Мінулае восені Радыё Свабода абвясьціла літаратурны конкурс “Адзін дзень у БНР 2008”.
Умовай конкурсу было стварэньне тэксту адвольнага жанру, які б апісваў жыцьцё ў Беларускай Народнай Рэспубліцы ў часы адзначэньня яе 90-годзьдзя. Іншымі словамі, аўтар павінен быў прыдумаць рэаліі БНР, якая ў 1918 годзе перамагла, адбылася і праз 90 гадоў рыхтуецца адзначыць 90-годзьдзе сваёй незалежнасьці. Па электроннай і звычайнай пошце мы атрымалі некалькі дзясяткаў твораў самых розных жанраў – аповесьці, апавяданьні, эсэ, вершы, паэмы, рэпартажы і прыватныя лісты.
Прафэсійнае журы ў складзе Ўладзімера Арлова, Уладзімера Някляева, Алеся Пашкевіча, Сяргея Шупы і Захара Шыбекі напярэдадні 25 сакавіка сёлета вызначыла 12 фіналістаў і прапанавала нашым слухачам выказаць сваю думку аб іх творах, выстаўленых на сайце Радыё Свабода ў інтэрнэце.
Беларуская служба Радыё Свабода ня толькі мае свой “Дом Літаратара”, але і сваю “Бібліятэку”. Прадмовы да ўсіх 14 кніг “Бібліятэкі Свабоды” напісаў дырэктар Беларускай Службы Аляксандар Лукашук.
Абламейка: Аляксандар, калі б мы вырашылі выдаць усе творы-фіналісты конкурсу “Адзін дзень у БНР 2008”, як бы выглядала прадмова?
Лукашук: “Коратка. Увогуле, канечне, вымяраць літаратуру і мастацтва колькаснымі паняцьцямі – доўга, коратка, шмат – не пасуе, але прадмова была б пра гэты фэномэн, правакацыю літаратурнага працэсу, абуджэньне фантазіі, разьняволеньне. Многія беларукія аўтары выдатна аднаўляюць мінулае, ад сярэднявечча да падзеяў мінулых дзесяцігодзьдзяў. Наша ідэя была стымуляваць асэнсаваньне магчымай будучыні. Паводле аднаго з адгалінаваньняў квантавай фізыкі, існуе безьліч паралельных сусьветаў, і калі так, дык ёсьць і БНР падобная да той, як яна можа ўяўляцца нам, і мы нават ведаем імя прэзыдэнта...”
Абламейка: Тут я ўмяшаюся і жартам папярэджу слухачоў, што ў эфіры не “Акадэмія навук”, а “Дом літаратара” і ў студыі ня фізыкі, а журналісты, і паралельныя сьветы, якія мы абмяркоўваем з Аляксандар Лукашуком – літаратурныя творы ўдзельнікаў конкурсу “Адзін дзень у БНР 2008”. Аляксандар, ці можа літаратура стварацца на замову?
Лукашук: “Канечне, і ня толькі літаратура – усе віды мастацтва, ад музыкі да жывапісу і скульптуры, калі паглядзець у гісторыю, пераважна ствараліся на замову, стымуляваліся, іх творцы атрымлівалі падтрымку. Сам працэс творчасьці – справа інтымная і асабістая. Літаратурны конкурс – тое самае, як, напрыклад, сытуацыя, калі Дастаеўскі браўся напісаць раман “Ігрок” на замову выдаўца да пэўнага тэрміну. У нас, праўда, крыху больш свабоды – тут удзел добраахвотны”.
Абламейка: Нагадаю, што прыкладам такога стварэньня кнігі прафэсійнымі літаратарамі зьяўляюцца і кнігі “Бібліятэкі Свабоды”, якія сьпярша ствараліся на замову як радыёперадачы. Напрыклад, перадача “Летні Альбом” Вінцэся Мудрова. Спэцыяльна для летняга цыклю 2006 году ён пісаў свае эсэ пра страшныя, сьмешныя і забытыя словы, якія і сталі кнігай. У такі ж спосаб зьявіліся і кнігі Рыгора Барадуліна “Дуліна ад Бараудуліна” і Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды”.
