Пра што пісалі беларускія газэты 12 траўня ў розныя гады мінулага.
* “Вольная Беларусь” у 1918 годзе паведамляе: “У “Беларускай Хаці” (Конскі Рынак, Менск) на першы дзень Вялікадня, 5-го мая, быў пастаўлены Т-вам Беларускай Драмы і Камэдыі ангельскі фарс: “Цётка вінавата”. Ні зважаючы на тое, што за сцэны разносіліся чужыя для беларускага вуха словы: “містэр”, “льорд”, “місс” і т.д., фарс прайшоў вельмі добра, захапіўшы публіку сваім цікавым сюжэтам, пазываўшым на ніутрыманы сьмех”.
* “Вечерний Минск” у 1988 годзе зьмясьціў выступ Зянона Пазьняка на “круглым стале”: “Маё меркаваньне: адмовіцца ад будаўніцтва другой лініі мэтро праз Замчышча і Верхні горад. Трэба адмовіцца і ад будаўніцтва станцыі “Няміга”... Ад катлавану станцыі “Няміга” да станцыі “Кастрычніцкая” адлегласьць 508 мэтраў. У Верхнім горадзе і на Нямізе плянуецца пешаходная зона. За Палацам спорту і каля Замчышча — рэкрэацыйная зона. Дык навошта ж тут станцыя?”
* “Народная воля” ў 1998 годзе да 100-годзьдзя віцебскага трамваю піша: “Віцебскі трамвай, найстарэйшы ў рэспубліцы, уводзіўся ў строй паводле канцэсіі бэльгійскім акцыянэрным таварыствам у 1896—1898 гадах. Да ягонага пуску было пабудавана 5,15 кілямэтра трамвайных ліній. Адкрыцьцё трамвайнага руху ў невялікім губэрнскім горадзе было значнай падзеяй. Мясцовы кампазытар С.Крамэр нават напісаў з гэтай нагоды музычны твор “Трамвай-марш”. Сёньня працягласьць трамвайных шляхоў у Віцебску складае звыш 60 кілямэтраў. Штодня ў гарадзкіх трамваях перавозіцца каля 200 тысяч віцяблян”.