Якія прэтэнзіі да супрацоўнікаў ДАІ маюць вядомыя грамадзкія дзеячы з салідным вадзіцельскім стажам?
Большасьць апытаных намі вядомых грамадзкіх дзеячаў Беларусі — актыўных вадзіцеляў — кажуць, што пасьля таго як у ДАІ пачалі патруляваць толькі афіцэры, прэтэнзій да дарожнай інспэкцыі паменела.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька мае вадзіцельскія правы з 1978 году.
“Пасьля таго, як быў заменены склад ДАІ і сталі на дарогах афіцэры, то многія супрацоўнікі пазнаюць. Гэта таксама плюс. А што датычыць праблемных сытуацый, то яны ўзьнікалі тады, калі ДАІ кіравалі супрацоўнікі спэцслужбаў. І такіх сытуацый у мяне было некалькі”.
Выпадкі неабгрунтаванага спыненьня і праверкі машыны ў Анатоля Лябедзькі пераважна зьвязаныя з паездкамі на апазыцыйныя нарады ў рэгіёны ці на перадвыбарчыя імпрэзы, з распаўсюдам газэт і агітацыйнай прадукцыі.
Адзін зь лідэраў менскіх прадпрымальнікаў Алесь Макаеў таксама шмат гадоў водзіць машыну. Ягоны досьвед канфліктаў з ДАІ зьвязаны з прэвэнтыўнымі захадамі ўладаў перад апазыцыйнымі акцыямі. Зь ім гэта здарылася, у прыватнасьці, перад вечарынай памяці ксяндза Гадлеўскага і перад Днём Волі-2007:
“Яны ў мяне забіралі дакумэнты, казалі, што мая машына крадзеная... Гэта былі два выпадкі. А так на дарозе яны звычайна далікатна паводзяць сябе”.
Алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч водзіць машыну з 1975 году. Ён кажа, што на ДАІ скардзіцца грэх, але зь некаторымі дзеяньнямі супрацоўнікаў інспэкцыі ён не пагаджаецца. У прыватнасьці, са спыненьнем машын для праверкі дакумэнтаў:
“Калі я нічога не парушаю, яны ня маюць права спыніць мой аўтамабіль. Гэта маё перакананьне. За мяжой ніхто цябе ня спыніць, калі ты не парушаеш і нічога злачыннага не вытвараеш”.
Старшыня БХК Алег Гулак актыўна водзіць машыну 8 гадоў. Ён перакананы, што калі дарогі пачалі патруляваць афіцэры, праца ДАІ стала больш карэктнай.
“А да гэтага былі выпадкі, калі я сутыкаўся з грубасьцю, непрафэсіяналізмам, нахабствам супрацоўнікаў ДАІ. Нават пару разоў даводзілася скардзіцца. І я дамагаўся свайго, адстойваў свае правы”.
Паводле спадара Гулака, калі цяпер супрацоўнікі ДАІ і спрабуюць рабіць нейкія незаконныя рэчы, напрыклад — здымаць нумары машыны, але разумеюць, што вадзіцель будзе скардзіцца, то звычайна яны адмаўляюцца ад сваіх намераў.