“Тут з Богам можна пагаварыць”

У 1760 годзе селянін Іван Дзядзько, шукаючы на Васькаўскім востраве валоў, убачыў на грушы абраз Маці Божай у незвычайным зьзяньні. Мялешкавіцкі абшарнік Казімір Аскерка пабудаваў тут царкву.

Пазьней каля царквы ўзьнікла невялікая вёска Васькаўка. Васькаўцы любілі сваю царкву, але ў часы сталіншчыны той храм дазваньня разбурылі бальшавікі. Напачатку 90-х з ініцыятывы вяскоўцаў каля падмурку старой царквы паўстала новая. Маленькая і ўтульная цэркаўка.






Айцец Сімяон, настаяцель Васькаўскай царквы, вельмі любіць свой маленькі храм. Я засьпеў сьвятара, калі той разам з мастаком абмяркоўваў новыя абразы для храма. Айцец Сімяон ахвотна згадзіўся пагутарыць і павёў мяне паказаць падмуркі разбуранай сьвятыні.

Сімяон: “Спачатку вынесьлі ўсё, што каштоўнага было ў царкве. Пасьля прыехалі, за ніжнюю бэльку зачапілі трактарам. Усё зруйнавалі. Пасьля добрае бярвеньне павыбіралі, там стаў клюб з гэтага бярвеньня. Астатняе падпалілі. А людзі паразьбіралі іконы, пахавалі. Пайшлі па дамах камсамольцы, выносілі на вуліцу. Там, дзе крама, было вялікае вогнішча, палілі гэтыя іконы”.

Над былымі падмуркамі стаіць драўляны высокі крыж.






Сімяон: “Гэты крыж паставілі немцы, што цікава. У сорак другім годзе. Калі нашы пачалі наступаць, немцаў ніяк не маглі выдаўбці. У іх былі вельмі малыя страты. Яны сышлі адсюль толькі таму, што пара ўжо была сыходзіць. І яны сказалі, што тут жыве Матка Боска. “І пакуль яна тут жыве і ёй добра, і нам будзе добра”. І яны на месцы старога фундамэнта паставілі крыж. І гэты крыж так і застаўся з тых часоў”.

Карэспандэнт: “Пастаўлены немцамі”.

Сімяон: “Так, так”.

Сялянка Ганна Сачук — адна з тых, дзякуючы каму ў Васькаўцы была адноўлена царква. Яна і грошы зьбірала на будоўлю, і сёньня сьпявае ў царкве.






Ганна: “Харошая царква, харошы бацюшка. Я ў пеўчых там, я сьпяваю”.

Карэспандэнт: “А многа вас там сьпявае?”

Ганна: “Нас сьпявае шэсьць чалавек”.

Карэспандэнт: “Тут толькі па нядзелях?”

Ганна: “І па сьвятах. А ўжо калі ўсяночная, дык тут столькі машынаў, што не расказаць, колькі зьяжджаюцца сюды. І з Мазыра, і зь вёсак”.

Карэспандэнт: “А чаму?”

Ганна: “Ня ведаю. Калісьці тут была старая царква. Калісьці бацька мой нябожчык казаў: “Мая дачка, туды, у тую царкву, мая матка пешшу хадзіла калісьці”. Ну, а з гадамі пабудавалі гэту царкву”.

Спадарыні Ганьне пераваліла за 80. Але якія маладыя ў яе вочы. І які моцны голас! Ганна кажа, што гадоў сваіх зусім не адчувае. Бо ўсё жыцьцё сьпявала.

Ганна: “Папагулялі розныя прастольныя сьвяты, як была маладосьць. Патанчыла я вельмі. Сьпявачка і танцорка была”.

Карэспандэнт: “А якія песьні сьпявалі?”

Ганна: “А такія, якія хочаце. Усякія. Ужо цяпер пазабывала. (Сьпявае:)

Калі каліна адцьвяла, то не ламай каліну.
Калі ты ў арміі ня быў, то не кахай дзяўчыну.
Я помню, помню той часок. Ты плакала за мною.
І на прашчаньне раз у раз махала хустынёю.


Я ўсякіх знала. Я калісьці альбомы дзеўкам пісала. Да пазабывала, такая жытка была. Столькі знала іх, што не расказаць. Я і цяпер у кампаніях падводжу. Вельмі верх прыгожа бяру”.

Аточаная лесам Васькаўка зьнешне нагадвае музэй вясковага побыту пад адкрытым небам. Вулачкі вузенькія і зьвілістыя, некаторыя драўляныя хаты пачарнелі ад часу. У адной з такіх жыве Еўфрасіньня Давыдаўна Інавер — самая старая жыхарка Васькаўкі. Ідучы да яе ў госьці, я хацеў пачуць што-небудзь пра старую царкву, пра жыцьцё да калектывізацыі. Але, сам таго ня хочучы, стаў сьведкам сямейнай сцэны. Паміж бабай Фросяй і яе мужам, вясёлым дзядком падшафэ — дзедам Ванем.

