Гомель: “Кіраўнік дзяржавы павінен быць прыкладам ва ўсіх адносінах”

Спадарыня: “Ці павінен быць прыкладам? Вядома, павінен! Бо людзі глядзяць на чалавека, які, атрымліваецца, кіруе краінай. Глядзяць, натуральна, і робяць высновы, што ім рабіць, а што — не”.
Спадар: “Я думаю, так! Ён павінен быць прыкладам для нашых людзей ва ўсім — і ў сям’і, і ў побыце”.
Спадар: “Дапусьцім, наш кіраўнік Лукашэнка — ён добры спартовец, сапраўды здаровы чалавек. І яшчэ мне падабаецца, што ён сябра Уга Чавэса”.
Спадар: “Кіраўнік дзяржавы павінен быць прыкладам ва ўсіх адносінах — у сям’і, у побыце, у палітыцы. Ад гэтага залежыць павага да прэзыдэнта. Калі біць кулаком па стале, людзі па-іншаму яго ўспрымаюць”.
Спадарыня: “Вядома, павінен. І найперш адпавядаць той ідэалёгіі, якую ён нясе грамадзянам. Каб грамадзяне былі ўпэўненыя, каб яго лад жыцьця быў прыкладам для грамадзянаў краіны”.
Спадар: “Ён павінен ставіцца да народу, як да сваёй сям’і. Мы ўсе ягоныя дзеці”.
Спадар: “Я бачыў праз тэлевізар, як сын Лукашэнкі адламаў кавалак бліна і пытаецца: “Тата, чаму бліны халодныя?” Пазашлюбны сын прэзыдэнта — гэта непрыгожа і нядобра. У Клінтана было закуліснае каханьне ў кабінэтах — скандал быў велічэзны”.
Спадарыня: “У сям’і, дома, на службе — усюды павінен быць сумленны чалавек”.
Спадар: “Сям’я — гэта асабістая справа кожнага, гэта не паказьнік”.
Спадар: “У першую чаргу ён павінен быць прыкладам у любові да сваёй дзяржавы, да народу і ва ўсім тым, што ўласьціва харошаму чалавеку”.
Спадарыня: “Я лічу, што ён павінен найперш адпавядаць статусу зьнешне.
І, вядома, узровень адукацыі павінен быць адпаведны. Калі ён кіруе, ён павінен быць падкаваны ва ўсіх сфэрах. Дом, побыт — асабістая справа кожнага чалавека. Людзі, якія правяць, яны, звычайна, добрыя сем’яніны”.
Спадарыня: “Я выдатна стаўлюся да нашага прэзыдэнта. Я ведаю, што ў яго ёсьць жонка, два сыны. Ён і ёсьць прыклад! Ён усё будуе. Паглядзіце, як нам дапамагаюць!”
Спадар: “Само сабой, іначай ён ня мае права быць прэзыдэнтам. Гэта ж элемэнтарна! Але на сёньня я ня бачу такога аўтарытэтнага чалавека”.
Спадарыня: “Ва ўсім павінен быць прыкладам — на працы, дома. Усюды! Каб дзяржава нашая разьвівалася”.