Лукашук: Самая першая кніга “Бібліятэкі Свабоды” была створана менавіта такім чынам: МЫ запрасілі слухачоў напісаць і прыслаць верш на тэму Свабоды – і кожны дзень на працягу 2001 году аўтары чыталі свае творы – мы тады атрымалі больш за 1000 вершаў, паргучала 365. Сярод аўтараў былі два нобелеўскія ляўрэаты. Віслава Шымборска і Чэслаў Мілаш, самаму малому было 10 год, найстарэйшаму за 90. Гэтая кніга выйшла таксама ў перакладзе на ангельскую.
Абламейка: Многія слухачы памятаюць перадачу “Верш на Свабоду”: пад музыку Джузэпэ Вэрдзі сотні аўтараў чыталі свае вершы пра свабоду ў нашым эфіры ў 2001 годзе. Нагадаю слухачам, што кніга “Верш на Свабоду” даступная ў інтэрнэце, на сайце svaboda.org пад рубрыкай “Саміздат”. Дарэчы, Аляксандар, чаму такая рубрыка?
Лукашук: “На сайце “Свабоды” разьмешчаныя ўсе кнігі, якія мы выдалі, у фармаце PDF – іх можна прачытаць, загрузіць на свой кампутар, перапісаць на флэш-карту, на кампакт-дыск, раздрукаваць – выдаць самому. Мы заклікаем чытачоў працягнуць справу Скарыны – дапамагчы распаўсюдзіць гэтыя кнігі. Іх наклад абмежаваны, але такім чынам яны адступныя значна большай колькасьці чытачоў. Як, дарэчы, і творы-фіналісты конкурсу “Адзін дзень у БНР”. Яны ўсе прагучалі ў эфіры, і цяпер будуць захоўвацца ў электроннай бібліятэцы “Свабоды”. Я дзякую ўсім аўтарам за ўдзел у конкурсе, за дапамогу ў стварэньні новай перадачы. Усе фіналісты атрымаюць прызы “Свабоды” – кароткахвалёвыя радыёпрымачы”.
А зараз – меркаваньні некаторых членаў журы. Я папрасіў іх расказаць пра крытэры, якімі яны кіраваліся пры адборы тэкстаў. Вось думка прэзыдэнта Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімера Някляева:
“Асноўныя крытэры я б назваў два. Калі ўжо пра БНР, то ў тэксьце павінна быць адчуваньне таго, што рэальныя людзі ў рэальных абставінах жывуць у гэтай рэальнай, а не мітычнай нейкай краіне. Другое – пры ўсім тым, што гэта зусім нібыта інакшае жыцьцё, інакшая нібыта краіна, але мне было важнае адчуваньне таго, што ад таго, што была іншая краіна, сутнасьць існаваньня гэтых людзей ніяк бы не зьмянілася, бо яны па прыродзе сваёй такія. І вось такое адчуваньне ёсьць у творах, якія я выбраў”.
Яшчэ адзін член нашага журы – Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч.
“Улічваючы суб’ектыўнасьць усялякіх конкурсаў, я найперш кіраваўся наступнымі крытэрамі: хацелася, каб адзначаныя тэксты былі рознажанравымі, шматплянавымі, і адлюстроўвалі як у традыцыйным, так і ў наватарскім аспэкце ўзьнятую праблему – праблему інсаваньня памяці БНР. Па-другое, сам конкурс быў найперш разьлічаны на творчае адраджэньне, узнаўленьне БНР, таму хацелася, каб фантазія аўтараў спрацоўвала напоўніцу”.
У складзе прафэсійнага журы быў і мой калега, укладальнік двух тамоў “Архіваў БНР” Сяргей Шупа.
“Напачатку, калі мы толькі абвясьцілі ўмовы конкурсу, прынцыпы, якімі б я кіраваўся пры вызначэньні пераможцаў, я ўяляў такім чынам: мяне цікавіла, наколькі праўдападобна ў конкурсных творах будзе выглядаць мадэль альтэрнатыўнай гісторыі, у выніку якой БНР у 1918 годзе перамагла і дажыла да сёньняшняга дня. Але пасьля абвяшчэньня конкурсу мы праводзілі інтэрвію з гісторыкамі, і ў гутарках зь імі стала ясна, што знайсьці больш-менш праўдападобную мадэль альтэрнатыўнай гісторыі даволі цяжка. Таму галоўным крытэрам стаў літаратурны: наколькі я як чытач ужываюся ў гэты літаратурны твор, наколькі я адчуваю яго рэальнасьць. Найменш цікавымі былі творы, дзе жыцьцё ў БНР 2008 году паказвалася як такая аптымістычная, пазытыўная Ўтопія. Гэтыя творы мне нагадалі літаратуру савецкіх часоў, зьмяніліся тольік колеры сьцягоў, а ўсё астатняе, уся атрыбутыка, стылістыка засталася такая савецка-камуністычная. Затое вельмі парадавалі і зацікавілі творы, дзе рэчаіснасьць такой уяўнай БНР падаецца вельмі праблемна. І вось я аддаў свае галасы за гэтае жыцьцё з праблемамі, якія спрабуюць вырашаць героі конкурсных твораў”.
