Грамадзкія рэдактары чарговага тыдня – Ірына і Леанід Каткоўскія, бацькі нашага калегі-свабодаўца Ўладзімера Каткоўскага. Год таму, 25 траўня, ён трагічна пакінуў жыцьцё. Уладзімер – адзін з заснавальнікаў беларускай Вікіпэдыі, стваральнік сайтаў www.pravapis.org, www.martyralog.org.
Ірына і Леанід – аднакурсьнікі, у 1974 годзе закончылі фізфак БДУ.
Спадар Леанід – доктар фізыка-матэматычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту прыкладных фізычных праблемаў.
Спадарыня Ірына – галоўны бухгальтар адной са сталічных фірмаў, а ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка займаецца ацэнкай інтэлектуальнай уласнасьці.
Малодшая дачка, сястра Ўладзі Дар’я – юрыст па адукацыі, выхоўвае паўтарагадовага сына Алеся, распаўсюджвае на грамадзкіх пачатках газэту “Наша Ніва”, вядзе свой дзёньнік у “ЖЖ”.
Спадары Ірына і Леанід даручылі журналістам Свабоды падрыхтаваць перадачу на тэму: “Ці можа інтэрнэт стаць сродкам аб’яднаньня нацыі?”
Гэта не выпадкова – Уладзімер быў адным з найбольш вядомых беларускіх інтэрнэтчыкаў. Сёлета, два месяцы таму, пры падвядзеньні парталам TUT.BY шостага штогадовага конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў, упершыню ўручалася спэцыяльная прэмія імя Ўладзімера Каткоўскага “За беларускасьць”, заснаваная ягонымі бацькамі. Узнагароду атрымаў сайт “Твой Стыль” – Гарадзенскі моладзевы праект.
Леанід Каткоўскі:
– Прэмію мы вырашылі заснаваць, каб захоўвалася памяць аб Валодзю. Па другое, мы скарысталі ўручэньне гэтай прэміі вось для чаго: я зрабіў зварот да беларускіх інтэрнэтчыкаў, каб яны працягвалі ягоную працу, ягоныя сайты…
Адносна першага ляўрэата спадар Леанід зазнычыў:
– Нам падалося, сайт адпавядае Вовінай працы ў нэце, яго духу. Па першае, ён беларускамоўны, даволі дынамічны. Мне спадабалася, што там ёсьць адмысловы моўны разьдзел, нават яны аўдыёфайлы даюць пра вывучэньне беларускай мовы. Там шмат аўтарскай працы, моладзь працуе як журналісты, карэспандэнты. Там – нешта жывое.