Улады Грузіі кажуць пра сваю упэўненую перамогу

Паводле папярэдніх афіцыйных дадзеных, на ўчорашніх датэрміновых парлямэнцкіх выбарах у Грузіі прапрэзыдэнцкі "Аб'яднаны нацыянальны рух" атрымаў пераканаўчую перамогу. Апазыцыя заяўляе аб сваёй перамозе, абвінавачвае ўлады ў фальсыфікацыі і патрабуе новых выбараў.

"Нават я быў уражаны тым высокім узроўнем падтрымкі, які мы атрымалі падчас гэтых парлямэнцкіх выбараў," -- заявіў учора прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі пасьля таго, як сталі вядомыя папярэднія вынікі падліку галасоў. Паводле гэтых падлікаў «Аб'яднаны нацыянальны рух» - партыя прыхільнікаў прэзыдэнта , атрымаў больш за 61% галасоў, амаль канстытуцыйную большасьць. За аб'яднаную апазыцыю прагаласавала каля 15 % выбаршчыкаў, з 12 партый і блёкаў, якія ўдзельнічалі ў выбарах , пяціадсоткавы бар'ер пераадолелі таксама апазыцыйныя Хрысьціянска-дэмакратычны рух (каля 8% галасоў) і лейбарысцкая партыя (7%).

Варта адзначыць, што ўсе гэтыя дадзеныя тычацца галасаваньня за сьпісы партый. Выбарчая сыстэма ў Грузія – зьмяшаная, 75 дэпутатаў парлямэнту абіраюцца паводле партыйных сьпісаў, столькі ж – паводле мажарытарнай сыстэмы.

Але ўлада ўжо сьвяткуе перамогу. Пра яе посьпех яшчэ ўчора сьведчылі і вынікі экзыт-полаў -- апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў. Гэтыя экзыт-полы праводзіў шэраг недзяржаўных арганізацый, а таксама фонды з Эстоніі і Ўкраіны.

Аднак апазыцыя не прызнае сваёй паразы. Лідэр аб'яднанай апазыцыі, былы кандыдат на прэзыдэнта Леван Гачэчыладзе заявіў, што "дадзеныя экзыт-полаў – першая прыкмета таго, што выбары сфальсыфікаваныя".

А вось што кажа іншы лідэр апазыцыі Давід Гамкрэлідзэ: "Экзыт-полы пакажуць толькі жаданьне ўладаў, жаданьне кіруючай партыі, жаданьне Саакашвілі. Рэчаіснасьць цалкам іншая і яна відавочная для мяне. Яны прайгралі. Яны прайгралі гэты дзень, яны страцілі ўладу".

На заклік апазыцыі да людзей выходзіць на вуліцу і патрабаваць новых выбараў у чацьвер раніцай у Тбілісі адгукнуліся прыкладны 3-5 тысяч чалавек.

Варта адзначыць, што паводле папярэдніх афіцыйных дадзеных улада на парлямэнцкіх выбарах перамагла яшчэ больш пераканаўча , чым на прэзыдэнцкіх у студзені, калі Міхаіл Саакашвілі атрымаў крыху болей за 50% галасоў. Ня выключана, што на вынікі ўчорашняга галасаваньня паўплывала абвастрэньне грузіна-расейскага канфлікту, што падштурхнула людзей да гуртаваньня вакол улады.

Міхаіл Саакашвілі пасьля ўчорашняга галасаваньня сказаў, што “зь вялікай радасьцю чакае супрацоўніцтва нават з нешматлікай апазыцыяй” і паабяцаў , што ўлады ня будуць уносіць канстытуцыйныя папраўкі без кансультацый з апазыцыяй”. “Я хачу, каб у апазыцыйных сілаў былі ўсе рычагі кантролю за працай ураду” – сказаў ён.

За галасаваньнем і падлікам галасоў у Грузіі сачылі прынамсі 3 тысячы назіральнікаў. Назіральнікі ад СНД ніякіх істотных парушэньняў не зафіксавалі.

Ад АБСЭ на выбарах у Грузіі прысутнічала 400 назіральнікаў. У сваёй выніковай заяве яны канстатавалі, што выбары былі “сапсаваныя вялікай колькасьцю праблем”. “Хаця з боку ўладаў назіралася імкненьне правесьці выбары ў адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі, але шмат момантаў зрабілі гэтую адпаведнасьць далёка ня поўнай,” – гаворыцца ў заяве назіральнікаў АБСЭ.