Ад сярэдзіны 1990-х зь Беларусі зьехаў шэраг вядомых бізнэсоўцаў. Шмат каго зь іх на такі крок падштурхнуў досьвед кантактаў з кантрольнымі органамі ажно да пагрозы зьняволеньня. Ці магчыма, што гэтыя бізнэсоўцы вернуцца ў Беларусь? Ці вераць яны ў магчымасьць амністыі капіталу?
Як сьведчаць самі бізнэсоўцы, пераломным для іх стаў 1995 год, калі з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі актывізаваліся новасьпечаныя структуры кантролю, пачалася заканадаўчая рэвізія, і ўрэшце бізнэс “абклалі” з усіх бакоў. Штучная фіксацыя курсу даляра і замацаваньне стаўкі рэфінансаваньня на адзнацы 40% у месяц канчаткова падарвалі дзелавы сэктар, які ў масе сваёй трымаўся на крэдытных рэсурсах. Нават магутныя фірмы не вытрымлівалі падатковага прэсу пры стаячым курсе. Пачаўся ціск на прадпрымальнікаў, якія былі заўважаныя ў ляяльным стаўленьні да апазыцыі і якія на наступных выбарах маглі падтрымаць альтэрнатыўнага Лукашэнку кандыдата.
Старт масаваму ад’езду бізнэсоўцаў даў “сэзон пасадак”
У 1995-м першым трапіў на нары Аляксандар Саманкоў — суўладальнік банку “Эўрапейскі” і кіраўнік Першага рэспубліканскага інвэстыцыйнага фонду, фундатар выбарчай кампаніі Лукашэнкі. Асудзілі яго на 6 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў спробе даць хабар. Сьледам пайшлі бізнэсоўцы і дэпутаты Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Ўладзімер Кудзінаў і Андрэй Клімаў; былы старшыня рады банку “Алімп” Валеры Мацулевіч, кіраўнік Незалежнай кансалтынгавай групы Эдуард Эйдзін, старшыня праўленьня банку “Поиск” Валянціна Сурына і фінансіст гэтага банку Сяргей Каранько, заснавальнік фірмы “Легенда” Барыс Кліменка ды іншыя. На зьмену адноснай стабільнасьці прыйшло рэальнае адчуваньне заўтрашняй непрадказальнасьці. Пачаўся вываз капіталаў. Хто не хацеў выпрабоўваць лёс, ад'яжджаў за мяжу сам.
Сьпіс бізнэсоўцаў, якія пакідалі радзіму, рос імкліва. Першым стаў Аляксандар Пупейка, заснавальнік найбуйнейшага прыватнага холдынгу “Пушэ”, які завёз у Беларусь першую новую іншамарку — “Шкоду”. У 1996-м Пупейка заявіў аб прыпыненьні інвэстыцыйных праектаў у Беларусі і пераводзе іх у Польшчу, Украіну і краіны Балтыі. Гэта было выклікана пачаткам маштабнага ціску на ягоную кампанію: Пупейку абвінавацілі ў невяртаньні крэдытаў на суму 12 мільёнаў даляраў. Пупейка пасьпявае зьехаць у Нямеччыну, але ў 1998-м на запыт беларускай пракуратуры яго затрымліваюць на лётнішчы ў Варшаве. Польскія ўлады адмовіліся выдаць бізнэсоўца Беларусі, і ў выніку Пупейка атрымаў у Польшчы афіцыйны статус уцекача.
Пазьней у Польшчы аселі іншыя прадпрымальнікі: дырэктар Беларускай фондавай біржы Валеры Кругавы, заснавальнік кампаніі “Дайнова” Адам Палюховіч, дырэктар СП “Метинком” Леанід Воўк, банкір Дзьмітры Шаткін. Фінансістка Натальля Шаўко перабралася ў Чэхію, экс-кіраўніца прадпрыемства “Памакс” Жана Няхайчык — у Францыю, дырэктар каапэратыву “ДИА” Георгі Астроўскі — у Канаду.
Да ўраджэнцаў Беларусі, якія яшчэ пры Саюзе зьехалі ў Расею — энэргетычнага манапаліста, барысаўца Анатоля Чубайса і гамельчука, заснавальніка “МДМ-банку” Дзьмітрыя Мартыненкі — дадаліся спонсар беларускай кампартыі Анатоль Лашкевіч, першы намесьнік старшыні КДБ Валеры Кез і адзін з кіраўнікоў Савету бясьпекі Валеры Паўлаў, якія заняліся бізнэсам у Расеі. Зьехаў ад пільнай апекі нават былы кіраўнік Упраўленьня справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкоў са сваім сябрам, уладальнікам “Конта-груп” Віктарам Лагвінцом. Пасьля адседкі і няўдалай спробы далучыцца да палітычнага жыцьця ў Беларусі зьехаў ва Ўкраіну Ўладзімер Кудзінаў.
