“Хто бяз флікера — усіх у будку”

Васілевічы, Рэчыцкі раён. Эфір 1 траўня 2008
Васілевічы маюць статус гораду, але такіх велізарных лужынаў я ня бачыў і ў вёсках. Пасьля дажджу па васілевіцкіх вуліцах ня едзеш, а паволі пераплываеш з адной лужыны ў другую. Але першы сустрэты мною чалавек выглядаў як цалкам шчасьлівы і задаволены жыцьцём. На адным з зарослых бур’яном завулкаў, што туліцца да чыгункі, усьмешлівая старая зьбірала кветкі. І столькі было ў гэтым яе занятку захапленьня і радасьці, што я ня мог не загаварыць.


Карэспандэнт: “Вы зьбіраеце — як гэта называецца, пралескі?”

Кабета: “Я ня ведаю. Там іх многа ўзышло. Па ўсёй дарозе і туды. Пралеска, напэўна”.

Карэспандэнт: “Вы зьбіраеце, каб прадаваць іх?”

Кабета: “Не, гэта я хачу сабе пасадзіць на лужу. У мяне ў двары лужа, і яна пустая. Думаю, накапаю. На клюмбах у людзей, гляджу — у, бляха, думаю. Хацела ўкрасьці на клюмбе, а тут гатовая”.

Карэспандэнт: “Як жывецца зараз у Васілевічах?”

Кабета: “Добра. Як тут можа жыцца? Работы няма маладым. Нічога няма. Адным пэнсіянэрам можна яшчэ трохі жыць. А маладым дзе тут сёньня папрацуеш?”

Карэспандэнт: “Ува ўсіх твары такія сумныя, а ў вас твар вясёлы”.

Кабета: “Вось кветак накапала, насаджу на лужу сабе”.

Як мала часам трэба беларускаму чалавеку для паўнаты жыцьця. Зрэшты, у той сытуацыі, у якой апынуліся Васілевічы, высаджваньне пралесак на лужыны — не найгоршы занятак.

У Васілевічы мяне запрасіў Павал Наздра, грамадзкі актывіст і сябра Маладога Фронту. Свой шпацыр мы пачалі ад вакзалу. Навюткі вакзальны будынак навісае над аднапавярховай забудовай, дзе ня рэдкасьць закалочаныя дамы. Адсюль больш ад’яжджаюць, чым імкнуцца сюды. Працы ў Васілевічах амаль няма.


Павал: “Было шмат прадпрыемстваў. Мэблевая фабрыка, малочны завод, сырзавод тут быў. Будавалі два заводы кансэрваў — недабудавалі. І крухмальны завод будавалі — недабудавалі. Хлебазавод яшчэ працаваў”.

Карэспандэнт: “Але зараз...”

Павал: “Зараз практычна нічога не засталося з таго, што я назваў. Гэта адзіны горад у Беларусі, дзе людзям няма дзе працаваць. Адзіны горад. Бо ў кожным горадзе ёсьць прадпрыемствы горадатворныя, на якіх людзі працуюць. А ў Васілевічах няма ніводнага. Большасьць насельніцтва тут беспрацоўныя”.

Карэспандэнт: “Ну які-небудзь бізнэс тут ёсьць? Які квітнее?”

Павал: “Адзіны бізнэс — гэта нелегальны продаж алькагольных вырабаў. Самагонаварэньне — адзіны квітучы бізнэс. Яшчэ адзін бізнэс, які квітнее — гэта рытуальныя паслугі. Бо людзі п’юць і мруць. Больш тут нічога не квітнее”.


Пакуль нехта памірае, нехта павінен і нараджацца. У гарадзкім шпіталі купка жанчын, што чакалі сваёй чаргі ў розныя кабінэты, на пытаньне “што добрага ў жыцьці” адказалі наступнае: “Добрага мала, але ж вельмі нам пашанцавала з доктарам-гінэколягам. І вельмі шкада, што праз два гады пасьля інстытуту яна ад нас зьедзе”.

Пасьля такога адказу я заняў чаргу ў кабінэт гінэколяга.


Карэспандэнт: “Тут ёсьць для Вас праца? Людзі нараджаюць дзяцей?”

Алеся: “Ну, так. Нараджаюць, але мала”.

Карэспандэнт: “Больш нараджаюць ці робяць аборты?”

Алеся: “Маё стаўленьне да абортаў адмоўнае. Я ніколі іх не рабіла, не раблю і рабіць ня буду. Я веруючы чалавек, і таму я не займаюся гэтай практыкай. Але зараз, я хачу сказаць, іх мала ўжо. Спачатку было многа. За тыдзень адзін-два выпадкі перарываньня цяжарнасьці”.

Карэспандэнт: “А колькі ў сярэднім нараджаецца ў Васілевічах дзяцей?”

Алеся: “За месяц? Два-тры чалавекі”.

Карэспандэнт: “І на гэтыя два-тры народжаных...”

Алеся: “На адну цяжарную жанчыну — пяць абортаў. Гэтую лічбу нам разбаўляюць камэрцыйныя цэнтры. І ў “аблздраве” яны не адлюстроўваюцца.

Карэспандэнт: “Вы адчуваеце сябе такім байцом. Вы намагаецеся іх пераканаць. Атрымліваецца?”

Алеся: “Рэдка. У асноўным яны ўжо прынялі рашэньне”.


