“Ня варта шукаць праўду пра гібель Марата Казея…”

Грамадзкі рэдактар тыдня – пісьменьнік Валяньцін Тарас.

Журналістам Радыё Свабода грамадзкі рэдактар новага тыдня замовіў падрыхтаваць перадачу: «Ці магчыма выхаваць маладых патрыётаў на тэме Другой сусьветнай вайны». Прагучыць яна 9 Траўня.

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – вядомы беларускі літаратар Валянцін Тарас. 13-гадовым падлеткам ён узяў зброю і стаў партызанам. У пятніцу на ягоную замову прагучыць тэматычная перадача: “Ці магчыма выхаваць маладых патрыётаў на прыкладах Другой усясьветнай вайны”. А сёньня журналіст Аляксандар Уліцёнак гутарыць з Валянцінам Тарасам пра тое, ці варта рамантызаваць дзіцячы гераізм на вайне.

Уліцёнак: “Спадар Валянцін, днямі памерла Герой Сацпрацы, вядомы пэдагог Арыядна Казей, у зьвязку з чым прэса зноў узгадала пра яе брата – легендарнага Марата Казея. І зноў быў аспрэчаны той факт, што ён нібыта падарваў сябе гранатай. Як вы ставіцеся да тэмы дзіцячага патрыятызму падчас вайны?”

Тарас: “Адна са страшных яе праяваў – гэта тое, што нават дзеці вымушаныя былі брацца за зброю і сапраўды ўчыняць нейкія подзьвігі. Дзецям ня месца на вайне. Распавядаць, як ліхалецьце адбілася на іх, трэба, але нельга апяваць гэта. Любавацца гэтым. Захапляцца гэтым – нельга. І нават амаральна”.

Уліцёнак: “І ўсё ж: як вы ставіцеся да спробаў адшукаць вось цяпер праўду: падарваў сябе Марат насамрэч, або загінуў па-іншаму?”

Тарас: “У дадзеным канкрэтным выпадку не зусім важна, ад гранаты яго ня стала ці не… Бо так ці інакш гэты хлопчык загінуў. Прычым у змаганьні з ворагам. Калі нават яго выпадковым стрэлам забіла, гэта ня мае аніякага значэньня. Паўтараю: ня варта. Бо ня мае значэньня…”

Уліцёнак: “Майго бацьку, калі ён быў падлеткам, партызаны за кавалак хлеба выкарыстоўвалі ў якасьці разьведчыка: “Зьбегай у Прысна, глянь, ці ёсьць там сёньня немцы, паліцаі…” А калі ён выпадкова падарваўся, проста паклалі яго пад плот паміраць. Дзякуй Богу, міма выпадкова праяжджаў фэльчар, усумніўся, што хлапчук безнадзейны… Прыблізна такая самая гісторыя ёсьць і ў Васіля Быкава, маю на ўвазе славуты “Круглянскі мост”…

Тарас: “Вось гэтая псыхалёгія бязьлітаснасьці, калі чалавек забывае, што ён мае справу з хлопчыкам, дзіцём. Дарослыя выкарыстоўваюць малога, як матэрыял – нібы міну ці гранату… Спэкулююць на ягонай дзіцячай рамантыцы ці наагул на звычайным неразуменьні таго, што адбываецца – гэта жахліва з маральнага гледзішча, гэта страшная трагедыя вайны, пра якую мы так мала ведаем і якой было столькі многа...

Быкаў жа паказаў тое вельмі здорава: страшна і праўдзіва. І я думаю, што напісанае ім цалкам можна аднесьці ў такім вось псыхалягічным, ацэначным аспэкце і да вашага бацькі.

***

–… Ці можна выхаваць патрыятызм на сёньняшняй афіцыйнай падачы вайны? На "лініях Сталіна", напрыклад?
Нарадзілася новае пакаленьне, у якога ўжо сваё жыцьцё, свой досьвед

– Ні ў якім разе! Але, канечне, спрабуюць... Як спрабавалі й да вайны, ствараючы міты пра грамадзянскую, пра фінскую, якую, па сутнасьці, прайгралі.