Фрося: “Жывуць усе чужыя людзі. Ужо парожняя Васькаўка. Я думала, мо міліцыянэр”.

Ваня: “Каб мяне забраць”.

Карэспандэнт: “А нашто ж вас забіраць?”

Фрося: “Што век з алкашом я. (Да мужа:) Ідзі, гадасьць!”

Карэспандэнт: “Як вам жывецца сёньня?”

Фрося: “Кепска. П’яніца абражае”.

Карэспандэнт: “А колькі гадоў вы разам жывяцё?”

Ваня: “Сорак сем”.

Карэспандэнт: “Дык вы разам сорак сем гадоў?”

Ваня: “Жывём!”

Фрося: “Мучуся! Страдаю!”

Ваня: “Днём цалуемся, а ноччу сьпім”.

Фрося: “Гэта наказанія!”






Пажадаўшы Інаверам памірыцца хоць да залатога вясельля, я пайшоў далей. Да Сяргея Шчыпера. У гэтага каржакаватага моцнага старога вельмі незвычайны лёс. Вайну стары пачаў у 1940-м, “вызваляючы” буржуазную Літву, затым баявы шлях завёў васькаўца ў Фінляндыю, дзе пад градам куль зь яго ня ўпаў ніводзін валасок. У Айчынную спадар Сяргей удзельнічаў у бітве на Курскай дузе. Але і там выжыў. А скончыў свой паход у чэскай Празе, ваюючы пасьля нямецкай капітуляцыі.

Карэспандэнт: “Літоўцы як сустракалі? Насьцярожана?”

Сяргей: “Не. Літоўцы нармальна былі з нашымі. Літоўцы казалі так — “хай бы немец прыйшоў уперад, дык ён бы жыдоў пабіў, а пасьля б вы немца выгналі”. Яны з рускімі харашо жылі”.

Карэспандэнт: “А за што ж яны так жыдоў не любілі?”

Сяргей: “Чорт іх знае”.

Некаторыя расповеды Шчыпера вельмі перагукаюцца з “Запіскамі афіцэра Чырвонай Арміі” Сяргея Пясецкага.

Сяргей: “Стаялі ў Шаўляі, дык там гарадзішка. Добрае піва ў іх. Там увечары кіно. А старшына і я пайшлі ўвечары гуляць. Сад, а там лісапетаў! Мо дваццаць ці трыццаць! Гэта моладзь пазьяжджалася і гулянку ладзілі. Панапойвалі нас. “Таварычы! Таварычы!” І панапойвалі нас”.

Карэспандэнт: “Як акупантаў вас не ўспрымалі?”

Сяргей: “Ніколі”.

Карэспандэнт: “Хачу спытаць пра Прагу, пра Чэхію”.

Сяргей: “Гэта класна! Мы калі рухаліся, яны выходзілі на дарогу. Гарэлку і закуску трымаюць. “Наздар! Наздар!” — крычаць. О, чэхі страчалі нас! Камандваньне рашыла, што можна падысьці і выпіць трошкі. Падзячыць і пайшоў зноў. Каб не сьмяяліся, што, маўляў, рускія дапавала п’юць”.

Але вернемся да царквы. У 1997-м па навакольлі прайшоў моцны ўраган. У лясах паваліла сотні дрэваў, у самой вёсцы сарвала не адну страху. Але каля царквы з галіны не зьляцеў ніводзін лісьцік. З тае пары Васькаўка стала месцам масавага паломніцтва. Сюды прыяжджаюць хрысьціць дзяцей з Мазыра, спавядацца зь Ельску і нават з Украіны. Але ў самой Васькаўцы з кожным годам людзей становіцца ўсё меней.






Карэспандэнт: “Вёска ўзьнікла пры царкве. Пройдзе гадоў дваццаць. Тут не застанецца народу. А царква будзе дзейнічаць? Нават калі тут застануцца адны дачнікі?”

Сімяон: “Будзе. Заўжды знойдзецца такі чалавек, які прыйдзе менавіта ў гэтую царкву. Так, як і зараз. Людзі ж ідуць не ў бліжэйшы храм. А туды, дзе ім на душы становіцца крыху лягчэй. Я ня тое што, ня дай Бог, сабе ў заслугу стаўлю. Вось я — і яны будуць езьдзіць. Ня ў гэтым справа. Проста храм сам па сабе. Тут месца намоленае. Людзі прыяжджаюць і кажуць, што тут дыхаецца лёгка. Тут з Богам можна пагаварыць. Памаліцца”.