Між тым раз-пораз беларускія ўлады заяўляюць пра намер абвясьціць амністыю беларускім капіталам, якія зараз працуюць на карысьць іншых дзяржаваў. У красавіку на чарговым пасяджэньні Кансультацыйнай рады па замежных інвэстыцыях пры Савеце міністраў зноў прагучала прапанова легалізацыі бізнэсоўцаў, якія з розных прычынаў пакінулі Беларусь. Аднак прыкладаў вяртаньня на радзіму — адзінкі. Адзін зь першых беларускіх мільянэраў Уладзімер Эфрон на агульнай хвалі пакінуў Беларусь у сярэдзіне 1990-х. І толькі летась, ужо цяжка хворы, вярнуўся з Ізраілю. Пры канцы мінулага году ён памёр і быў пахаваны ў Менску.
Кандыдат эканамічных навук Валеры Кругавы, якому ў 2001 годзе Польшча дала статус палітычнага ўцекача, лічыць заявы пра ўсялякія “фінансавыя амністыі” дэмагогіяй беларускіх уладаў:
“Гэта абсалютна пустыя заявы, за якімі нічога не стаіць. Чалавек, які мае магчымасьць пра нешта сказаць, пэрыядычна заяўляе пра тое, што яму блізка: тэлефаністы — пра тэлефоны, хтосьці яшчэ пра нешта. Гэта пустыя заявы, у рэальнасьці яны пад сабой ня маюць нічога. Калі вам хочацца гэтую тэму абмяркоўваць — калі ласка, толькі гэта не ідэальная нагода. Беларускія ўлады ніколі нават намёку на гэта рабіць ня будуць. Абсалютна пустыя размовы, таму што ўлады ў гэтым кірунку ніякіх крокаў не рабілі і рабіць ня хочуць.
А калі тэарэтычна, “калісьці і хтосьці” 2-3 словы на гэтую тэму скажа, то дурнавата гэта нават камэнтаваць. І не таму, што я ад уладаў пацярпеў і нібыта на іх пакрыўджаны. Я вам пра гэта кажу як экспэрт, як эканаміст, як кандыдат эканамічных навук, а ня проста як прадпрымальнік, які калісьці зьехаў зь Беларусі. Увогуле, з гледзішча беларускага рэжыму гэтая тэма пустая. Гэта як камэнтаваць, скажам, прыватызацыю, якая можа некалі адбыцца, ці яшчэ што. Пра што казаць, калі прыватызацыі не было, няма і ніколі ня будзе?”
Улады даюць падставы да зьяўленьня новых бізнэс-мігрантаў
Кіраўнік сеткі забаўляльных установаў “Dankoff” Юры Данькоў кажа, што прынцыпова нічога ў дзеяньнях уладаў ад сярэдзіны 1990-х не зьмяняецца. Па-ранейшаму фіскальныя органы распранаюць прыватны бізнэс, прымушаючы яго пераходзіць на шэрыя схемы працы, а ўрэшце — пераводзіць капіталы ў рэгіёны сьвету, дзе яны ў адноснай бясьпецы:
“Гульнявы бізнэс правяраюць, як ніякі іншы. Прыйшлі, знайшлі ў “Данькоў-клюбе” больш за 10 парушэньняў! Якія гэта парушэньні? Туалетная папера не ляжала, у інфармацыйным кутку было штосьці ня тое напісана, нейкае чарговае палажэньне своечасова не замяніў. Вось што! Я разумею, каб яны знайшлі, што ў “Данькоў-клюбе” адмываюцца грошы наркамафіі, мільёны даляраў, якія дзесьці на тэрыторыі прыкапаныя. Каб знайшлі нейкі левы тавар, несэртыфікаваны. Яны нічога тут не знайшлі. І ўсё роўна выйшлі з адміністратыўнымі штрафамі. Вось мы, маўляў, пакаралі вас за тое, што вы, Юры Пятровіч, вырашылі палепшыць умовы, самі зрабілі рамонт, а не пайшлі па коле, не абівалі паўтара года парогі кабінэтаў, ня клянчылі дапамогі. Вось за гэта яны пакаралі. Данькоў парушыў закон горадабудаўніцтва”.
