Сацыялісты Эўропы – за свабоду беларускіх палітвязьняў

Прадстаўнікі сацыялістычных партый краін Эўразьвязу рыхтуюць плян вызваленьня беларускіх палітвязьняў.

Спэцыяльны плян дапамогі беларускім палітвязьням абмеркавалі на сустрэчы ў Рызе на выходных новаабраны намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргей Скрабец, Генэральны сакратар партыі эўрапейскіх сацыялістаў Філіп Кардэры і кіраўнік сацыял-дэмакратычнай партыі Латвіі, віцэ-мэр Рыгі Яніс Дзіневікс. Па вяртаньні ў Менск спадар Скрабец сказаў нашаму радыё:

“Лёс беларускіх палітвязьняў, найперш Аляксандра Казуліна, турбуе эўрапейскіх сацыялістаў. Я не маю права расказваць пра ўсе дэталі нашага пляну. Але галоўным тут будзе ціск на беларускія ўлады, найперш з боку тых краінаў, дзе сацыял-дэмакраты знаходзяцца пры ўладзе. Магчыма, здолеем арганізаваць сумесную акцыю ўрадаў некалькіх эўрапейскіх дзяржаваў”.