У бібліятэках Беларусі працягваюць ліквідоўваць “амэрыканскія куткі”. Бібліятэкары не хаваюць, што прычыны закрыцьця — палітычныя.
“Амэрыканскія куткі” ў бібліятэках фармаваліся з кніг, якія прэзэнтавала амэрыканская амбасада. На адкрыцьцё куткоў і іх амаль штогадовае папаўненьне выдаткавана больш за 400 тысяч даляраў. Акрамя кніг, бібліятэкам перадаваліся аўдыё- ды відэаматэрыялы, кампутары й іншая аргтэхніка.
Меркавалася, што праз “амэрыканскія куткі” грамадзяне Беларусі даведаюцца больш пра ЗША.
У Магілёўскай абласной бібліятэцы “амэрыканскі куток” праіснаваў каля дзесяці гадоў. Цяпер яго закрылі. У Бабруйскай бібліятэцы імя Пушкіна такі куток пакуль існуе, аднак ягоны лёс няпэўны.
Амэрыканскага кутка больш няма. У сувязі з тым, што ў краіне адбываліся пэўныя падзеі
Пра зьнікненьне “амэрыканскага кутка” з магілёўскай абласной бібліятэкі карэспандэнту “Свабоды” паведамілі яе наведнікі. Паводле іх слоў, куток пазначаўся ў аддзеле замежнай літаратуры адмысловай шыльдай, якой цяпер няма. Чаму зьнікла шыльда, чытачам у аддзеле ня кажуць.
Загадчыца Ала Васіленка ў тэлефоннай гутарцы сказала “Свабодзе”: “Амэрыканскага кутка больш у бібліятэцы няма”. Чаму яго закрылі й што сталася зь перададзенай літаратурай? Спадарыня Васіленка паведаміла наступнае:
“У сувязі з тым, што ў нас у краіне адбываліся пэўныя падзеі. Усё засталося ў фондах бібліятэкі, то бок у аддзеле замежнай літаратуры. Чытачы могуць свабодна карыстацца літаратурай”.
Што гэта за падзеі й калі канкрэтна куток закрылі, загадчыца ўдакладняць ня стала.
Ад 1998 году, калі зьявіўся куток, акрамя літаратуры, амэрыканская амбасада перадала бібліятэцы аўдыё- ды відэаматэрыялы, кампутары й іншую аргтэхніку. Цяперашні кошт кутка перавышае 27 тысяч даляраў.
Кожнае наведваньне Магілёва амбасадары ЗША выкарыстоўвалі, каб дапамагчы бібліятэцы. Так, 23 студзеня 2007 году Карэн Ст’юарт падчас апошняга магілёўскага візыту папоўніла “амэрыканскі куток” мультымэдыйным праектарам, лічбавай камэрай, музычным цэнтрам ды кнігамі. Акрамя таго, бібліятэка атрымала гадавую падпіску на дзесяць усясьветна вядомых часопісаў, сярод якіх “National Geographic”. Агульны кошт амэрыканскага падарунка бібліятэцы склаў 6,5 тысячы даляраў.
Напрыканцы 2005 году амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі Джордж Крол адкрыў амэрыканскі куток літаратуры ў бабруйскай бібліятэцы імя Пушкіна.
Тут чыста палітычныя моманты, а мы, бібліятэкары, гэтым не займаемся. Для нас галоўнае — чытацкі інтарэс.
Ці працуе гэты куток цяпер?
“Так. Пакуль працуе. Былі нейкія размовы, толькі я ня ведаю, чым яны скончыліся”, — паведаміла “Свабодзе” супрацоўніца бібліятэкі.
На адкрыцьцё “амэрыканскіх куткоў” амбасада ЗША патраціла больш за 400 тысяч даляраў. Гэтыя куткі існавалі ў дзясятках буйных гарадоў Беларусі. Цяпер іх закрываюць.
“Тут чыста палітычныя моманты, а мы, бібліятэкары, гэтым не займаемся. Для нас галоўнае — чытацкі інтарэс. Тая літаратура, якую мы атрымалі, я яе проста так не магу ў кнігарні набыць. Яна спэцыфічная, у дапамогу тым, хто вывучае ангельскую мову. Цяпер моладзь, каб атрымліваць адукацыю, яе вывучае, і мы гэта ў фондах маем і даём”, — паведаміла “Свабодзе” бібліятэкарка зь Пінску Ніна Білютавічэне.
Магілёўскі журналіст Генадзь Суднік называе закрыцьцё “амэрыканскіх куткоў” невытлумачальнай недарэчнасьцю:
“Калі ўжо так далей пайсьці з гэтымі куткамі, то наступны крок будзе — вынішчэньне з нашых бібліятэк Гэмінгўэя, Майн Рыда, Марка Твэна, на якіх мы расьлі. Гэта нейкі жах. Гэта нейкая такая прыватная рэакцыя лідэра нашай краіны на непаразуменьні са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Я думаю, што гэта глыбокая, глыбокая недарэчнасьць. Я думаю, што цяпер нехта спахопіцца й зразумее, што гэта трэба спыніць”.
Праграма “амэрыканскіх куткоў” — праект узаемнага супрацоўніцтва паміж урадам ЗША і публічнымі бібліятэкамі Беларусі, накіраваны на задавальненьне інфармацыйных, культурных і адукацыйных патрэбаў насельніцтва рэгіёнаў. Праз такі падыход меркавалася забясьпечыць грамадзянаў Беларусі інфармацыяй пра ЗША. У кутках зьбіраліся калекцыі кніг, відэа- і аўдыёкасэт, CD-ROM і DVD-дыскаў, матэрыялы для вывучэньня ангельскай мовы, разнастайныя публікацыі, быў выхад у Інтэрнэт. У дадатак да інфармацыйнай працы там ладзілі культурна-асьветніцкія імпрэзы.