Ці могуць выключыць з партыі БНФ Алеся Міхалевіча?

Алесь Міхалевіч

Інтэрнэт-газэта “Салідарнасьць” паведаміла, што намесьніка старшыні БНФ Алеся Міхалевіча могуць выключыць з партыі, яго лёс будзе вырашаць камісія партыйнага кантролю. Старшыня партыі Лявон Баршчэўскі заявіў «Салідарнасьці», што на бліжэйшым зьезьдзе зьбіраецца паставіць ультыматум: альбо ў партыі застаецца Міхалевіч, альбо ён. Як уплывае на імідж БНФ барацьба ў кіраўніцтве партыі? Ці ёсьць нейкія фармальныя і палітычныя падставы выключаць Міхалевіча? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў

Цыганкоў:
“Як уплывае на імідж БНФ тая барацьба, што ідзе ў кіраўніцтве Фронту? У прэсе ўжо неаднаразова гучала інфармацыя, што пад пагрозай выключэньня з партыі аказваюцца то Юрась Губарэвіч, то Алесь Міхалевіч – намесьнікі старшыні партыі. Які ўплыў гэта мае на грамадзкую думку?”

Чавусаў:
“Натуральна, такая сытуацыя не надае плюсаў іміджу партыі БНФ. Але, з іншага боку, публічныя сыходы з партыі з-за нязгоды з партыйнай лініяй паказваюць, што прынамсі, у партыі ёсьць нейкая стратэгічная лінія. У гэтым сэнсе партыя сама мае права вырашаць нормы унутрыпартыйнага жыцьця”.

Цыганкоў: “Наколькі абгрунтаванымі і справядлівымі ёсьць папрокі на адрас Міхалевіча і Губарэвіча, што яны ўдзельнічаюць у руху “За свабоду”? Наколькі гэта сур’ёзнае парушэньне той самай партыйнай дысцыпліны? Ці ёсьць гэта вартай падставай для нейкіх радыкальных рашэньняў”

Чавусаў: “Ідэалягічна рух Мілінкевіча “За свабоду” і партыя БНФ -- гэта практычна адно і тое ж. Тыя беспартыйныя людзі, што ўваходзяць у Рух, яны блізкія да БНФ. Але тут існуюць пэрсанальныя амбіцыі, якія шкодзяць агульнай справе”.

Цыганкоў: “Я так разумею, што многія прадстаўнікі іншых дэмакратычных партыяў уваходзяць у розныя рухі. Можа, кіраўніцтва БНФ тут занадта строгае? У іншых партыях такой строгасьці не назіраецца..”

Чавусаў: “Ні ў якіх партыях прадстаўнікі іншых структураў ня ёсьць настолькі блізкія да таго, каб узначаліць партыю. То бок у дадзеным выпадку парадаксальная сытуацыя – сіла прадстаўнікоў руху “За свабоду” вымушае іншы бок радыкалізавацца. Таму такая сытуацыя ня можа паўстаць у іншых партыях”.

Цыганкоў: “Але як магчыма нейкім рашэньнем кіраўніцтва, акрамя як зьездам, зьняць намесьніка старшыні, за якога на зьезьдзе прагаласавала больш 60 працэнтаў галасоў?”
На жаль, кіраўніцтва партыі БНФ спрабуе лячыць гэтую хваробу мэтадам ампутацыі


Чавусаў: “Калі чалавек сыходзіць з партыі сам, ён ня можа быць намесьнікам, ці калі яго выключаюць з партыі, ён таксама перастае быць намесьнікам. Юрыдычна такая магчымасьць ёсьць.

Я ні ў якім выпадку не лічу, што выключэньне – гэта крок, які можа выправіць сытуацыю. Нельга адмаўляць наяўнасьць унутрыпартыйнага крызысу. На жаль, кіраўніцтва партыі БНФ спрабуе лячыць гэтую хваробу мэтадам ампутацыі. З пункту гледжаньня агульнага здароўя “арганізму” гэта ня ёсьць пазытыўным мэтадам лячэньня. Было б добра, каб унутры партыі БНФ былі б знойдзеныя іншыя шляхі пагашэньня канфлікту”.