14 траўня 1995 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам. У яго выніку беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, а нацыянальныя сымбалі – бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня – былі замененыя ў якасьці дзяржаўных на падкарэктаваныя савецкія. Ці стаў той дзень паваротным пунктам у найноўшай гісторыі Беларусі? Як зьмянілася стаўленьне грамадзтва да мовы і нацыянальных сымбаляў за гэтыя гады? На гэтыя пытаньні адказвае старшыня БНФ, у 95-м годзе –дэпутат Вярхоўнага Савету Лявон Баршчэўскі
Цыганкоў: “Ці можна назваць той рэфэрэндум пэўнай паваротнай кропкай у найноўшай беларускай гісторыі? І калі гэта быў паварот, то – куды, у які бок?”
Баршчэўскі: “Гэтая кропка, наадварот, зафіксавала тое, што было да гэтага. Ратавала тое, што маглі незваротна страціць людзі, якія кіравалі шмат гадоў – старая намэнклятурная ўлада. І яна здолела на зрабіць якраз павароту ў бок дэмакратызацыі, рэформаў, фармаваньня сучаснай дынамічнай беларускай культуры”.
Цыганкоў: “Калі сьцьвярджаюць, што гісторыя чамусьці вучыць, то – ці можа той чорны, на думку многіх, дзень даць нейкія ўрокі, які павінны быць засвоеныя?”
Баршчэўскі: “Урок адзін – непадрыхтаванаму грамадзтву можна навязаць усё з дапамогай сучасных мэдыяў, нават нейкія абсурдныя рэчы і рашэньні. Гэта трэба ведаць тым, хто займаецца палітыкай, у плянаваньні сваёй дзейнасьці. Рэфэрэндум упершыню ў беларускай гісторыі паказаў усемагутную ролю сродкаў масавай інфармацыі”.
Цыганкоў: “Як за гэтыя гады зьмянілася беларускае грамадзтва? Калі б сёньня праходзіў такі рэфэрэндум, ці прагаласавалі б беларусы па-іншаму? Ці тыя ж СМІ, якія прыналежаць дзяржаве, зноў не дадуць права на свабодны выбар?”
Баршчэўскі: “Другая палова вашага пытаньня ўтрымлівае і адказ. Безумоўна, усё залежыць ад таго, наколькі грамадзтву ўдасца патлумачыць. Сёньня сымболіка існуе пад жорсткай забаронай, а мова пад страшэнным уціскам – эканамічным і псыхалягічным. Таму, калі сёньня праводзіць на непадрыхтаванай глебе рэфэрэндум – ніякіх іншых вынікаў ён ня даў бы”.
Цыганкоў: “Але калі адкінуць канкрэтныя сёньняшнія палітычныя абставіны – як зьмянілася грамадзтва ў стаўленьні да гэтых пытаньняў за гэтыя 13 гадоў?”
Баршчэўскі: “Якраз у стаўленьні да сымболікі ў 1995 годзе быў даволі спрыяльны момант. Абсалютная большасьць грамадзтва нармальна прыняла гістарычную сымболіку. А тое, што рабілася за гэтыя гады з дапамогай спэцыфічнага заканадаўства і прапаганды – пагоршыла сытуацыю. Нават большасьць моладзі могуць пражыць да 20-25 гадоў і проста ня ведаць пра існаваньне нацыянальнай сымболікі Так што я б не сказаў, што сытуацыя кардынальна палепшылася. Але цяпер сфармавалася значна большая колькасьць людзей, якія гатовыя адстойваць мову і сымболіку, для якіх гэта ёсьць каштоўнасьцю”.