“Эўразьвяз так зьбяднеў, што хоча нажыцца на візах?!”

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 5 траўня, панядзелак

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-375 293-91-22-24.



Шмат сёньняшніх тэлефанаваньняў прысьвечана абвастрэньню беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў.

Спадар: “Вось нейкі амэрыканец заявіў, што іх краіна ня пойдзе на кампраміс зь Беларусьсю. Яно і ня дзіва. Яны ж усе пытаньні вырашаюць з пазыцыі сілы. У іх манія велічы, яны могуць толькі краіны бамбаваць ды санкцыі ўводзіць. Нездарма адна ваша слухачка параўнала Амэрыку з тыграм. А тыгр ніколі ня быў дэмакратам. Ён драпежнік”.

Спадар, Барысаў: “Мяне зачапілі выказваньні слухачоў, якія так “пруць” на Амэрыку. Чым яна ім так насаліла? Памятаю, як у вайну мы елі тушонку і яйкавы парашок, дзівіліся дапамозе. Паступала зброя, аўта. І сёньня ЗША дае бескарысьлівую дапамогу мільёнам, якія галадаюць. Але ж чамусьці недалёкія людзі робяць яе ворагам. Мне шкада гэтых людзей, былых савецкіх зомбі”.

Званкі слухачоў камэнтуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

“Злучаныя Штаты Амэрыкі — сапраўды вялікая дзяржава, створаная хрысьціянамі больш за 200 гадоў таму. Пры яе стварэньні пачынальнікі разумелі свае дзеяньні так, што яны ўсталёўваюць (па-біблейску) “дом на гары, каб усім было відаць”. Больш за 200 год гэтая краіна сапраўды выконвае гэтую ролю. І таму ў яе шмат нядобразычліўцаў, якія зайздросьцяць яе славе, яе багацьцю. У самой Амэрыкі шмат праблем, але ж першымі пра іх гавораць самі амэрыканцы. Гэта сапраўды дэмакратычная краіна, краіна, якая заўсёды гатовая прыйсьці на дапамогу тым, каму дрэнна, кепска. Амэрыка — гэта сапраўды лідэр сёньняшняга глябальнага сьвету. Сёньня афіцыйным Менскам праводзіцца не зусім правільная палітыка адносна Амэрыкі. Замест таго, каб займацца ўласнымі праблемамі, мы перакладаем свае праблемы з хворай галавы на здаровую”.

Наступнае пытаньне радыёслухача тычыцца кошту візаў.

Спадар: “Чаму такая несправядлівасьць? Што, Эўразьвяз так зьбяднеў, што хоча нажыцца на візах для беларусаў?! Нам, беларусам зь літоўскага краю, Польшчы таксама трэба плаціць вялікія грошы, каб заехаць у Беларусь. За пару кілямэтраў трэба плаціць 600 літаў. Задайце пытаньне кіраўнікам Эўразьвязу”.

Сапраўды, украінцы, да прыкладу, плацяць за шэнгенскую візу 35 эўра, а беларусы – 60. Але дэпутаты Эўрапарлямэнту таксама занепакоеныя такой сытуацыяй, і ўтварылі групу, якая дамагаецца зьніжэньня кошту візаў для беларусаў. У складзе групы і дэпутатка Эўрапарлямэнту ад Польшчы Генавэфа Грабоўска:

“Эўрапарлямэнт на апошняй сэсіі ў Страсбуры абмяркоўваў гэтае пытаньне. Мы падалі і пісьмовае абгрунтаваньне з палітычнага пункту гледжаньня, чаму неабходна зьнізіць кошт візаў для беларусаў. Я дапускаю, што ня ўсе калегі падпішуцца пад ім і ня ўсе палітычныя групы яго падтрымаюць. Таму мы з панам Свобадам з Аўстрыі і ангельцам Майкам Кашманам вынесьлі гэтую праблему на дыскусію. Гэта дало плён, бо камісар Эўрапарлямэнту публічна паабяцаў, што праблема будзе разгледжана. Таму цяпер мы маем нагоду праз пэўны час запытацца ў камісара, што камісія зрабіла ў гэтай справе”.

Наступнае тэлефанаваньне-роздум — пры прысуд мастаку Алесю Пушкіну, якога за сьвяткаваньне 25 сакавіка аштрафавалі на 25 базавых велічыняў:

Спадарыня: “Добры дзень. Вось учора пачула, што мастаку Алесю Пушкіну прысудзілі вялізны штраф, больш за 400 даляраў, толькі за тое, што ён частаваў пірагом на пляцы каля свайго дому мінакоў з нагоды сьвята ўгодкаў БНР. Дзе яшчэ такое можа быць, каб за тое, што чалавек частаваў людзей, яму прысудзілі штраф?! Мы жывем у дзікай краіне, якой кіруюць чужынцы. Для іх такое сьвята — амаль злачынства”.

Спадар: “Паважанае Радыё Свабода! Вось ужо амаль паўгода працуе тэлеканал “БелСат”. Аднак ён перадаецца праз слабы спадарожнік Astra, а многія ня могуць прымаць зь яго сыгнал. І мы ўсталявалі талеркі на Sirius, бо абяцалі празь яго перадаваць “БелСат”. Няўжо ці Эўразьвяз, ці ЗША ня знойдуць некалькі мільёнаў, каб вяшчаць праз Sirius?”

На пытаньне слухача “Свабоды” адказвае дырэктар інфармацыйнага вяшчаньня спадарожнікавага тэлеканалу “БелСат” Аляксей Дзікавіцкі:

“Шаноўныя гледачы “БелСату”! Сытуацыя выглядае так, што ніякія дадатковыя мільёны не патрэбныя. Вяшчаньне праз Sirius было закладзенае ў бюджэце каналу яшчэ да пачатку вяшчаньня. І тут у мяне ёсьць добрая інфармацыя, што перамовы зь фірмай, якая валодае спадарожнікам Sirius, ужо скончаныя, засталося некалькі тэхнічных момантаў, афармляецца канчаткова дамова зь юрыдычнага пункту гледжаньня, так што чакаць засталося нядоўга. Гэта такая няўдзячная роля — казаць пра канкрэтную дату, але, думаю, гэта справа некалькіх тыдняў, калі “Белсат” зьявіцца на Sirius’е".