13-га траўня ў Менскім гарадзкім судзе будзе разгледжаная скарга расейскага грамадзяніна Расеі Сяргея Астроўскага на прысуд, які ў красавіку вынес яму Цэнтральны раёны суд Менска.
Суд прызнаў расейца вінаватым ў лаянцы на міліцыянтаў і пакараў грашовым штрафам. Між тым Сяргей Астроўскі сьцьвярджаў, што справу супраць яго нібыта сфальшавалі, каб “пакрыць” супрацоўнікаў ДАІ, якія, паводле ягоных словаў, “вымагалі ў яго хабар, пагражаючы крымінальным перасьледам”.
Сёньня я патэлефанаваў Сяргею Астроўскаму на нумар ягонага мабільнага тэлефону. У гэты момант расеец быў у Нямеччыне.
“Зараз я ў Нямеччыне па справах бізнэсу. На суд не паехаў, і ўвогуле ў вашу Беларусь больш не паеду. Ня маю энтузіязму адносна сваёй скаргі, хутчэй за ўсё яе не задаволяць. Пра гэта сьведчыць узровень законнасьці ў судах Беларусі і тое, як адна структура пакрывае другую”.
Сяргей Астроўскі не выключае, што падасьць пазоў у Эўрапейскі суд, каб “надаць дадатковай ўвагі гэтай справе”.