, што гэта палітычны перасьлед усёй сям’і:

“Гэта дыскрымінацыя ўсёй сям’і: мужа выкінулі з працы, цяпер выкідаюць жонку. А ў іх хлопец чатырнаццаці год. Ну як жыць гэтай сям’і?”

Актывісты незалежных прафсаюзаў заяўляюць, што звальненьні паводле палітычных матываў праз працоўныя кантракты – распаўсюджаная зьява. Вось як гэта камэнтуе лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

“Кантракты – кабала, якая ставіць людзей у такое становішча, зь якога яны ня могуць выйсьці, каб заставацца годнымі людзьмі”.

Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці выступіў з ініцыятывай правядзеньня агульнабеларускага рэфэрэндуму аб мэтазгоднасьці і канстытуцыйнасьці кантрактнай сыстэмы.