8 траўня апэляцыйная рада Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці пацьвердзіла права МТС на карыстаньне таварным знакам.
Мастак Віктар Маркавец і паэт Алесь Разанаў ад 2007 году спрабуюць давесьці ў судзе сваё аўтарства канцэптуальнай кампазыцыі яйка пасярод квадрату. Гэта супольны праект паэта і мастака, створаны ў 1994 годзе. Цяпер чырвонае яйка ў белым квадраце і белае ў чырвоным — гандлёвы знак кампаніі мабільнай сувязі МТС.
Віктар Маркавец тлумачыць, што МТС атрымалі яйкаквадратавы гандлёвы знак ад брытанскай дызайнэрскай фірмы. Фірма ў дамову з МТС уключыла пункт, згодна зь якім яна не нясе адказнасьці перад трэцімі асобамі. Спадар Маркавец у інтэрвію “Свабодзе” заявіў:
“У МТС такая пазыцыя абароны — простыя формы (да якіх належаць яйкаквадраты) ня могуць быць творамі мастацтва, маўляў, гэта была наіўная спрэчка. Атрымліваецца, што мы нічога ня можам стварыць? Гэта тыповыя адносіны канкістадораў, якія засвойваюць новыя тэрыторыі для нажывы”.
Віктар Маркавец не выключае, што разам з Алесем Разанавым працягне змагацца за права ўласнасьці на “яйкаквадраты”. Мастак падкрэсьлівае, што адстойвае не фінансавы інтарэс, а маральны.