Пратакол складзены за парушэньне правядзеньня масавага мэрапрыемства, якое нібыта зарганізаваў Алесь Масюк падчас прыезду ў Слонім Аляксандра Мілінкевіча.
Алесь Масюк адмовіўся падпісваць пратакол, паколькі лічыць абвінавачваньні надуманымі. Назаўтра яму ўручылі позву раніцай зьявіцца ў райадзьдзел міліцыі. Сам ён думае, што заўтра над ім адбудзецца суд.
На мінулым тыдні Алеся Масюка ўжо выклікалі ў міліцыю й сказалі, што атрымана ананімка ад "групы законапаслухмяных грамадзянаў РБ" (так падпісаная папера), якія паведамілі быццам спадар Масюк праводзіў на слонімскім рынку забаронены мітынг разам з былым кандыдатам у прэзыдэнты А. Мілінкевічам.
Сёньня міліцыянты пра ананімку ўжо ня ўзгадвалі, а сказалі, што пратакол складзены на падставе паказаньняў грамадзян, якія былі ў той дзень на рынку.
Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць