Магілёўская дабрачынная арганізацыя донараў “Кропля жыцьця” стала сябрам Міжнароднай фэдэрацыі арганізацыяў донараў крыві (FIODS/IFBDO). Такое рашэньне 19 траўня прыняла ў Марока генэральная асамблея фэдэрацыі. На ўсёй постсавецкай прасторы магілёўскае аб’яднаньне донараў — адзінае, якое мае такі статус.
Старшыня арганізацыі “Кропля жыцьця” Ігар Каваленка спадзяецца, што сяброўства ў міжнароднай арганізацыі донараў дапаможа беларускаму донарству:
“Сяброўства ў фэдэрацыі дае нам доступ да юрыдычнай інфармацыі, якая тычыцца ўсясьветнай практыкі донарства, дазволіць абменьвацца досьведам і напрацоўкамі з калегамі з другіх краінаў. У беларускім донарстве шмат праблемаў. Перадусім у сацыяльнай абароне донараў. Спадзяемся, з дапамогай нашых калегаў з фэдэрацыі палепшым сытуацыю з донарствам у Беларусі”.
Міжнародная фэдэрацыя арганізацыяў донараў крыві створана 4 сьнежня 1955 году. Яна аб’ядноўвае донарскія арганізацыі амаль зь пяцідзесяці краінаў сьвету. Фэдэрацыя імкнецца палепшыць якасьць донарства крыві ў сьвеце.
Прэзыдэнт міжнароднай фэдэрацыі арганізацыяў донараў крыві Нілз Мікелсэн (Niels Mikkelsen) зазначыў у інтэрвію “Свабодзе”, што сяброўства беларускай няўрадавай арганізацыі ў фэдэрацыі дазволіць ёй больш якасна працаваць:
“У нас наладжаны добры абмен досьведам у правядзеньні кампаніяў пашырэньня донарства, шмат інфармацыі на гэтую тэму, а таксама на іншыя донарскія тэмы. Фэдэрацыя рэгулярна праводзіць трэнінгі па прыцягненьні валянтэраў у донарства. Потым гэтыя валянтэры дапамагаюць донарскаму руху”, — сказаў прэзыдэнт міжнароднай фэдэрацыі арганізацыяў донараў крыві Нілз Мікелсэн.
Магілёўская няўрадавая арганізацыя “Кропля жыцьця” — адзінае аб’яднаньне донараў у Беларусі. Мэта арганізацыі — абарона правоў і законных інтарэсаў донараў.
У магілёўскай абласной управе аховы здароўя запэўніваюць, што сур’ёзных праблемаў з донарствам няма:
“Была праведзена вялікая тлумачальная праца. Мы гаварылі з абласным саветам дэпутатаў. Былі дадзеныя рэкамэндацыі: як дапамагчы ганаровым донарам і як прыцягнуць людзей да здачы”, — паведаміў супрацоўнік абласной управы аховы здароўя.
Летась у чэрвені група магілёўскіх донараў тыдзень страйкавала супраць скасаваньня льготаў. Донарам удалося захаваць саракапрацэнтную надбаўку да пэнсіі, магчымасьць сыходзіць у адпачынак у любы зручны час. Акрамя таго, толькі магілёўскія донары адстаялі бясплатны праезд у грамадзкім транспарце ў межах гораду.
Але ўсё ж донараў пазбавілі дзьвюх важных кампэнсацыяў: пяцідзесяціпрацэнтнай зьніжкі на набыцьцё мэдычных прэпаратаў і бясплатнага пратэзаваньня зубоў.
На ўліку ў магілёўскай станцыі пераліваньня крыві стаіць каля пяці тысяч донараў. На станцыі кажуць, што год ад году колькасьць донараў у Магілёве скарачаецца.