– Ці ня праўда, што сёньняшнія вэтэраны – у большасьці носьбіты савецкіх стэрэатыпаў, савецкіх гістарычных клішэ...

– Калі горб мінулага – толькі адзіны паплавок, які трымае чалавека на паверхні жыцьця, што здарылася, на вялікі жаль, зь велізарнай часткай нашых вэтэранаў, гэта бяда... Ім тое жыцьцё і тое страшнае, што ў ім мелася, сёньня падаецца нейкім ледзьве не раем! Бо блытаюць свае ўспаміны пра мінулае са сваёй маладосьцю.

А што рабіць? Дамо ім дажыць! Хай яны пойдуць з жыцьця пад сваімі сьцягамі, са сваім Сталінам. Іх няшчасьце ў тым, што яны вераць ня ўласнаму вопыту, а афіцыйнай гісторыяграфіі, убітым у галовы мітам, а не сабе самім...

– Пасьля сыходу Быкава пра вайну мала хто піша. Чым вы патлумачыце крызыс жанру?

– Нарадзілася новае пакаленьне, у якога ўжо сваё жыцьцё, свой жыцьцёвы досьвед... Новы час ня менш складаны за перажыты нашым пакаленьнем. Гэта ня значыць, што ня трэба і больш ніхто ня будзе пісаць пра вайну – будуць, нават праз трыццаць год. Той, хто яшчэ толькі нарадзіўся, але прачытае і Быкава з Адамовічам, і тое, што знойдуць пасьлязаўтра ў наноў адкрытых архівах... Цалкам можа здарыцца, што выйдзе геніяльны твор...
Хай мы зробімся нармальнай краінай, каб усе, апроч гісторыкаў, забыліся на вайну

Але зараз маё жаданьне іншае: хай мы зробімся нармальнай краінай, каб на нейкі пэрыяд усе, апроч гісторыкаў, забыліся на вайну і заняліся сабой, сваім жыцьцём...

– Ці хацелі б прайсьці на якім-небудзь парадзе поруч з Лукашэнкам?

– Для таго няма аніякіх падстаў. І галоўнае – ён ня мой галоўнакамандуючы... У мяне іншыя – Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч...

Роўна 40 гадоў таму, менавіта ў сьвяточныя дні, на яго пачаўся ціск КДБ: маўляў, загадчык аддзелу прозы часопісу “Нёман” ня мае права весьці “антысавецкія размовы”. Былы партызан стаў асноўным фігурантам так званай “справы Вакулоўскай” ( а кватэры гэтай пісьменьніцы зьбіраліся творцы, якія займалі крытычную пазыцыю ў адносінах да рэжыму, КПСС і КДБ). Рэдакцыя доўга супраціўлялася, аднак у жніўні, калі савецкія танкі ўварваліся ў Прагу, галоўны рэдактар Андрэй Макаёнак усё ж сказаў: “Альбо ты сам напішаш заяву, альбо я буду вымушаны звольніць цябе па пэўным артыкуле…” Адначасова з тэлебачаньня “папрасілі” жонку “нячэснага” літаратара.

Пасьля таго Валянціна Тараса восем гадоў не друкавалі ў Беларусі, забаранілі здымкі фільму на ягоны сцэнар. А самому не давалі дазвол на выезд за мяжу – хацеў знайсьці ў Польшчы сваякоў, якіх закінула туды вайной. З таго часу спадар Тарас і пачаў займацца вольным пісьменствам. Далей ён стаў адным з заснавальнікаў праваабарончага руху ў Беларусі, сябрам Беларускага ПЭН-клюбу, адным з утваральнікаў Хартыі-97.

Не ў пашане Валянцін Тарас і ў новых уладаў. Напрыклад, зараз, калі вэтэраны вайны атрымліваюць віншавальныя паштоўкі, яго ў чарговы раз дэманстратыўна абмінулі ўвагай. Хоць зь лютага 1943 па ліпень 44-га быў у партызанах. На Валожышчыне.