Магілёў: запраўку будуюць з парушэньнем заканадаўства

Запраўку будуюць побач з жылым масівам

У Магілёве жыхары вуліцы Сіманава пратэстуюць супраць будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі. Яе пачалі ставіць без грамадзкага абмеркаваньня. А менавіта абмеркаваньня патрабуе з 17 чэрвеня 2005 году інструкцыя №30 Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя. Мясцовая ўлада апраўдваецца тым, што праект будаўніцтва запраўкі зацьвердзілі ў 2003 годзе, калі інструкцыі не было. Эколягі заклікаюць жыхароў судзіцца, бо парушаная ня толькі гэтая інструкцыя, але й канстытуцыйныя правы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.
Пра тое, што пад вокнамі дому №69 па вуліцы Сіманава зьбіраюцца будаваць аўтазаправачную станцыю, жыхары й не здагадваліся:

“Мы, калі пачалося будаўніцтва, самі паехалі ва ўправу архітэктуры й там даведаліся, што тут будзе будавацца бэнзакалёнка. Ніякіх слуханьняў ды гутарак з намі ніхто не праводзіў. Ніякай шыльды на агароджы будаўнічай пляцоўкі не было. Пра гэта мы самі даведаліся сваімі сіламі”, – зазначыла жыхарка дому Тацяна Васілеўна.

Аўтазаправачную станцыю пачалі будаваць 23 красавіка. У адказ людзі ўзяліся зьбіраць подпісы за спыненьне будаўніцтва. За тыдзень падпісалася больш за трыста чалавек. Паблізу ад будаванай запраўкі знаходзяцца тры дзевяціпавярхоўкі. У іх жыве каля адной тысячы чалавек.

У гарвыканкаме, куды зьвярнуліся людзі, спачатку паабяцалі дапамагчы, а потым паведамілі, што запраўку будуюць згодна з генэральным плянам. Там жа, у гарвыканкаме, жыхары даведаліся, што, акрамя запраўкі, за пятнаццаць мэтраў ад жылога масіву пракладуць і дарогу.
За сямнаццаць мэтраў будзе праезная частка, і мы будзе дыхаць выпарэньнямі


“Яе адлегласьць ад падмурку нашага дому складае сямнаццаць мэтраў. Сама дарога пятнаццаць мэтраў. Ад дарогі адразу ж выкапаны катлаван для нафтапрадуктаў. Пад нашымі вокнамі за сямнаццаць мэтраў будзе праезная частка, і мы будзе дыхаць гэтымі выпарэньнямі”, – кажа Тацяна Васілеўна.

Каб суняць абурэньне жыхароў, чыноўнікі паведамілі: разам з будаўніцтвам бэнзакалёнкі ўпарадкуюць прылеглую да дамоў тэрыторыю. Жыхары ў тое ня вераць, бо іх зьдзіўляюць суадносіны затратаў на будаўніцтва і ўпарадкаваньне. Людзі сумняваюцца ў праўдзівасьці чыноўніцкіх абяцанак.

“Само будаўніцтва бэнзакалёнкі каштуе паўтара мільярда рублёў, а ўпарадкаваньне, якое, дарэчы, будзе ажыцьцяўляцца ні між домам і бэнзакалёнкай, а за ёю, на лужку, які й так дастаткова чысты, чатыры з паловай мільярды”, – зазначае Тацяна Васілеўна.

Гарвыканкам ды ўласьнік будучай бэнзакалёнкі, унітарнае таварыства “Магілёўаблнафтапрадукт”, цьвердзяць: будаўніцтва вядзецца згодна з зацьверджаным праектам.

“Калі б ён не прайшоў экалягічнай экспэртызы, яе б будаваць ніхто ня стаў і ня даў бы ніхто й ніколі. Існуюць экалягічныя ды будаўнічыя нормы”, – паведаміў супрацоўнік “Магілёўаблнафтапрадукту”.

У магілёўскім гарадзкім санітарна-эпідэміялягічным цэнтры таксама запэўнілі: праект і будаўніцтва бэнзакалёнкі адпавядаюць санітарным і экалягічным нормам.

“Рэч у тым, што “Беларусьнафта” агарадзіла плотам чырвоным межы будаўнічай пляцоўкі. І атрымалася, што плот знаходзіцца за пятнаццаць мэтраў ад дому. І людзі, зразумела, калі глядзяць у вакно, бачаць гэты плот, які проста пад вокнамі ў іх. Але гэта не азначае, што там будзе заправачная станцыя”, – гэтак патлумачыла супрацоўніца цэнтру незадаволенасьць жыхароў.

Пашпарт будаўніцтва аўтазапраўкі

17 чэрвеня 2005 году Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя выдала інструкцыю №30. Яна абавязвае чыноўнікаў і будаўнікоў падчас распрацоўкі праектаў будаўніцтва небясьпечных аб’ектаў праводзіць грамадзкія слуханьні. Слуханьні дазваляюць, гаворыцца ў інструкцыі, больш грунтоўна вывучыць варыянты і ўмовы будаўніцтва.

Гарвыканкам лічыць, што не парушыў інструкцыі: маўляў, праект будаўніцтва запраўкі зацьвердзілі ў 2003 годзе, тады інструкцыі яшчэ не было.

Грамадзкія эколягі кажуць, што, акрамя інструкцыі №30, існуюць і канстытуцыйныя нормы, якія гарантуюць грамадзяніну права на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе. Эколягі, аднак, наракаюць на недасканаласьць беларускага экалягічнага заканадаўства.
На этапе экалягічнай экспэртызы яны павінны былі гаварыць з насельніцтвам


“У нас у заканадаўстве усё гэта дакладна не прапісана. І грамадзкія слуханьні могуць быць: зьмясьцілі ў газэце, што будуць будаваць запраўку, і гэта лічыцца, што паведамілі грамадзкасьці. Па сутнасьці на этапе экалягічнай экспэртызы яны павінны былі гаварыць з насельніцтвам”, – зазначае экалягічная экспэртка Ірына Сухій.

Посьпех пратэсту залежыць ад рашучасьці людзей. Калі яны наважылася пратэставаць, ім трэба зьвяртацца ў суд, лічаць эколягі.