Сёньня ў Менску актывісты дэмакратычных сілаў адзначаць Дзень салідарнасьці. З партрэтамі палітвязьняў яны зьбіраюцца выйсьці на Кастрычніцкую плошчу а 18-й гадзіне. Удзельнікі акцыі выкажуць таксама салідарнасьць з асуджанымі па “справе 14-ці”.
Якраз месяц таму ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся судовы працэс у “справе 14-ці”. Моладзевых актывістаў, удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня, зьвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія нібыта груба парушылі грамадзкі парадак. 10 чалавек ужо асуджаныя. Гэта Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімер Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхаіл Крываў і Тацяна Цішкевіч. Сямёра зь іх пакараны абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру, двое аштрафаваныя. Андрэй Кім пазбаўлены волі на паўтара года.
А 23 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачнецца суд над астатнімі фігурантамі “справы 14-ці” - Паўлам Вінаградавым, Міхасём Субачам і непаўнагадовым Максімам Дашуком. Аляксандра Баразенку, студэнта-каліноўца Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту, міліцыя абвясьціла ў крымінальны вышук.
Лідэр “Маладых дэмакратаў” АГП Міхаіл Пашкевіч, таксама асуджаны да абмежаваньня волі па “справе 14-ці”, сказаў:
“У 18.00 на Кастрычніцкай плошчы АГП і “Маладыя дэмакраты” праводзяць акцыю - ланцуг неабыякавых людзей. Вялікая ўвага надаецца і таму фактару, што 23 траўня прызначаны суд па другой частцы справы “працэсу 14-ці”. Акцыя мае дзьве мэты. Першае, гэта выказваньне салідарнасьці з Кімам, Парсюкевічам, Казуліным. І таксама з хлопцамі, якіх будуць судзіць 23 траўня. Галоўнае, каб людзі выйшлі з партрэтамі. У кожнага актывіста на руках будзе ксэракопія пастановы Вярхоўнага суду за подпісам Сукалы і Міклашэвіча, дзе напісана: тое, што людзі выходзяць з партрэтамі на вуліцу ня ёсьць парушэньнем адміністрацыйна-працэсуальных нормаў”.
Паводле праваабаронца Ігара Рынкевіча, ня толькі Аляксандар Казулін, Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім зьяўляюцца палітвязьнямі, але й асуджаныя да абмежаваньня волі па “справе 14-ці”:
“Гэта закладнікі рэжыму, як і Аляксандар Казулін, паколькі была задача перад парлямэнцкай кампаніяй набраць у палон дэмакратычных актывістаў, якія не баяцца ўдзельнічаць у масавых акцыях. Рэжым выканаў сваю задачу. Яны думаюць застрашыць беларускую дэмакратычную моладзь. Гэта зноў удар, ламаюцца лёсы маладых людзей. Гэта працяг палітычных рэпрэсій і ўціск на іншадумцаў у Беларусі”.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч заявіў, што дзень салідарнасьці мае вялікае значэньне:
“Мерапрыемствы такога кшталту сьведчаць тым людзям, якія церпяць за праўду і справядлівасьць, што пра гэтых людзей памятаюць, што іх справа працягваецца. Безумоўна, мы далучаемся і лічым, што ў акцыях гэтага кшталту павінны ўдзельнічаць усе тыя людзі, якім неабыякава будучыня Беларусі, якім неабыякава справа беларушчыны, разумеючы, што на месцы кожнага з тых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні, можа апынуцца любы чалавек, які змагаецца за праўду на нашай зямлі”.
Ініцыятыва праводзіць Дзень салідарнасьці ўзьнікла пасьля таго, як міліцыя 16 верасьня 2005 года разагнала акцыю памяці зьніклых апазыцыянэраў. Тады ўдзельнікі акцыі выйшлі на вуліцу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і партрэтамі Віктара Ганчара, Юр'я Захаранкі і Зьміцера Завадзкага. У той жа дзень моладзевы актывіст Нікіта Сасім ўзьняў джынсавую кашулю як сымбаль супраціву рэжыму ў Беларусі. Ад таго часу дзень салідарнасьці адзначаецца штомесяц 16 чысла.