Скаргу расейскага грамадзяніна не задаволілі

Судзьдзя Менскага гарадзкога суду Сяргей Хрыпач пакінуў без задавальненьня скаргу Сяргея Астроўскага на прысуд Цэнтральнага суду Менску, паводле якога расейскі грамадзянін быў прызнаны дробным хуліганам.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся 13 красавіка. Сяргей Астроўскі сьцьвярджае, што беларускія міліцыянты нібыта вымагалі хабар і зьбілі яго, а каб пазьбегнуць адказнасьці, сфальшавалі супроць яго абвінавачваньне ў брыдкаслоўі.

“Судзьдзя аддаў перавагу таму факту, што раней Сяргей Астроўскі прызнаў сваю віну. Тое, што на працэсе ў Цэнтральным судзе не было сьведак, а майму падабароннаму не далі адваката, судзьдзя таксама ведаў, але не палічыў істотным. Безумоўна, правы майго падабароннага былі парушаныя, і я не выключаю, што ён і далей будзе абскарджваць дзеяньні міліцыі”, — паведаміла пасьля разгляду скаргі Сяргея Астроўскага ягоная адвакатка Вера Страмкоўская. Раней адвакатка тлумачыла, што Сяргей Астроўскі прызнаў сваю віну, толькі каб пазьбегнуць арышту ў менскай турме.


Якія прэтэнзіі да супрацоўнікаў ДАІ маюць вядомыя грамадзкія дзеячы з салідным вадзіцельскім стажам?

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька мае вадзіцельскія правы з 1978 году.

“Пасьля таго, як быў заменены склад ДАІ і сталі на дарогах афіцэры, то многія супрацоўнікі пазнаюць. Гэта таксама плюс. А што датычыць праблемных сытуацый, то яны ўзьнікалі тады, калі ДАІ кіравалі супрацоўнікі спэцслужбаў. І такіх сытуацый у мяне было некалькі”.

Выпадкі неабгрунтаванага спыненьня і праверкі машыны ў Анатоля Лябедзькі пераважна зьвязаныя з паездкамі на апазыцыйныя нарады ў рэгіёны ці на перадвыбарчыя імпрэзы, з распаўсюдам газэт і агітацыйнай прадукцыі.


Адвакатка Вера Страмкоўская абараняе інтарэсы расейскага грамадзяніна Сяргея Астроўскага, які спрабуе аспрэчыць прысуд Цэнтральнага раённага суду Менска ў гарадзкім судзе.

“Сяргея Астроўскага судзілі без сьведак, без адваката. Чаму? Хіба гэта ўжо ня ёсьць законнай падставай для адмены прысуду? Мой падабаронны аспрэчвае пратакол, паводле якога нібыта лаяўся на міліцыянтаў. Ён кажа, што мусіў прызнаць сябе вінаватым, інакш яму б далі не грашовы штраф, а некалькі дзён арышту. Напярэдадні ён адбыў у нашай турме ноч, умовы там жахлівыя, таму ён гатовы быў прызнаць што заўгодна, толькі не трапляць у турму зноў. Да таго ж кожны дзень знаходжаньня ў Менску для Сяргея Астроўскага, які ёсьць буйным бізнэсоўцам, пагражаў стратай вялікіх грошай”.

Пацярпелыя ў выніку “спэцапэрацыі” Дзяржаўтаінспэкцыі, “жывога шчыта”, на ўчастку трасы Менск-Мікашэвічы атрымалі запрашэньне зьявіцца 14 траўня для азнаямленьня з матэрыяламі справы ў Менскую абласную пракуратуру.
Гэта пацьвердзіў адзін зь нявольных удзельнікаў апэрацыі Аляксей Берасьнеў:

“Нас на заўтра запрасілі ў пракуратуру. Магчыма, заўтра нешта і скажуць больш уцямнае. Але я так разумею, што ў іх заўтра проста апошні дзень адведзенага тэрміну пад разгляд справы. Дагэтуль мы давалі толькі паказаньні”.

Сяргей Астроўскі знаходзіцца ў Нямеччыне.
У інтэрвію карэспандэнту Свабоды ён сказаў:

“Зараз я ў Нямеччыне па справах бізнэсу. На суд не паехаў, і ўвогуле ў вашу Беларусь больш не паеду. Ня маю энтузіязму адносна сваёй скаргі, хутчэй за ўсё яе не задаволяць. Пра гэта сьведчыць узровень законнасьці ў судах Беларусі і тое, як адна структура пакрывае другую”.

“У Беларусь больш не прыеду”

“Як ставяцца супрацоўнікі дарожнай міліцыі Расеі да беларускіх кіроўцаў?”
З такім пытаньнем наш менскі карэспандэнт зьвярнуўся да людзей, якія часта езьдзяць па расейскіх дарогах.

“Калі нешта парушыў — давай інспэктару хабар”

Сяргей Скрабец сказаў:

“Стаўленьне да беларусаў тое ж самае, што і да расейцаў: калі ты нешта парушыў, давай хабар — і можаш ехаць далей. А не даеш грошы, дык і не адпускаюць. Карацей, як бралі грошы, так і бяруць”.

Аляксандар працуе ў расейскай фірме і езьдзіць на фурах з расейскімі нумарамі:

“Нас мала спыняюць. А як едзе беларус, ці літовец, ці паляк — дык адразу спыняюць: “А ну, ідзі сюды!”. Яны езьдзяць і баяцца, бо іх увесь час валтузяць. Даеш 100 рублёў расейскіх і едзеш далей. Ніякага пратаколу не складаюць, нічога".

“Едуць і баяцца”

13 красавіка
аўтамабіль з расейскімі нумарамі, на якім ехаў па Менску Сяргей Астроўскі зь сябрамі, затрымалі за перавышэньне хуткасьці супрацоўнікі сталічнага ДАІ. Сяргея запрасілі ў міліцэйскі аўтамабіль, каб скласьці пратакол. З парушэньнем расеец быў ня згодны. Паводле ягоных слоў, міліцыянты папярэдзілі, што правы яму давядзецца забіраць у Санкт-Пецярбургу, дзе ён прапісаны, і далі зразумець, што праблему можна вырашыць праз хабар. Спадар Астроўскі адмовіўся і заявіў, што пра гэтую прапанову зробіць запіс у пратаколе. Вось што расеец згадаў пра далейшае:

“Супрацоўнікі ДАІ сталі крычаць пра паклёп і што мяне пасадзяць, а потым міліцыянт, які сядзеў за мной, схапіў мяне за шыю, а другі, які быў зьлева, ударыў мяне ў сківіцу і ў скронь”.

Спадара Астроўскага адправілі спачатку ў пастарунак, а потым у турму. На наступны дзень яго прывезьлі ў Цэнтральны раённы суд да адміністрацыйнай судзьдзі Тацяны Паўлючук. Яго аштрафавалі за дробнае хуліганства.

Праверка МУС стала на бок міліцыянтаў. Але расеец падаў апэляцыйную скаргу. Ён кіруе буйной кампутарнай фірмай і цьвердзіць, што ў выніку гэтых падзеяў страціў буйную суму ў некалькі дзесяткаў тысячаў даляраў. Але найбольш Сяргей Астроўскі быў абураны абыходжаньнем міліцыянтаў і тым, што іх пакрываюць “зьверху”.

Абараняе расейца адвакатка Вера Страмкоўская.