У апошнія гады гучныя суды над беларускімі бізнэсоўцамі не спыніліся. За кратамі – пасьпяховы банкір, старшыня праўленьня “Комплекс-банку” Яўген Краўцоў. Ягоны лёс падзяліў адзін з кіраўнікоў “Джэм-банку” Аляксандар Татарынцаў.
У 2004-м арыштаваны буйны гандляр нафтай, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Скутаў. Ягоную справу зьвязалі з адначасовым арыштам дырэктара наваполацкага “Нафтану” Канстанціна Часнавіцкага. На нары выправілі цэлую групу бізнэсоўцаў, якія працавалі пад дахам фірмы “Белая Русь” — імі апекавалася тагачасная кіраўніца Ўпраўленьня справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова.
Ян Апаленіс уваходзіць у лік найбольш пасьпяховых бізнэсоўцаў Латвіі. Нарадзіўся і вырас у Іўі, тут пачынаў зарабляць першыя грошы. Цяпер ён уладальнік сеткі гатэляў, мае ўласны самалёт і шыкоўны дом на высьпе пасярод Даўгавы ў цэнтры Рыгі. Вяртацца на радзіму асаблівага жаданьня ня мае. Пра магчымасьць заробку ў Беларусі кажа ці то жартам, ці то сур’ёзна:
“Што я рабіў бы ў Беларусі, калі б застаўся? Я думаю, што таксама займаўся б бізнэсам. Бо яшчэ ў дзяцінстве, калі жыў у пасёлку гарадзкога тыпу Іўе (на радзіме Пазьняка, дзе ён тады рабіў у пасёлку фатографам), марыў пра добры заробак. І думаю, што жыў бы нармальна. Калі на прымітыўным узроўні разважаць, то вырасьціў бы двух парсюкоў. Колькі змог бы — два, на наступны год ужо чатыры. Зьявіліся б якіясьці грошы. Я іх пусьціў бы ў абарот, можа, павялічыў бы пагалоўе. Потым наняў бы, думаю, суседа. Паціху прыцягнуў бы да справы шырэйшае кола людзей. І яны маглі б зарабляць, і я таксама зарабляў бы. Але я ўжо займаўся б, як цяпер кажуць, маркетынгам, збытам прадукцыі”.
Эканаміст Міхал Залескі ня ўпэўнены, што ўлады Беларусі кажуць шчыра, калі гавораць пра магчымыя палёгкі для бізнэсу. А так званая “амністыя капіталаў”, на ягоную думку, гэта спосаб вяртаньня грошай, раней выведзеных зь беларускіх актываў тымі, хто зараз пры ўладзе. Апальныя бізнэсоўцы ў гэты сьпіс не трапляюць:
“Стаўленьне было адмоўнае да новага капіталу. І тое стаўленьне паспрыяла таму, што ў нас захавалася партыйна-намэнклятурная эліта, якая была яшчэ за саветамі, а таксама эліта гандлёвая. Гэтая эліта зараз набрала сілу, умацавалася і хоча тыя грошы, якія яна вывела за мяжу, вярнуць назад. То бок, для сваіх дзетак і ўнукаў камуністы вяртаюць грошы з-за мяжы. Вось так сытуацыя выглядае ў Беларусі на сёньняшні дзень. Ці насьпеў гэты момант для іх? Яны гэта самі вырашаць, бяз нас”.
Карэспандэнт: “А што да гучных прозьвішчаў апальных бізнэсоўцаў – калі дыстанцыявацца ад ужо вядомых судовых выракаў, то даводзіцца канстатаваць: вялікая колькасьць іх не па сваёй волі аказаліся за мяжой...”
“Тых людзей назад, я так думаю, ніхто ня пусьціць. Яны проста не належалі да таго кола, якое зараз кіруе краінай і якое кіравала ўсе 70 гадоў савецкай улады. Яны выпадалі з абоймы, яны былі сапраўды новыя людзі, чаго ім урэшце не даравалі. Іх проста “разьвялі”, кажучы тэрміналёгіяй зладзейскай. Іх пасварылі паміж сабой, пасварылі з уладай, пасварылі як толькі можна пасварыць людзей. І, абдурыўшы, выкінулі – каго з грашыма, а каго і без грошай. Памер капіталаў, якія апынуліся разам зь імі за мяжой, насамрэч мізэрны. Але такімі дзеяньнямі была створаная сытуацыя, якая насьцярожыла заходніх капіталістаў. І гэта адзін з чыньнікаў, які паўплываў на запавольваньне інвэстыцыяў у Беларусь”.