І яшчэ адзін член нашага прафэсійнага журы, доктар гістарычных навук. прафэсар Захар Шыбека:
"Мяне гэты праект трошку зьдзівіў, таму што спалучэньне мастацкай творчасьці і канкрэтных гістарычных падзеяў – рэч не такая простая. Я, у першую чаргу, глядзеў, наколькі гэта ўдаецца – удаецца, найперш, гарманізаваць мастацкія сродкі і гістарычную праўду, якая ня толькі адлюстроўваецца такой, якой яна была, але і мадэлюецца. Я думаю, што гэты экспэрымэнт мае добрыя вынікі. Ён зацікавіў нашых творцаў вельмі важным пэрыядам у гісторыі Беларусі. З 1917 па 1920 год падзеі былі сьціснутыя, той час напоўнены трагізмам людзей-барацьбітоў за незалежную Беларусь. Я кіраваўся ў сваім выбары і тымі мастацкімі сродкамі, што выкарысталі аўтары, і тым уражаньнем, якое гэтыя творы пакінулі. А таксама дакладнасьцю гістарычнай асновы, якая была выкарыстана. Я таксама думаў пра тых маладых людзей, якія будуць чытаць гэтыя творы, і якое яны на іх зробяць узьдзеяньне – гэты фактар я лічу вельмі важным. Вось гэта і ёсьць тыя крытэрыі, якія для мяне і вызначаюць актуальнасьць конкурсных твораў.
Як вы чулі, члены журы асноўным крытэрыем называюць пранікненьне аўтараў у прыдуманую імі, але патэнцыйна магчымую рэчаіснасьць БНР праз 90 гадоў яе існаваньня.
Ну а зараз – імёны пераможцаў. Творы 12-ці фіналістаў і іх імёны слухачы могуць знайсьці на нашым сайце. Я ж назаву першую тройку. Трэцяе месца журы аддала Кастусю Сырэлю за апавяданьне “Малыш”. Другое месца заняў аўтар пад псэўданімам “Пяты” за апавяданьне “Крылаты вершнік”. А пераможцам нашага конкурсу стаў празаік з Гомеля Сяргей Балахонаў за аповесьць-комікс “Пятля зацятасьці”.
Віншуем! Усе фіналісты будуць узнагароджаныя лічбавымі радыёпрыймачамі, а пераможца, Сяргей Балахонаў, атрымае ў падарунак фотаапарат “Кэнан”. Вось як ён адрэагаваў на мой тэлефонны званок з навіной пра сваю перамогу:
Балахонаў: “Цудоўнае адчуваньне. Я рады, канечне, усьцешаны, што так атрымалася. Я, канечне, меў спадзяваньне, што, магчыма, буду сярод пераможцаў, а тое, што гэта спраўдзілася – добра”.
Але гэта ня ўсё. Творы фіналістаў больш за месяц былі выстаўленыя ў інтэрнэце, людзі галасавалі, таму журы вырашыла назваць і ўладальніка прызу чытацкіх сымпатыяў. Я спытаўся ў Сяргея Балахонава, калі б ён сам быў членам журы, каму б ён аддаў свой голас. Вось яго адказ.
Балахонаў: “Алесь Чайчыц, “Трынаццаты пастарунак”. Гэта мне бліжэй было”.
Я рады паведаміць слухачам, што думка Сяргея Балахонва супала з думкай тых, хто галасаваў на нашым сайце. Журы пацьвярджае, што прыз аўтарскіх сымпатыяў – кароткахвалёвы прыймач – на конкурсе “Адзін дзень у БНР 2008” атрымлівае Алесь Чайчыц за апавяданьне “Трынаццаты пастарунак”.
На гэтым літаратурны конкурс Радыё Свабода “Адзін дзень у БНР 2008” абвяшчаем закрытым. Творы ўдзельнікаў даступныя ў электроннай бібліятэцы Радыё Свабода.