Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, за рулём уласнага аўтамабіля “накруціў” на мінулым тыдні па Расеі больш за тысячу кілямэтраў:
“Па-першае, я хачу адзначыць, што рэгістрацыя беларускага транспарту на расейкай мяжы як была раней, так і застаецца. Як мне патлумачылі, яе адмянілі толькі на адной трасе: Менск — Масква. На ўсіх іншых дарогах яна застаецца. І без рэгістрацыі ў Расею ня ўедзеш.
Па-другое, бяруць грошы за карыстаньне расейскімі дарогамі. Я ехаў зь Менску на Наваполацк і далей на поўнач. Заплаціў амаль 10 даляраў. А дарога страшная — ні праехаць, ні прайсьці. Таму за што бяруць грошы — незразумела.
І па-трэцяе, стаўленьне да беларусаў тое ж самае, што і да расейцаў: калі ты нешта парушыў, давай хабар — і можаш ехаць далей. А не даеш грошы, дык і не адпускаюць. Карацей, як бралі грошы, так і бяруць”.
Спадар Аляксандар езьдзіць у Расею ўжо амаль 10 гадоў. Ён кажа, што ўсе кіроўцы баяцца транспартнай міліцыі:
“Яны правяраюць рэжым працы, дакумэнты могуць праверыць, глядзяць, загружаны ты ці не... Але галоўнае — рэжым працы. Цяпер як у Нямеччыне, глядзяць, каб кіроўца спаў, адпачываў. А ў Расеі — хто сьпіць і адпачывае? Там пагналі і пагналі”.
Аляксандар працуе ў расейскай фірме і езьдзіць на фурах з расейскімі нумарамі:
“Нас мала спыняюць. А як едзе беларус, ці літовец, ці паляк — дык адразу спыняюць: “А ну, ідзі сюды!”. Яны езьдзяць і баяцца, бо іх увесь час валтузяць. Даеш 100 рублёў расейскіх і едзеш далей. Ніякага пратаколу не складаюць, нічога.
А мяжа? Мы з расейскімі нумарамі пралятаем умомант. А беларусы ды ўсе астатнія стаяць — афармляюць часовы ўвоз. І стаяць чэргі кілямэтрамі. І 10 кілямэтраў бывае, і 15”.
Менскі кіроўца, якога завуць Валер, часта перавозіць тавары на ўласным грузавым аўтамабілі ў Расею. Ён цьвердзіць, што супрацоўнікі ДАІ Расеі ня робяць прынцыповай розьніцы паміж беларусамі і расейцамі:
“Нават да беларусаў, можа, і прасьцей ставяцца, бо мы — бедныя. Часам шкадуюць з-за Лукашэнкі. Я ня ведаю, тут жа хутчэй рэч у чалавечым фактары, а не ў нацыянальнай прыкмеце”.
Яшчэ адзін кіроўца зь Менску, Сяргей, кажа, што сёлета ён праехаў Літву, Латвію, Польшчу, Нямеччыну, Расею. Ён адзначае: толькі ў Расеі адчуў да сябе пагардлівае стаўленьне.
“Нідзе ў Эўропе такога няма. У Расеі да нас ставяцца вельмі пагардліва. Як да людзей другога гатунку. Едзеш і адчуваеш, што ты — ніхто. Супрацоўнік ДАІ — як кароль. Ён усё вырашае. А ты — ніхто. Вось такое стаўленьне я адчуў”.