Аднак працягнем нашу вандроўку. Напэўна, каб у падарожнікаў не складалася занадта змрочнае ўражаньне ад гораду, улады панабудавалі, дзе маглі, яркія драўляныя дэкарацыі. У выглядзе дамкоў-церамкоў, калодзежаў, маляваных вазкоў ды грыбкоў.


Часам гэтыя церамкі суседнічаюць з руінамі. І весялей не становіцца.

Павал: “Вось праходзім каля будынку былога аддзяленьня міліцыі. Зараз з гэтага пастарунку зрабілі Дом быту. Там толькі два чалавекі міліцыянтаў засталося. І то адно для прыліку”.

Карэспандэнт: “Слухай, які цудоўны горад. Я хачу тут жыць”.

Павал: “Цагляны дом. 50 сотак зямлі, сад. І ўсё гэта за восемсот даляраў прадавалі. Недалёка ад чыгункі за 500 прадавалі дамы. Жыльлё каштуе тут танна. Але ж ніхто ня хоча тут жыць”.

Карацей, калі прадаць аднапакаёвую кватэру ў сталіцы, у Васілевічах можна прыцэньвацца да парачкі вуліцаў. Але ж рана я ўзрадаваўся ціхаму кутку. Міліцыянты з райцэнтру тут робяць сапраўдныя аблавы. І патрапіць у аўтазак тут можна не за наяўнасьць нацыянальнага сьцягу, а за адсутнасьць флікера. Паслухаем жыхарку Васілевічаў — Натальлю.

Натальля: “Увечары, яшчэ сьветла было, хто бяз флікера ішоў, усіх у будку, у машыну папіхалі. І кожнаму штраф. Дарослых — на сямнаццаць тысяч. За тое, што бяз флікера”.

Карэспандэнт: “А колькі чалавек было?”

Натальля: “Многа. Будка цэлая. Можа, чалавек трыццаць”.

Карэспандэнт: “Карацей, тут бяз флікера хадзіць небясьпечна”

Натальля: “Так. Каля яны ня ловяць злачынцаў, а грошы зарабляюць”.

Карэспандэнт: “Я па вашай вуліцы бяз флікера ўвечары не пайду”.

Гарадзкі галава, якраз як я хадзіў па Васілевічах, быў у ад’езьдзе. Хочацца верыць, што ён займаўся праблемаю лужынаў. Таму мне давялося размаўляць зь людзьмі простымі.

Знайсьці чалавека цьвярозага на вулках Васілевічаў — задача зь нялёгкіх. Як правіла, гэта будзе чалавек сталага веку. Бо ўсе цьвярозыя маладзёны зьехалі. Хто ў Маскву, хто ў Рэчыцу ці Гомель. Сямідзесяцігадовы прыгажун, высокі вусач Анатоль зь непадробным сумам глядзіць на жыцьцё.


Анатоль: “Няма ніякай увагі да Васілевічаў. Нічога не будуецца. Вось завод будавалі-будавалі, кінулі. Усё там разрабавалі. Вось труба толькі стаіць адна”.

Карэспандэнт: “А што за завод?”

Анатоль: “Кансэрвавы завод. Васілевічы непэрспэктыўныя. Назвалі ГП. Цяпер мы сталі горадам. А толку, што мы горад? Проста горад, каб болей начальству плацілі, атрымлівала грошы”.

Карэспандэнт: “А вы ня ведалі Захаранку Юрыя?”

Анатоль: “Ведаў. Цудоўна ведаў. Добры чалавек быў, але сапсаваўся. Пісалі — праўда, няпраўда? Што, маўляў, грошы далі на ўзмацненьне міліцыі, а ён давай генэралам будаваць дачы. І разбазарыў гэтыя грошы. А бандытызм разьвёўся, ён і зараз квітнее”.

Карэспандэнт: “Шмат хто лічыць, што яго “прыбралі”.

Анатоль: “Яго маглі свае прыбраць. Тыя, каму ён грошы даваў”.

Адкуль такія зьвесткі пра былога міністра ўнутраных спраў, спадар Анатоль ня памятае.

Ульляна Рыгораўна Захаранка жыве, напэўна, у самым гожым кутку Васілевічаў. Недалёка ад маляўнічай сажалкі. Яна рэдка выходзіць з дому, бо здароўе пагаршаецца з кожным днём. Гаварыць са спадарыняй Ульлянай вельмі цяжка. Бо ў яе доме тая бяда, што здарылася зь яе сынам, не прытупляецца зь цягам часу. А толькі яшчэ мацней баліць.


Карэспандэнт: “Як жывяце? Прабачце за такое пытаньне”.

Ульляна: “Ну як я жыву? Я дзень і ноч плачу. Вось я жыву. Мучаюся. Пакуль хлопцы былі, было лепш. А цяпер, як ня стала, дык страшныя перажываньні. Я ні дня, ні ночы ня бачу. Усё плачу. Бедны Юра працаваў. А як прыедзе ў вёску, дык і паша, і бульбу капае, і сее, і дровы цягае. Усё рабілі. Яны не былі такія, што прыехалі ды гулялі. Усё памагалі”.

Карэспандэнт: “А што вы чытаеце? “Народную Волю”?

Ульляна: “Народную Волю” я чытаю”.

Карэспандэнт: “А Лукашэнку слухаеце? Можаце глядзець на яго?”

Ульляна: “ Ой, я амаль што не гляджу. Бо я чуць пагляджу, у мяне ціск падымаецца. Ды я на яго ня хочу і глядзець. Яго Бог накажа”.