Іх дасылаюць на адрас Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Збор подпісаў не спыняецца.
Подпісы, са слоў актывіста Івана Шэгі, зьбіраюць самыя розныя людзі -- чытачы газэты, як у раённым цэнтры, так і па вёсках.
Тэкст, пад якім падпісваюцца грамадзяне, патрабуе не зачыняць любімую газэту, якая “не займаецца палітыканствам, а аб’ектыўна і ўсебакова асьвятляе падзеі ў раёне й краіне”.
Шэга: “Самыя розныя людзі падпісваюцца: і інтэлігенты, і рабочыя, і вяскоўцы...”
Такім чынам жыхары Слонімшчыны дамагаюцца, каб мясцовыя ўлады не зачынілі адзінае ў Гарадзенскай вобласьці незалежнае выданьне — “Газету Слонімскую”.
Нагадаем, што “Газета Слонімская” надалей застаецца пад пагрозай закрыцьця. Рэдакцыі адмовілі ў арэндзе памяшканьня, а знайсьці новае, нават у прыватных уласьнікаў, дагэтуль не атрымліваецца.
Па вусным загадзе мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах, а рэдактар атрымаў ліст з папярэджаньнем аб парушэньні ліцэнзіі дробнага гандлю (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі) і з пагрозай ануляваць ліцэнзію.
Усё гэта — на дадатак да таго, што вось ужо два гады газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”, бо дамову не працягнулі.
Днямі “Газета Слонімская” стала ляўрэатам прэміі нямецкага фонду “Цайт”. Уручэньне прэміі адбылося 19 траўня ў ратушы Гамбурга. “Газета Слонімская” прызнана найлепшай за асьвятленьне падзей у рэгіёне.