Лукашэнка загадаў перанесьці музэй вайны ў Менску

Напярэдадні Дня перамогі Аляксандар Лукашэнка ўхваліў прапанову Менскага гарвыканкаму аб закрыцьці музэя Вялікай Айчыннай вайны на Кастрычніцкай плошчы.
Паводле камітэту архітэктуры Менскага гарвыканкаму, будынак музэю, узьведзены ў 1966 годзе, замінае будаўніцтву 5-зоркавага гатэлю на Кастрычніцкай плошчы. Лукашэнка паабяцаў, што будзе збудаваны новы музэйны комплекс ля стэлы “Менск — горад-герой” на праспэкце Пераможцаў. Наш карэспандэнт высьвятляў, як да прэзыдэнцкіх імправізацыяў ставяцца ўдзельнікі вайны.

Парадаксальна, але ў дзень адзначэньня сьвята Перамогі менскі музэй Вялікай Айчыннай вайны не працаваў. Ад самай раніцы на падыходах да Кастрычніцкай плошчы служба аховы прэзыдэнта ладзіла беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі: тут фармавалася калёна вэтэранаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, з-за чаго былі зачыненыя і блякаваныя ўсе навакольныя адміністратыўныя будынкі.

Удзельнікі шэсьця навіну пра закрыцьцё музэя ўспрынялі надзвычай эмацыйна. Бальшыня апытаных вэтэранаў не маглі паверыць, што такое магчыма. Многія ўпэўненыя, што калі нават улады пачнуць будаваць новы музэй, то да ягонага адкрыцьця мала хто з удзельнікаў вайны дажыве:

“Я, канечне, супраць. Ён ужо быў дзесьці ў 1960-х гадах адчынены, і няхай на гэтым месцы ўжо стаяў бы вечна. А дзесьці пачнуць будаваць, дык гэта доўгая гісторыя будзе. Няхай бы для моладзі памяць засталася. Таму нас такое рашэньне задаволіць ніяк ня можа, тут вэтэраны ўсе як адзін будуць супраць. Прынамсі, маё меркаваньне — хай ён стаіць да стагодзьдзя Перамогі. І надалей таксама”.

Зрэшты да сюрпрызаў напярэдадні сьвятаў вэтэраны маглі ўжо і прызвычаіцца. Да 60-годзьдзя Перамогі Аляксандар Лукашэнка сваім указам перайменаваў два цэнтральныя праспэкты сталіцы. Прычым праспэкт імя Пятра Машэрава, да якога з пашанай ставяцца многія вэтэраны, быў перайменаваны ў праспэкт Пераможцаў. Летась асобныя катэгорыі вэтэранаў былі пазбаўленыя некаторых ільготаў.

Ёсьць і тыя, хто лічыць, што музэю Вялікай Айчыннай вайны насамрэч ня месца паблізу будынка адміністрацыі Лукашэнкі і Палацу Рэспублікі:

“Мне складана сказаць адназначна, але музэю тут таксама ня месца. Зірніце навокал — чаго тут толькі няма? І Палац рэспублікі, і прэзыдэнцкая адміністрацыя, і Дом афіцэраў, і прафсаюзны палац, і штаб ваенна-паветраных сілаў. Ня месца яму тут, бо ён у такім атачэньні папросту не відаць. Ёсьць у Менску месца вельмі шмат, нават у цэнтры, яго можна перасунуць кудысьці ўбок. А тут, у такім атачэньні, гэты музэй сапраўды губляецца”.

Ідэя вынесьці музэй разам з усёй рарытэтнай калекцыяй, прыкладам, на лінію Сталіна, якая паступова пераўтвараецца ў галоўны гонар беларускіх уладаў, падтрымкі на самым версе не атрымала. Учора Лукашэнка заявіў, што трэба будаваць новы музэй. Патэнцыйнай пляцоўкай можа стаць тэрыторыя, прылеглая да стэлы “Менск — горад-герой” на праспэкце Пераможцаў. Кіраўнік краіны лічыць, што за два гады, да 65-годзьдзя Перамогі, будынак музэю збудаваць цалкам рэальна.

Дасьледчык гісторыі Міхась Чарняўскі лічыць, што калі ўжо музэй абнаўляць, то ягоныя экспазыцыі не павінны зацыклівацца на пэрыядзе з 1941 да 1945 гадоў. Ён павінен стаць музэем Другой сусьветнай вайны. Для беларусаў ваенная гісторыя нашмат больш трагічная, чым падаецца ў афіцыйных летапісах:

“Для нас вайна ўсё ж пачалася ў 1939 годзе. Неабходна адлюстраваць усе бакі, паказаць, што грамадзяне Беларусі змагаліся і на заходнім фронце. Увогуле тая вайна на тэрыторыі Беларусі часамі набывала формы грамадзянскай вайны. Гэтая праблема зусім мала дасьледаваная, але ў будучым яна абавязкова дасьледуецца. Праўда, наўрад ці зараз, у цяперашніх умовах, стварэньне такога музэю магчыма. Аднак у будучым, я думаю, калі будзе нешта стварацца, то менавіта з такога гледзішча, калі быць аб'ектыўным. Усё залежыць ад таго, які падыход — шырокі і глябальны або традыцыйны вузкі, савецкі. Але зараз гэта проста такія мары, пакуль гэта фактычна нерэальна”.

Фармальна кіраўніцтва Менгарвыканкама нібыта турбуе тое, што музэй ужо ня здольны экспанаваць вялікую колькасьць матэрыялаў, а ўнутраны дворык настолькі малы, што там не зьмяшчаецца нават самая сьціплая тэхніка ваенных часоў. Аднак, як лічаць экспэрты, разам з клопатам пра вэтэранаў перасьледуюцца і іншыя мэты: на Кастрычніцкай плошчы арабскія інвэстары прапануюць выгадны праект будаўніцтва 5-зоркавага гатэлю, адмовіцца ад якога менскія ўлады ня могуць.